Анатоль Грыцэнка — кіраўнік Украіны?

Адным з фаварытаў прэзідэнцкай кампаніі ва Украіне нечакана стаў малавядомы беларусам Анатоль Грыцэнка. Разабрацца, хто такі «Грышч» (так празвалі Грыцэнку простыя ўкраінцы) «Новаму Часу» дапамог кіеўскі журналіст Юрый Палянін.

 Фота www.prportal.com.ua


— Прыкладна з пачатку лета другое месца ў рэйтынгах кандыдатаў у прэзідэнты стабільна займае Анатоль Грыцэнка. Хто ён такі, і дзе крыніцы яго шалёнай папулярнасці?

— Анатоль Грыцэнка — былы прафесійны вайсковец, які сышоў у запас у чыне палкоўніка. На палітычную сцэну ён выйшаў у 2004-м, калі ўвайшоў у выбарчы штаб Юшчанкі. Пасля ўзначальваў Міністэрства абароны, у тым ліку і ва ўрадзе Януковіча. Прыкладна з 2009-га Грыцэнка спрабуе працаваць аўтаномна пад сцягам створанай ім партыі «Грамадзянская пазіцыя». Нейкімі поспехамі былы вайсковец пахваліцца не можа, хаця ў інфармацыйнай прасторы ён быў заўсёды.

Сапраўды, паводле апытанняў, Грыцэнка стабільна ўтрымлівае другое месца з прыкладна 7–9 працэнтамі. Што да крыніц «грыцэнкаманіі» — яны відавочныя. Цікавасць да палкоўніка паўстала па ходзе таго, як частка прыхільнікаў Майдана расчаравалася ў Парашэнку, Яцанюку і іншых палітыках, якія прыйшлі да ўлады ў 2014 годзе. Грыцэнка абяцае выправіць памылкі цяперашняй улады, і нават пасадзіць Парашэнку, захаваўшы пры гэтым стратэгічны курс на Захад.

— Кажуць, што ў мінулыя гады Грыцэнка паміж выбарамі таксама меў добрыя рэйтынгі, аднак па выніках галасавання заўсёды прайграваў.

— Прычына папярэдніх няўдач Грыцэнкі — у адсутнасці рэальных мясцовых структур. То бок, патрэбны актыў, які здольны займацца агітацыяй, мабілізацыяй і не даць канкурэнтам скрасці галасы ў момант падліку. Невыпадкова брэнд «Грамадзянская пазіцыя» абсалютна не вядомы ў глыбінцы, і нават часцяком не асацыюецца з самім Грыцэнкам. У прынцыпе, ёсць меркаванне, што адбудоўваць «машынку» (так называюць партструктуры на жаргоне кіеўскіх палітычных тэхнолагаў) не хоча сам палкоўнік. Уся яго стратэгія пабудаваная на вобразе добрага хлопца. Гэты вобраз ён і спрабуе прадаць выбаршчыку. Такі падыход шмат каго непакоіць. Ва Украіне ўжо быў палітык, які перамог на выбарах з брэндам добрага хлопца. Гэта Віктар Юшчанка, вынікі прэзідэнцкай кадэнцыі якога вельмі сумнеўныя.

— У інтэрнэце пішуць, што ў выбарчую кампанію Грыцэнкі, нібыта, вырашыў інвеставаць асабіста Джордж Сорас.

— Гэта ўсяго толькі чуткі, хаця нельга не адзначыць, што вакол Грыцэнкі апошнім часам пачалася валтузня мікрапартый, актывістаў і арганізацый, якія былі звязаныя з рэсурснымі цэнтрамі Сораса.

— Як Грыцэнка збіраецца вырашаць праблему Данбаса?

— Прапанаваны Грыцэнкам так званы «план дэакупацыі» заснаваны на ідэі, што Захад хутка дацісне Пуціна. У выніку Крэмль пагодзіцца на паэтапнае разгортванне ў Данбасе міратворчага кантынгенту. Пасля цягам 3–5 гадоў будуць падрыхтаваныя ўмовы для вяртання рэгіёну ў склад Украіны. Эксперты, дарэчы, скептычна ацэньваюць такі план. Ён мае шанец на рэалізацыю толькі калі Расія цалкам забудзецца на Данбас, што малаверагодна. Яшчэ больш гэта малаверагодна, калі ўкраінскім гарантам будзе Грыцэнка, на якога ў Расіі распачата крымінальная справа — неяк у эфіры Грыцэнка прапанаваў забіць Пуціна, а пазней заклікаў да дыверсіяў на тэрыторыі Расіі.

— Якія ж выбары ва Украіне без «чорнага піяру»? Ці ёсць у Грыцэнкі шкілеты ў шафе?

— Як правіла, яму згадваюць кіраўніцтва Мінабароны. Кажуць, што тады распродаж ваеннай маёмасці «налева» пабіў усе рэкорды. У тым ліку з-за гэтага ў 2014 годзе ўкраінская армія, нібыта, не змагла адэкватна рэагаваць на падзеі ў Крыме і Данбасе. Але, калі гэта нават праўда, не факт, што кампрамат спрацуе. Колькі грошай было ўкладзена ў стварэнне Алегу Ляшко іміджу гомасексуаліста, але ён усё адно застаецца палітычным цяжкавагавіком. Прычым, электаральны бастыён яго «Радыкальнай партыі» — у райцэнтрах і на вёсцы. А там гамафобія — папросту павальная з’ява.

— На ўкраінскім тэлебачанні папулярны жарт: наступныя выбары ва Украіне абавязкова выйграе Юля. Фішка ў тым, што Юлія Цімашэнка выступае галоўным апанентам Грыцэнкі. А той, у сваю чаргу, жанаты з Юліяй Маставой, рэдактаркай уплывовага штотыднёвіка «Дзеркало Тиждня». Ці можа Юлія Маставая ў выпадку перамогі Грыцэнкі стаць «шэрым кардыналам» прэзідэнцкай адміністрацыі?

— Маставая вядомая як жанчына з моцным і валявым характарам, аднак ёй хопіць розуму, каб не паўтарыць памылак Раісы Гарбачовай. Тут, хутчэй, трэба адзначыць, што «Дзеркало Тиждня» на працягу ўсёй сваёй гісторыі падтрымлівала праамерыканскую лінію. Можна падазраваць, што Маставая мае каналы выхаду на амерыканскую эліту. Таму ў выпадку перамогі Грыцэнкі амерыканскі фактар ва ўкраінскай палітыцы ўзмоцніцца — у параўнанні з тым жа з еўрапейскім. Аднак для гэтага Грыцэнку трэба выйграць выбары. І хоць цяпер ён каціруецца высока, усё можа змяніцца ў любы момант.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: