Аналітыкі Bloomberg назвалі выбары ў Еўропе галоўнай пагрозай сусветнай стабільнасці

Хуткія выбары ў Еўропе, а таксама абранне прэзідэнтам ЗША Дональда Трампа ўяўляюць самую вялікую пагрозу сусветнай стабільнасці ў 2017 годзе. Да такой высновы прыйшлі 146 аналітыкаў і экспертаў, апытаныя Bloomberg.
Найбольш высока сярод краін ЕС эксперты ацэньваюць верагоднасць палітычнай нестабільнасці ў бліжэйшыя тры гады ў Грэцыі. Неспакой, паведамляе агенцтва, таксама выклікае рост папулярнасці нацыяналістаў у Польшчы і Вялікабрытаніі.

Акрамя таго, пагрозай сусветнай стабільнасці могуць стаць і выбары ў Францыі і Германіі. Эксперты таксама не выключаюць правядзення датэрміновых выбараў у Вялікабрытаніі.

Другой па значнасці пагрозай сусветнай стабільнасці апытаныя Bloomberg эксперты лічаць палітыку ЗША пасля абрання прэзідэнтам Дональда Трампа. Найбольшую пагрозу, на думку аналітыкаў, уяўляюць сабой планы Трампа знізіць падаткі.

Пры гэтым эксперты адзначаюць, што шэраг перадвыбарчых абяцанняў Трампа, напрыклад пра будаўніцтва сцяны на мяжы з Мексікай, хутчэй за ўсё ніколі не будуць выкананы.

У лік пагроз сусветнай стабільнасці эксперты таксама ўключылі (у парадку памяншэння небяспекі): знешнюю палітыку прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, выхад Вялікабрытаніі з ЕС, глабальныя кібервайны, а таксама перастаноўкі ў кіраўніцтве Кітая.

Апытанне экспертаў і аналітыкаў аб самай вялікай пагрозе сусветнай стабільнасці праводзілася ў межах працы над «даведнікам песіміста», які Bloomberg складае штогод. У даведніку 2016 года, сярод іншага, фігуравалі сцэнары выхаду Вялікабрытаніі з ЕС і перамогі Трампа на выбарах прэзідэнта ЗША.

Паводле meduza.io

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: