Amnesty International абвясціла Навальнага вязнем сумлення

Не прайшло і пары гадзін пасля затрымання ў аэрапорце расійскага апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, а праваабарончая арганізацыя Amnesty International ужо абвясціла яго вязнем сумлення.


«Арышт Аляксея Навальнага — яшчэ адно сведчанне таго, што расійскія ўлады спрабуюць заткнуць яму рот. Яго затрыманне толькі падкрэслівае неабходнасць расследавання яго сцвярджэнняў, што ён быў атручаны дзяржаўнымі агентамі паводле загаду з найвышэйшага ўзроўню», — сказала Наталля Звягіна, дырэктар маскоўскага офісу Amnesty International, перадае Радыё Свабода.

Расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага, які прыляцеў з Берліна ў Маскву, затрымалі на пашпартным кантролі ў аэрапорце Шарамеццева ў Маскве.

Пры гэтым яго так хутка імкнуліся ізаляваць, што не паставілі ў пашпарт штамп аб перасячэнні расійскай мяжы. То-бок, дэ-юрэ ён не знаходзіцца ў Расіі. З ім таксама не дазволілі прайсці яго адвакатцы, якая павінна абараняць затрыманага.

Паліцэйскія, што затрымлівалі Навальнага, перадалі яго супрацоўнікам Маскоўскага ўпраўлення ФСВП (Федэральнай службы выканання пакаранняў). Пазней ФСВП апублікавала афіцыйнае паведамленне:

«17 студзеня 2020 года ў аэрапорце Шарамеццева супрацоўнікамі аддзела вышуку аператыўнага кіравання УФСІН Расіі ў горадзе Маскве быў затрыманы асуджаны да ўмоўнага пакарання Аляксей Навальны, які з 29 снежня 2020 года знаходзіўся ў вышуку за шматразовыя парушэнні выпрабавальнага тэрміну. Далейшую меру стрымання Навальнага А. А. вызначыць суд. Да рашэння суда ён будзе знаходзіцца пад вартай».

Перад затрыманнем Навальны заявіў журналістам: «Я цалкам шчаслівы, што прыляцеў, і гэта найлепшы дзень за апошніх пяць месяцаў… Нягледзячы на тое, што Германія — класная краіна. Тут мой дом. Я нічога не баюся, я ведаю, што прайду пашпартны кантроль і паеду дадому. Я ведаю, што я маю рацыю. Я ведаю, што крымінальныя справы супраць мяне сфабрыкаваныя».

20 жніўня 2020 Навальнаму стала дрэнна на борце самалёта, які вылецеў з Томску ў Маскву. Ён страціў прытомнасць, пасля чаго экіпаж здзейсніў экстраную пасадку ў аэрапорце Омска.

Сваякі і паплечнікі Навальнага патрабавалі дазволіць яго адпраўку на лячэнне за мяжу. Навальны апынуўся ў Германіі: улады краіны заявілі, што ён быў атручаны баявым рэчывам групы «Новичок». Прыблізна праз месяц пасля атручвання апазіцыянера выпісалі.

Навальнага не было ў Расіі больш за чатыры месяцы — на падставе гэтага Федэральная служба выканання пакаранняў абвінаваціла яго ва ўхіленні ад абавязкаў умоўна асуджанага ў справе «Іў Рашэ» і запатрабавала замяніць умоўны тэрмін на рэальны.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: