Армянскі «Бандэра» або самы гуманны філосаф?

Падаецца, што гістарычная памяць у постсавецкіх краінах ператвараецца ў перашкоду для еўразійскай інтэграцыі. Самы апошні прыклад — скандал вакол Гарэгіна Нждэ.

Фота www.kp.by

«Мы напярэдадні святкавання 75-годдзя Перамогі. Мы не можам дазволіць, каб на прасторы СНД узводзіліся помнікі фашыстам», — разышоўся прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў на нядаўняй цырымоніі з нагоды стогадовага юбілею Бакінскага ўніверсітэта. Яго словы былі адрасаваныя ўладам Арменіі, у сталіцы якой у 2016-м быў узведзены шасціметровы помнік Гарэгіну Нждэ.

Паводле біяграфіі гэтага чалавека, напэўна, можна зняць някепскі серыял. За сваё жыццё Гарэгін Нждэ, што нарадзіўся ў 1886 годзе, паспеў паўдзельнічаць у антыцарскім падполлі, рэвалюцыі ў Персіі, паваяваць у складзе балгарскай арміі падчас Балканскай вайны, а пасля, у гады Першай сусветнай — у складзе рускай арміі, за што нават атрымліваў узнагароды. Але найбольш Нждэ праславіўся ў часы армяна-турэцкай вайны ў 1918-м. Папулярная версія, што менавіта яго атрад спыніў наступ асманаў. Калі ў Арменію прыйшлі «чырвоныя», Нждэ арганізаваў партызанку, а пасля эміграваў у Балгарыю.

У фокусе сучасных гісторыкаў знаходзяцца флірт Гарэгіна Нждэ з нацыстамі. У пачатку 1940-х гадоў ён удзельнічаў у стварэнні армянскіх ваенізаваных частак у складзе Вермахта, а ў 1942-м уваходзіў у склад Армянскага нацыянальнага савета, створанага пры нямецкай адміністрацыі. Нждэ і іншыя чальцы савета ўдзельнічалі ў агітацыі сярод савецкіх ваеннапалонных-армян з мэтай фарміравання Армянскага легіёна. Легіянеры пазней удзельнічалі на баку Вермахта ў баях на Паўночным Каўказе. Адначасова ў самой Армянскай ССР па лініі савета была створана агентура, якая працавала на Берлін. Акрамя таго, чальцы савета намагаліся (праўда, без поспехаў) пераканаць кіраўніцтва Трэцяга Рэйху прызнаць армянаў арыйскай нацыяй. Варта адзначыць, што Нждэ і да вайны меў вялікія праблемы са сваёй партыяй Дашнакцуцюн, якая падазравала яго ў сімпатыях да фашызму.

Усё апісанае Нждэ, натуральна, узгадалі, пасля таго, як Чырвоная Армія ўвайшла ў Балгарыю, дзе ён тады знахо­дзіўся. Нягледзячы на спробы прымірыцца з Саветамі, яго арыштавалі і праз Лубянку адправілі на гістарычную радзіму, дзе над ім быў арганізаваны паказальны судовы працэс. Зразумела, паводле прысуду Нждэ атрымаў «вышку». Але на той момант смяротнае пакаранне ў СССР было забароненае, і расстрэл замянілі на 25 гадоў турмы. Там вязень захварэў і памёр у 1955 годзе.

Пасля рэстаўрацыі незалежнасці Арменіі пачаўся працэс рэабілітацыі Нждэ, якога абвясцілі нацыянальным героем. У краіне сталі называць у яго гонар вуліцы і плошчы, ставіць манументы, здымаць фільмы, выпускаць кніжкі. Некаторыя нацыяналісты нават кажуць, што «Нждэ — найвялікшы гуманны філосаф і палкаводзец усіх часоў і народаў».

На калабарацыю Нждэ часоў вайны намагаюцца глядзець у ракурсе таго, што армянам у той час пагражала фізічнае знішчэнне. У выпадку выхаду немцаў у Закаўказзе паўставала пагроза інтэрвенцыі Турцыі ў савецкую Арменію, ліквідацыя армянскай дзяржаўнасці і вялікай часткі этнасу. Пасля вайны ў лісце на адрас Сталіна Нждэ тлумачыў сваё супрацоўніцтва з немцамі жаданнем выратаваць армян ад лёсу яўрэяў. Усё гэта дазваляе фанатам Нждэ заявіць: яго дзейнасць у перыяд Другой сусветнай вайны, маўляў, не нанесла лагеру антыгітлераўскай кааліцыі нейкіх істотных стратаў.

У прынцыпе, такая фармулёўка падзяляецца цяперашнімі армянскімі ўладамі. «Для нас Гарэгін Нждэ і Іван Баграмян (маршал Савецкага Саюза) маюць аднолькавую каштоўнасць як гістарычныя постаці. Яны змагаліся за Арменію, за армян», — сказаў Нікол Пашынян, каментуючы ідэю Аліева арганізаваць сумесную камісію па вывучэнні спадчыны Нждэ.

Адначасова Ерэван пачаў контратаку. Баку нагадалі пра мясцовага героя Мамеда Расулзадэ, палітычнага дзеяча першай Азербайджанскай Рэспублікі. Падчас Другой сусветнай Расулзадэ быў запрошаны для «перамоваў і кансультацый» у Берлін у рамках фарміравання нацыянальных легіёнаў пры вермахце і СС. Перамовы скончыліся безвынікова, але факт рандэву гісторыкі не аспрэчваюць.

Жарсці вакол спадчыны Нждэ перайшлі Каўказскія горы. 30 лістапада ў расійскім Армавіры муніцыпалітэтам была дэмантаваная памятная шыльда ў гонар Нждэ, якую адкрыла армянская дыяспара. Дэмантажу папярэднічаў перформанс аднаго з дэпутатаў-патрыётаў, які спрабаваў знішчыць шыльду самастойна. Армянскі МЗС асудзіў учынак, а ў армянскай сталіцы ў знак помсты аблілі фарбай помнік Грыбаедаву.

Як будуць мірыцца Ерэван і Масква, пакуль не зразумела, бо адмова ад культу Нждэ ў Арменіі малаверагодная.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: