
Напэўна, у любым грамадстве ёсць незадаволеныя рэжымам асобы, і Саудаўская Аравія тут не выключэнне. Нягледзячы на тое, што краіна літаральна купаецца ў нафтадоларах, грамадскія інстытуты з-за моцных патрыярхальных традыцый развітыя слаба, а ўсе партыі забароненыя, у краіне дзейнічаюць прыкладна 15 апазіцыйных партструктур самага рознага кшталту.
Некаторыя з гэтых структур паўсталі яшчэ ў часы, калі ў 1920-х гадах узнікла дзяржава Саудаўская Аравія. Гэты быў доўгі працэс кансалідацыі мясцовых плямён пад лозунгам вахабізму як дзяржаўнай рэлігіі. Паколькі некаторыя кланы, напрыклад, мясцовыя шыіты, прытрымліваліся іншых плыняў у ісламе, аўтаматычна ўзнікалі падставы для антысаудаўскіх настрояў, якія трансліраваліся праз пакаленні.
Напрыклад, з аднаго з кланаў, які доўга бунтаваў у 1920-я гады, паходзіць Джухайман ібн Мухамад ібн Сайф аль-Утайбі, які разам з прыхільнікамі ў 1979 годзе захапіў святую для мусульман мячэць у Мекке. У ходзе штурму захопленай мячэці Джухайман быў забіты. Да тэракту яго падштурхнула думка пра тое, што пануючы ў Аравіі манархічны лад нейкім чынам супярэчыць канонам ісламу. Прыкладна з падобных пазіцый выступае шэраг іншых апазіцыйных партый — Рух за ісламскія рэформы, «Хезбала» і г.д.
Хаця практычна ўсе апазіцыянеры крытыкуюць манархічны лад, менавіта каралеўская дынастыя вельмі часта станавілася крыніцай дысідэнцтва. Напрыклад, у 1950-я гады адзін з маладых прынцаў захапіўся ідэямі Насера і іншых лідараў панарабскага адраджэння. Вакол арыстакратычнай асобы паўстала група аматараў канстытуцыйнай рэформы і крытыкаў праамерыканскай арыентацыі краіны. Закончылася гэта тым, што прынца па сутнасці прымусілі эміграваць. Дзякуючы панарабскай рэвалюцыі, якая мела левы і антыімперыялістычны характар, у Аравію таксама патрапілі камуністычныя ідэі. А напрыканцы 1960-х гадоў нават паўстала падпольная арганізацыя камуністаў. Паколькі арабскія паслядоўнікі Леніна актыўна крытыкавалі рэжым за дыскрымінацыю шыітаў, у шэрагі камуністаў ахвотна ўступалі выхадцы з шыіцкай камуны. У той жа час паўсталі сацыялістычныя партыі, напрыклад, секцыя партыі БААС, якая па сутнасці працавала на сірыйскія спецслужбы.
У 1970-я гады фармаванню апазіцыйных настрояў спрыяў і сам кароль Файсал, які запусціў праграму мадэрнізацыі краіны. Для гэтага спатрэбіліся спецыялісты з дыпломамі еўрапейскіх і амерыканскіх універсітэтаў. З Захаду маладыя арабы прывозілі не толькі веды, аднак таксама ідэі дэмакратыі, іншы лад жыцця і г.д. Паступова вестэрнізацыя арабскай моладзі і сярэдняга класа выйшла за рамкі моды на заходнія мадэлі спажывання і пачала набываць палітычнае вымярэнне.
У 1993 годзе на базе акадэмічных колаў быў заснаваны Камітэт за абарону законных правоў (CDLR) — першая група ў Саудаўскай Аравіі, якая пачала крытыкаваць рэжым менавіта за парушэнні міжнародных канвенцый, якія тычацца правоў чалавека. Пасля таго, як лідара CDLR адправілі за краты, Amnesty International арганізавала кампанію і дабілася яго вызвалення. У 2005 годзе ўлады Саудаўскай Аравіі патрабавалі ад ЗША і Вялікабрытаніі прызнаць праваабаронцаў, якія на гэты час у большасці эмігравалі на Захад, «тэрарыстычнай арганізацыяй».
Фармаванне праваабарончага руху выявіла адну з самых вялікіх праблем. Паколькі Саудаўская Аравія — стратэгічны саюзнік Захаду, яго лідары не вельмі ахвотна крытыкуюць саудаўскіх манархаў нават за самыя брутальныя парушэнні правоў чалавека. Апошні скандал на гэтую тэму выбухнуў у сакавіку, калі нягледзячы на патрабаванне грамадскасці, нямецкі дырэктар МЗС не рызыкнуў падтрымаць палітвязняў падчас візіту ў Эр-Рыяд.
Арабская вясна актывізавала грамадскасць Саудаўскай Аравіі. Напрыклад, у 2011 годзе паўстала Ісламская партыя Умы, якая публічна патрабавала рэгістрацыі сваёй структуры. Натуральна, пасля такога ўсіх лідараў партыі арыштавалі. Ва ўсходняй правінцыі Аравіі, якая мяжуе з Бахрэйнам, пад уплывам тамтэйшых масавых пратэстаў паўстала нават кааліцыя рэфармісцкіх сіл. Адным з арыгінальных рэцыдываў арабскай вясны ў Саудаўскай Аравіі стала актывізацыя руху за права жанчын кіраваць машынамі. Пратэстуючы супраць забароны на кіраванне, жанчыны пачалі публічна садзіцца за руль. За кароткі час у краіне было арыштавана 70 жанчын-кіроўцаў. Арганізатарку руху ў выніку нават прысудзілі да 10 бізуноў, хаця пасля пакаранне адмянілі.
Трэба нагадаць, што, пачынаючы з 1990-х гадоў, пры каралеўскім двары рабіліся спробы фармавання своеасаблівых аналагаў кансультатыўнага органу. Іншымі словамі, улада сама разумела, што закансерваваць сітуацыю назаўжды не ў стане. Аднак, як бачым, у выніку падобных імітацый рэформаў аказалася недастаткова для падтрымання лаяльнасці, асабліва сярод шыіцкай грамады, да якой належыць насельніцтва правінцыі Наджран. Як толькі ў Емене пачаўся канфлікт сунітаў і шыітаў, ён перакінуўся на суседнія аравійскія тэрыторыі. Паўстанцы, якія без сумневаў звязаныя з Іранам, ужо заявілі, што іх правінцыя выходзіць са складу Саудаўскай Аравіі.
Пакуль інфармацыі з зоны паўстання няшмат, аднак расійскія СМІ ўжо ацанілі яго як ледзь не пачатак канца галоўнага саюзніка ЗША ў арабскім свеце. «Паўстанне ў Наджране мяняе баланс сіл на Аравійскім паўвостраве на карысць Ірана (у стратэгічным плане — на карысць геапалітычнай восі Масква—Пекін—Тэгеран). Кааліцыя ЗША і Саудаўскай Аравіі атрымала цяжкі ўдар, галоўны саюзнік Вашынгтона на Блізкім Усходзе знаходзіцца на мяжы распаду», — піша адно з прапуцінскіх выданняў Расіі. Аднак, думаецца, сітуацыя на Поўдні Аравійскага паўвостраву больш складаная, і рабіць нейкія глабальныя высновы яшчэ рана.