«Арэнду паднялі ў шэсць разоў — я проста стаміўся». У Гродне закрыўся «Цікавы музей»

Адзін з нешматлікіх прыватных музеяў Гродна — «Цікавы музей» — закрываецца. За месяц арэндная плата для музея вырасла ў шэсць разоў. Уладальнік не можа больш утрымліваць музей, які і раней працаваў на ўзроўні самаакупнасці. Карэспандэнтка Hrodna.life паразмаўляла з яго гаспадаром пра бюракратыю, бізнес, калекцыі і планы.

«Я ўжо перажыў гэта. Спачатку было сумна», — уладальнік Алег Ёрш паліць і паказвае рэшткі экспазіцыі. У музеі было больш за 600 экспанатаў — прадметаў побыту XIX-XX стагоддзяў з розных краін. Тры сцяны са старадаўнімі прасамі, радыё, грамафоны, патэфоны, фанографы, кухоннае начынне, калекцыя падшклянкаў. Цяпер тут — пустыя стэлажы, сляды ад манжетных прасікаў на паліцах, пад поліэтыленам адгадваюцца запакаваныя экспанаты. Адзін бус рэчаў ужо вывезлі, будзе яшчэ два. 

Гаспадар музея — гродзенскі калекцыянер Алег Ёрш

Алег — гродзенец. Яму 51 год. Сваю калекцыю, частка якой была выстаўленая ў музеі, ён збіраў амаль палову жыцця. Таксама ён сябра Саюза дызайнераў Беларусі, займаецца трэш-артам [стварэнне прадметаў мастацтва са смецця. — Заўв. рэд.].

Частка калекцыі ўвесь час удзельнічае ў выставах па Беларусі. У Гродне ў 2020 годзе прайшло пяць выстаў з яго удзелам, у 2021 — адна. Музей на Замкавай, 18 працаваў тры з паловай гады.

Калекцыю з 330 падшклянкаў перадала Алегу жонка яго хворага сябра: «Кажа, забірай, калі хочаш, будзеш выціраць пыл». Алег ахвотна распавядае, адкуль экспанаты, як зроблены. Некаторым з іх па 200 гадоў 

Арэнда вырасла ў шэсць разоў

Два пакоі агульнай плошчай 40 квадратных метраў музей арандуе ў горада (камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Гродзенскі цэнтр нерухомасці» пры гарвыканкаме). Дамова арэнды ў музея да 2023 года. Паніжальны каэфіцыент на арэнду быў 0,5. Рашэнне пра яго прымае спецыяльная камісія ў гарвыканкаме. У 2020-м ільготы музею працягнулі ўсяго на год, да сярэдзіны сакавіка 2021-га. Дамова скончылася, і каэфіцыент арэнды на памяшканне ў цэнтры аўтаматычна стаў 3, як для любой камерцыйнай структуры. 

Алег Ёрш вырашыў, што спрабаваць дамовіцца няма сэнсу

Праз гэта арэнда вырасла ў шэсць разоў. Раней яна складала 96 рублёў на месяц, за сакавік налічылі 377 рублёў, а ў рахунку-фактуры за красавік — ужо 581 рубель. Гаспадар музея падняў кошт уваходнага квітка з 5 рублёў для дарослых і 2,5 для дзяцей да 8 і 4 рублёў адпаведна, але гэта не выратавала.

24 сакавіка Алег Ёрш падаў дзве заявы: на зніжэнне арэнднай платы і на скасаванне дамовы арэнды — на выпадак, калі паніжэння не будзе. Пасяджэнне ў гарвыканкаме павінна было прайсці 2 красавіка. «Але КУП „Нерухомасць“ [«Гродзенскі цэнтр нерухомасці». — Заўв. рэд.] нёс заяву цэлы тыдзень — 500 метраў», — абураецца Алег. Яму сказалі, што пасяджэнне прайшло раней, і яго пытанне перанеслі на іншае пасяджэнне. Зніжэнне арэнды маглі працягнуць ці не. «Я застаўся ў падвешаным стане, не ведаючы, што будзе заўтра». Тыдзень таму Алег прыняў рашэнне зачыняцца. 

Да перспектыў бізнесу ў Беларусі ў бліжэйшы час ён ставіцца з песімізмам

Цяпер тут — пустыя стэлажы, сляды ад манжетных прасікаў на паліцах

«Дзяржаўныя музеі датуюцца дзяржавай, нам жа — ніякай дапамогі. Яна была толькі ў перыяд пандэміі: мінус пяць працэнтаў ад арэнды [у выпадку «Цікавага музея» — каля 5 рублёў. — Заўв. Hrodna.life] для сферы турызму. Цяпер жа ўсё наклалася адначасова», — тлумачыць Алег.

«Мне проста ўсё надакучыла»

Першы час пасля адкрыцця было больш выдаткаў, потым музей пачаў выходзіць у нуль. «Вельмі нядрэнна працаваў бязвіз, да 2020 года было 50% замежнікаў», — распавядае Алег. У 2020 на нулі ўдалося ўтрымацца за кошт росту ўнутранага турызму. Працавалі ў скарочаным рэжыме: пятніца, субота, нядзеля. З красавіка 2021 года планавалі вярнуцца да звычайнага графіку. 

Алег Ёрш: «Гэта спіс кантор, якім я павінны плаціць»

Сярод выдаткаў акрамя арэнды — зарплата экскурсаводу, адлічэнні ў фонд сацабароны, папаўненне калекцыі. Ёсць яшчэ таварыства ўласнікаў памяшканняў па абслугоўванні будынка. Сярод яго членаў — і прыватныя асобы, і гарвыканкам. Трэба плаціць зарплату старшыні і бухгалтару. Таварыства з’явілася два гады таму. Да гэтага за будынак адказвала Унітарнае жыллёвае рамонтна-эксплуатацыйнае прадпрыемства (УЖРЭП). Для музея выдаткі на ўтрыманне таварыства сталі амаль такія ж, як на арэнду. Алег Ёрш не плаціў, вёў перапіску, патрабаваў справаздачны сход па дзейнасці. Ён лічыць, што гэтая камерцыйная структура — навязаная, тарыфы завышаныя, а дзейнасці амаль няма. Цяпер, пры закрыцці музея, заплаціць ўсё ж давядзецца.

«Калі я ўбачыў жыроўку, калі мне ў шэсць разоў паднялі арэнду… Гэта не лічачы войнаў з таварыствам, сходаў… Мне проста ўсё гэта надакучыла».

У кнізе водгукаў большасць запісаў за апошні час — ад мінчан. Гродзенцаў мала. Школьныя экскурсіі музей таксама практычна не наведваюць. Настаўнікі тэлефанавалі, запісваліся, потым адмянялі экскурсіі. Паводле яго слоў, выявілася, што ідэолагі сочаць, каб вучняў вадзілі ў дзяржаўныя, хай і ў шосты раз, але не ў прыватныя музеі. Пасля выбараў кантроль асабліва ўзмоцніўся. 

На глобусе адзначана, з якіх краін прыязджалі наведвальнікі. Самае далёкае месца — Ванкувер, былі з Аўстраліі, шмат — з Расіі

Музей — «хлопатная справа» 

Шукаць новае памяшканне Алег Ёрш не будзе. Кажа, што арганізоўваць музей цяпер — «хлопатная справа». На днях ён атрымаў прапанову супрацоўніцтва. Яшчэ да пандэміі, у 2019 годзе, яму прапаноўвалі перавезці экспанаты пад Маскву, на Залатое кальцо Расіі, або арганізаваць музей у цэнтры Масквы. «Тады паставіўся скептычна: мне і дома нармальна. Зараз пагляджу — ці калекцыя застанецца ў горадзе, ці з’едзе ў Расію», — дзеліцца планамі калекцыянер. 

За вокнамі апусцелага музея чуваць, як трубач грае на пажарнай каланчы праз вуліцу. Паводле традыцыі пажарных гэта значыць, што ў горадзе ўсё спакойна

Іншыя праекты

Бар «На проводе» на вуліцы Тэлеграфнай — яшчэ адзін бізнес Алега Ярша ў Гродне. У інтэр'еры — экспанаты з калекцыі на тэму сувязі і тэлеграфіі, перад уваходам стаіць старая тэлефонная будка. Бар адчыніўся перад самымі выбарамі ў жніўні 2020.

Пакуль установа працуе ў мінус. Зімой бар працаваў у скарочаным рэжыме, зараз адкрыты штодня. З’явіліся пастаянныя наведнікі, абароты растуць. Тым не менш, Алег дапускае яго продаж і ўжо пачаў вывучаць попыт. Кажа, рашэнне будзе прымаць пазней — трэба маральна адпачыць пасля закрыцця музея. 

«Пакуль ўстанова працуе ў мінус. Зімой бар працаваў у скарочаным рэжыме, зараз адкрыты штодня. З’явіліся пастаянныя наведнікі, абароты растуць». Тым не менш, Алег дапускае яго продаж і ўжо пачаў вывучаць попыт. Кажа, рашэнне будзе прымаць пазней — трэба маральна адпачыць пасля закрыцця музея.

Сярод нерэалізаваных планаў засталося афармленне найстарэйшай гродзенскай цырульні на Савецкай, 1. «У мяне ёсць цэлая экспазіцыя па цырульні, хацеў дапамагчы зрабіць яе ў рэтра-стылі», — распавёў калекцыянер. Цяпер цырульня «Антэй», дзе стрыгся Васіль Быкаў, зачыняецца. Адна з прычын — іх абавязваюць памяняць акно, дзверы, не хочуць зніжаць арэнду.

Яшчэ ў 2018 годзе, пасля двух з паловай гадоў працы, закрыўся прыватны музей праса на Савецкай. Алег Ёрш быў кампаньёнам уладальніка. Тады здарылася прыкладна тое ж: не пацягнулі арэнду. Сродкі і намаганні, укладзеныя ў рамонт запушчанага памяшкання, гарадскія ўлады кампенсаваць не захацелі.

Экскурсавод: «Гэта страта для горада»

Музей сапраўды карыстаўся папулярнасцю, распавёў гродзенскі экскурсавод Міхаіл Нарынкевіч. Яго закрыццё ён лічыць стратай для Гродна.

«Гэта добры фармат для нашага горада, туды прыходзілі з сем’ямі, я заўсёды рэкамендаваў. Чым больш музеяў і культурных прастор — тым лепш. Цяпер людзям цікавы інтэрактыў, не проста паглядзець на прас, але і даведацца пра яго гісторыю. Музей быў адзін з найлепшых у горадзе», — лічыць экскурсавод.

Міхаіл спадзяецца, што ўладальнік закрытага музея накіруе энергію ў свой іншы праект — бар-музей «На проводе». На яго думку, дзякуючы канцэпцыі гэта найлепшая ўстанова горада, якую можна параўнаць з папулярнымі ў турыстаў барамі Львова. 

 Асноўная тэматыка калекцыянера — прасы. Так «Цікавы музей» выглядаў раней. Фота прадаставіў Алег Ёрш

За год — тры разы выйшаў у плюс. Крызіс для прыватных музеяў

З 12 месяцаў 2020 года толькі тры выйшлі ў плюс, астатнія прынеслі толькі страты, распавёў Hrodna.life Ігар Лапеха, уласнік «Grodno-Mini» — аднаго з двух прыватных музеяў, якія засталіся ў Гродне. Прыбытак прынеслі студзень і люты — да пачатку пандэміі, і ліпень — калі пачалі прыязджаць замежныя турысты пасля першай хвалі каранавіруса і да абвастрэння палітычнага крызісу ў Беларусі. Больш за ўсё грошай у яго сыходзіць на ацяпленне і іншыя камунальныя плацяжы.

Музею гісторыі гарадскога быту Януша Паруліса таксама павышаюць арэнду. Пакуль гаспадар пакрывае выдаткі за свой рахунак, каб захаваць музей, піша «Белсат».

Сітуацыя характэрная не толькі для Гродна. У Мінску ў бестэрміновы адпачынак з 4 красавіка пайшоў інтэрактыўны музей мініяцюр беларускай архітэктуры «Краіна міні». Ён размяшчаўся ў самым цэнтры горада, у будынку Палаца прафсаюзаў.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: