Амерыканскія кангрэсмены заклікалі МАК адкласці зімовыя Алімпійскія гульні ў Кітаі

На думку двухпартыйнай групы Кангрэсу ЗША, у адваротным выпадку гульні 2022 года будуць праходзіць на фоне жахлівых парушэнняў правоў мусульман-уйгураў у Кітаі, паведамляе «Свабода».

Са зваротам у Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) звярнулася група прадстаўнікоў Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партый ЗША.

У лісце, накіраваным у пятніцу, утрымліваецца заклік адкласці Алімпійскія гульні 2022 года ў Пекіне ў сувязі з працягам рэпрэсій супраць мусульман у Кітаі, у прыватнасці, супраць мусульман-уйгураў, якіх улады краіны прымусова адпраўляюць у лагеры для «перавыхавання».

«Мы не бачылі сведчаньняў таго, што МАК распачаў якія-небудзь крокі, каб зрабіць ціск на ўрад Кітаю, каб ён змяніў свае паводзіны, — гаворыцца ў звароце. — У адваротным выпадку МАК створыць негатыўны прэцэдэнт, які палягае ў тым, што дзеянні ўрадаў краін, якія прымаюць Алімпійскія гульні, не будуць прымацца пад увагу міжнароднай супольнасцю».

У двухпартыйную групу падпісантаў ўваходзяць сенатар Джэф Мэрклі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Джым Макговерн (Дэмакратычная партыя), а таксама сенатар Марка Рубіё і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Крыс Сміт (Рэспубліканская партыя).

Аўтары звароту падкрэслілі, што ў кампетэнцыю МАК уваходзіць перанос Алімпійскіх гульняў. Так, напрыклад, летнія Алімпійскія гульні 2020 году ў Японіі былі адкладзеныя з прычыны пандэміі COVID-19.

Паводле звестак праваабаронцаў, з 2016 году ўлады Кітаю змясцілі ў лагеры каля мільёна уйгураў і прадстаўнікоў іншых пераважна мусульманскіх меншасцяў.

У Кітаі заявілі, што цэнтры створаныя «для прафесійнага навучання і для барацьбы з рэлігійным экстрэмізмам».

У адміністрацыі Джо Байдэна кажуць, што не плануюць забараняць амерыканскім спартсменам удзельнічаць у Гульнях у Пекіне, аднак маюць намер выпрацаваць агульны падыход да гэтага пытання з саюзнікамі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: