«Захад непрызвычаены да палітыкі Лукашэнкі»

Магчыма здзейсніць рэвалюцыю або перамены ў краіне сіламі дэмакратычнай апазіцыі, інтэлігенцыі, студэнтаў ці для гэтага патрэбныя рабочыя, шырокія масы народу, як было ў Польшчы? 

cipe.org


Сяргей Пеляса паразмаўляў з Ежы Бароўчакам, дэпутатам польскага Сейму, які ў 80-я гады быў адным з галоўных арганізатарам страйкаў супраць камуністычных уладаў у Гданьскай карабельні.

Магчыма здзейсніць рэвалюцыю або перамены ў краіне сіламі дэмакратычнай апазіцыі, інтэлігенцыі, студэнтаў ці для гэтага патрэбныя рабочыя, шырокія масы народу, як было ў Польшчы?

У Польшчы спачатку доўга пратэставалі рабочыя. Гэтак было ў 1956-м, у 1970-м і ў 1976-м. У самых рабочых не атрымлівалася зрабіць рэвалюцыю. І наш досвед гаворыць, што каб зрабіць рэвалюцыю, каб змагацца за свабоду, патрэбныя і рабочыя, і інтэлігенцыя, і ўсе грамадскія групы. Улады не маглі маніпуляваць, кажучы, што рабочыя – гэта лайдакі, пісьменнікі хай пішуць, а студэнты мусяць вучыцца. У Гданьскай карабельні мы былі ўсе: рабочы Валэнса, інтэлігент Гвязда, Грушэўскі з політэхнічнага інстытуту і рэжысёр Анджэй Вайда страйкаваў з намі таксама. Нашая сіла была ў тым, што мы былі ўсе разам.

У Беларусі ёсць праблема з тым, што апазіцыя падзеленая і разбітая. Як вам у цяжкіх умовах камуністычнай сістэмы ўдалося не разбіць польскай салідарнасці?

У Польшчы было некалькі апазіцыйных арганізацыяў: камітэт абароны рабочых, рух Маладой Польшчы, свабодныя прафсаюзы. У той час супраца не была ідэальная, але яна нарадзілася падчас страйку ў карабельні. Там было 17 тысячаў рабочых. Туды прыйшлі свабодныя прафсаюзы з Валэнсай, Камітэт абароны рабочых з Богданам Барусэвічам ці з Рух Маладой Польшчы з Арамам Рыбіцкім. І тады за сілай і гэтых рабочых зʼявілася надзея, што цяпер мусіць атрымацца. І не ўдалося разбіць гэтай салідарнасці, нават калі народныя ўлады ўвялі ваеннае становішча.

У Беларусі цяпер працягваюцца пратэсты ў форме вулічных дэманстрацыяў і мітынгаў. Наколькі такі сродак эфектыўны ў палітычнай барацьбе? Ці ў польскім досведзе ёсць больш эфектыўныя метады змагання за свае грамадзянскія правы?

Мы таксама пачыналі з дэманстрацыяў. Улады спрабавалі перашкаджаць. На гадавіну забойства 50-ці рабочых у снежні ўлады давалі выходны. Рабочыя ўсё адно прыязджалі да карабельні і дэманстравалі. Гэта добрая форма пратэсту, бо паказвае людзям, што яны не самотныя, што іншыя выходзяць – можна пабачыць, колькі нас разам. Але для таго, каб змагацца з дыктатурай, патрэбныя моцныя пратэсты, а не толькі вулічны спакойны пратэст. Для гэтага патрэбны ўдзел усіх асяродкаў, каб яны агучвалі сваю пазіцыю, каб яны абʼядноўваліся вакол свабоды. Маніфестацыі – гэта добра, але для барацьбы з такой дыктатурай, як у Беларусі, патрэбныя рабочыя, сяляне ды інтэлігенцыя.

Сімвал пратэсту ў Польшчы – страйк: Гданьская карабельня ды іншыя прадпрыемствы. Што мусіць адбыцца, каб пачаліся масавыя страйкі?

Людзі мусяць паверыць, што можна перамагчы. Улады ў нас у карабельні пасля 1970-га года адрэагавалі вельмі жорстка. Стралялі ў рабочых. Калі мы страйкавалі ў 1976-м, людзі баяліся. У 1980-х таксама яшчэ баяліся, але калі ўбачылі, што мы не выходзім з прадпрыемства, а зачыняемся ў сваёй фабрыцы і не дазваляем сябе справакаваць, тады ўлады мусілі ўлічваць наш інтарэс. Яны ўжо не маглі заявіць, што гэта абібокі і лайдакі, якія змагаюцца з сацыялізмам. А мы – не. Мы казалі, што хочам годнасці, правоў, нармальных прафзвязаў і лепшых заробкаў. Сярод трох патрабаванняў карабельні два былі пра заробкі. Мы патрабавалі павышэння заробкаў, бо ўвесь час раслі цэны. Растуць цэны – павышайце заробкі. Таму мы атрымалі такое вялікае падтрыманне. Калі б мы сказалі рабочым, што хочам змагацца з уладамі, з сацыялізмам, магчыма, яны б нас не падтрымалі.

Цікава, што ў Беларусі таксама ёсць тры патрабаванні. Два – эканамічныя і апошняе –палітычнае: свабодныя выбары. Як страйк уплывае на ўлады? Наколькі гэта эфектыўны сродак?

Гэта вельмі эфектыўны сродак, які паралізуе ўлады. Улады страчваюць, так бы мовіць, уладу. Яны не могуць сказаць: ідзіце на працу. Гэтак было ў Гданьску. Усё стаяла: карабельні, трамваі, аўтобусы. Мы забаранілі прадаваць гарэлку і мы кіравалі. Улады рэзка ўбачылі, што праз партыю яны не ўплываюць на рабочы клас. І таму яны селі з намі за стол, бо сітуацыя для іх магла закончыцца, як у Румыніі.

Якія ёсць небяспечныя моманты, пагрозы, калі арганізоўваеш страйк? Напрыклад, замена страйкоўцаў штрэйкбрэхерамі, звальненні, запалохванні. Як гэтаму супраціўляцца?

Супраціўляцца можна тады, калі страйкоўцаў будзе больш, і яны не дазволяць. Можна ж страйкаваць каля сваіх аўтаў, можна страйкаваць у аўтобусах лакаматывах. Людзі мусяць адчуваць, што вакол стаяць калегі ды не пусцяць штрэйкбрэхераў да сваіх станкоў, за якімі яны працуюць.

У Польшчы канфрантацыя паміж камуністычнай уладай і грамадствам прывяла да круглага стала. Гэта ўжо польская марка. Так не было ў Румыніі, не было, на шчасце, вялікай крыві. Якія трэба стварыць умовы, каб улады Беларусі прымусіць да дыялогу з грамадствам?

У Польшчы атрымалася таму, што ў нас была салідарнасць іншых дзяржаваў. Тады заходнія дзяржавы не глядзелі, што яны страцяць у палітыцы за Савецкім Саюзам. Яны былі салідарныя з намі. Быў прэзідэнт Рэйган, былі нямецкія, аўстрыйскія ці швейцарскія ўлады, якія нам дапамагалі. Мы адчувалі іх подых за плячыма. У гэтым сэнсе сённяшні свет крыху кепскі. Цяжка дамагчыся салідарнасці. Сёння ў свеце мая хата з краю, а хай сабе тое ў Беларусі. На Захадзе не прызвычаеныя да жорсткай барацьбы, там інтэлігентныя людзі. Захад не прызвычаены да такой палітыкі, якую вядзе Лукашэнка. І мы шкадуем, што ёсць гандаль, продаж, што заходнія лідары гатовыя здрадзіць кожнай дзяржаве.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: