Аўгуста Піначэт: генерал д’ябла

Да гэтага ваеннага, дзяржаўнага і палітычнага дзеяча наўрад ці хто ставіцца нейтральна. Адны лічаць яго месіяй, выратавальнікам нацыі, які не даў сваёй краіне ператварыцца ў другую Венесуэлу. Іншыя, наадварот, закідваюць яму залішнюю жорсткасць, фізічнае знішчэнне сваіх палітычных апанентаў, шокавыя рэформы, што паставілі пэўную частку грамадства на мяжу фізічнага выжывання.


У СССР з яго стварылі сапраўднага монстра, маці пужалі ім сваіх дзяцей. Роўна трыццаць гадоў таму, 11 сакавіка 1990 года, пасаду прэзідэнта Чылі пакінуў Аўгуста Піначэт.


Пад сузор’ем Стральца

Нішто не прадказвала ваенную кар’еру хлопчыку, які з’явіўся на свет 25 лістапада 1915 года ў сям’і звычайнага мытніка марскога порта Вальпараіса. Аднак шматгадзінныя гульні ў алавянных салдацікаў зрабілі сваю справу: маленькі Аўгуста цвёрда вырашыў стаць вайскоўцам. Ужо тады ён пачаў верхаводзіць чатырма малодшымі братамі. «Яны проста трэсліся ад страху, як быццам бы перад веліканам-людажэрам», — з задавальненнем успамінаў праз шмат гадоў Піначэт.

Савецкія журналісты і аўтары прац па чылійскай хунце ў адзін голас адзначалі быццам бы вельмі слабыя інтэлектуальныя здольнасці Піначэта: маўляў, нават, у ваеннае вучылішча ён трапіў толькі з трэцяга разу. Аднак гэта не зусім адпавядае рэчаіснасці, бо пасля сканчэння вучылішча Піначэта адразу накіравалі на працу ў ваенную місію ў ЗША. Пазней будучы чылійскі дыктатар выкладаў у ваеннай акадэміі, а ў 1968 годзе нават напісаў уласную працу пад назвай «Геапалітыка».

Яшчэ ў вучылічшчы Піначэт ажаніўся з ліцэісткай Лусіяй Ірыартэ. Гэты шлюб генерал, як сапраўдны католік, захаваў да канца жыцця. Што да ваеннай кар’еры Піначэта, то яна развівалася павольна, без асаблівых узлётаў і падзенняў. Піначэт дакладна выконваў параду аднаго са сваіх выкладчыкаў з вучылішча: калі жадаеш высока ўзабрацца, не лезь першым, але не будзь і апошнім.

Пасля прыходу ў 1970 годзе да ўлады ў краіне сацыяліста Сальвадора Альендэ, Піначэта неўзабаве прызначылі камандуючым ваеннага гарнізона Сант’яга, а праз некаторы час — начальнікам Генеральнага штаба. Сваім знаёмым і калегам Піначэт не аднойчы казаў, што яго не хвалююць погляды новага прэзідэнта: ён мусіць стаяць на стражы законаў і канстытуцыйнага ладу Чылі. Але лёс распарадзіўся інакш.

 Пакуль яшчэ разам: Аўгуста Піначэт і Сальвадор Альендэ.

 Пакуль яшчэ разам: Аўгуста Піначэт і Сальвадор Альендэ.


Сацыялізм па-чылійску

Вынікі галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 4 верасня 1970 года Сальвадор Альендэ, які атрымаў 36,3% галасоў, дэмагагічна абвясціў народнай рэвалюцыяй. Але гэта была далёка не так. Яго бліжэйшага суперніка, кандыдата ад правых Хорхэ Алесандра падтрымалі каля 34,9% выбаршчыкаў. Паводле тагачаснага чылійскага выбарчага заканадаўства, калі ні адзін з кандыдатаў не набраў абсалютнай большасці галасоў, прэзідэнта зацвярджаў Нацыянальны кангрэс.

Палітолагі і гісторыкі сыходзяцца на тым, што, калі б адбыўся другі тур, Альендэ не меў бы ніякіх шанцаў на перамогу. На той момант у Народнага адзінства, ад якога вылучаўся Альендэ, была ў кангрэсе большасць галасоў, таму Альендэ зацвердзілі на прэзідэнцкай пасадзе ў канцы кастрычніка 1970 года.

Сучаснікі характэрызавалі Сальвадора Альендэ як перакананага марксіста, які быў апантаны ідэямі сацыяльнай роўнасці і справядлівасці. Так, паводле адпаведнага дэкрэта чылійскага ўрада ад 1 студзеня 1971 года, 3 млн. дзяцей атрымалі права на бясплатныя паўлітра малака на дзень. Зарплату працоўных і служачых улады падвысілі на 35%.

Хаця Альендэ прызнаваў ролю прыватнага капіталу і прадпрымальніцтва, тым не менш цвёрда верыў, што толькі дзяржаўная эканоміка і рэгуляванне дадуць свой адпаведны плён. Аснову народнай гаспадаркі Чылі, на думку сацыялістаў, павінны былі скласці канфіскаваныя буйныя зямельныя латыфундыі і нацыяналізаваныя прадпрыемствы, асабліва тыя, якія займаюцца здабычай нацыянальнага багацця Чылі — медзі. Ужо 5 ліпеня 1971 года спецыяльным дэкрэтам Альендэ ўсталяваў поўны кантроль над экспартам медзі на буйных рудніках. 11 ліпеня 1971 года Кангрэс прыняў папраўку да чылійскай Канстытуцыі, паводле якой дзяржава атрымоўвала выключнае права на валоданне меднымі руднікамі, вугальнымі і сялітрывымі шахтамі і гідрарэсурсамі. Урад Альендэ завіў, што за медныя руднікі на працягу 30 гадоў будзе выплачана кампенсацыя, памер якой мусіць вызначыць галоўны кантралёр краіны.

У знешняй палітыцы Альендэ таксама зрабіў рашучы крок на сто восемдзесят градусаў. Былі адноўленыя дыпламатычныя адносіны з кастраўскай Кубай (сам Альендэ дэманстратыўна наведаў Кубу ажно на працягу некалькі тыдняў у кастрычніку-снежні 1971 года), усталяваныя зносіны з ГДР, Кітаем і Севернай Карэяй. Ад КНР і СССР Альендэ пачаў атрымліваць крэдыты на сотні мільёнаў долараў.

Папулісцкія захады ўрада Народнага адзінства дэстабілізавалі сітуацыю ў краіне, правакавалі інфляцыю і выклікалі незадаволенасць той часткі насельніцтва, якую традыцыйна называюць сярэднім класам. Напрыклад, 1 снежня 1971 года жыхаркі Сант’яга правялі «марш пустых талерак».

Высокая інфляцыя і зніжэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва былі абумоўлены пазіцыяй ЗША. Амерыканскія медныя кампаніі, у тым ліку і знакамітая «Анаконда», не жадалі страчваць вялікія прыбыткі. Адміністрацыя Ніксана распачала супраць Чылі сапраўдную эканамічную вайну, у выніку якой кошты на медзь абваліліся ў шмат разоў. Актывізаваліся фашысцка-экстрэмісцкія колы. Падрыўной дзейнасцю займалася арганізацыя «Патрыа і лібертад» на чале з Пабла Радрыгесам.

У кастрычніку 1972 года пачаўся буйны страйк транспартнікаў і таксістаў, у выніку чаго Альендэ вымушаны быў увесці рэжым надзвычайнага становішча ў шэрагу правінцыяў. Гэтага аказалася недастаткова, і тады Альендэ ўключыў у склад урада трох генералаў, у тым ліку і камандуючага сухапутнымі войскамі Карласа Пратса — на пасаду міністра ўнутраных спраў. Вайскоўцы ў Чылі заўсёды адыгрывалі вялікую ролю, таму Альендэ спадзяваўся на нармалізацыю сітуацыі.

Здавалася б, чылійскаму прэзідэнту шанцавала. На парламенцкіх выбарах 4 сакавіка 1973 года Народнае адзінства хаця і саступіла першынства правым сілам, аднак істотна палепшыла свой вынік у параўнанні з 1970 годам, узяўшы звыш 40% галасоў выбаршчыкаў. Але пазіцыі Народнага адзінства і самога Альендэ былі істотна падарваныя спробай дзяржаўнага перавароту 29 чэрвеня 1973 года, калі ў Сант’яга ўзбунтаваўся адзін з бранетанкавых палкоў (у гісторыі гэты мяцеж атрымаў назву «Танкаса»). І хаця мяцеж быў ліквідаваны, Альендэ вымушаны быў у канцы жніўня 1973 года адправіць у адстаўку генерала Карласа Пратса і прызначыць на яго месца Піначэта, які ўжо фактычна стаў на чале змоўшчыкаў.

4 верасня 1970 года Народнаму адзінству ўдалося сабраць у Сант’яга мільённы мітынг у сваю падтрымку і змоўшчыкі зразумелі: трэба спяшацца.


Пераварот


 Гэтае фота, зробленае пасля путчу, абляцела сусветныя СМІ. Неўзабаве Піначэт выкіне акуляры: за імі не бачна яго блакітных вачэй.


Ён пачаўся 11 верасня 1973 года, калі па радыё путчысты атрымалі інфармацыю пра тое, што над Сант’яга ідзе дождж. Прэзідэнцкі палац Сальвадора Альендэ «Ла-Манеда» быў атакаваны з выкарыстаннем танкаў, цяжкай тэхнікі і авіяцыі. Верныя Піначэту карабінеры ўзялі пад кантроль усе важныя сталічныя аб’екты.
На баку Сальвадора Альендэ засталіся толькі некалькі дзясяткаў яго адданых паплечнікаў. Хунта прапанавала Альендэ і яго сям’і пакінуць краіну (праўда, планавалася збіць самалёт з Альендэ ў паветры), аднак той рашуча адмовіўся і скончыў жыццё самагубствам ва ўласным кабінеце: застрэліўся з імяннога пісталета, які яму падараваў Фідэль Кастра (з самага пачатку камуністычная прапаганда запусціла міф пра тое, што Сальвадор Альендэ загінуў у баі).

Савецкае пасольства на чале з паслом Аляксандрам Басавым (сучаснікі і гісторыкі звяртаюць увагу на яго адмоўную ролю ў наладжванні савецка-чылійскіх адносінаў; асабісты перакладчык Хрушчова і Брэжнева Віктар Сухадрэў у сваёй кнізе «Язык мой — друг мой» сцвярджаў, што Басаў не саромеўся красці апельсіны ў чылійскіх супермаркетах) літаральна збегла з Сант’яга.

Ужо ў першых сваіх дэкрэтах хунта абвясціла рашучасць змагацца з ракавай пухлінай марксізму. На камуністаў і іх прыхільнікаў абрынуліся страшэнныя рэпрэсіі. Сталічны стадыён быў фактычна ператвораны ў канцэнтрацыйны лагер, дзе людзі падвяргаліся катаванням і здзекам.

Быў затрыманы і лідар чылійскіх камуністаў Луіс Карвалан. Савецкі Саюз распачаў міжнародную кампанію па яго вызваленіі, а КДБ распрацоўваў аперацыю пад кодавай назвай «Дамінга»: сілавое вызваленне Карвалана і змену яго знешнасці. Аднак ўсё скончылася па-іншаму: у снежні 1976 года Карвалан быў абменены на вядомага савецкага дысідэнта Уладзіміра Букоўскага («Обменяли хулигана на Луиса Корвалана» — такі жарт стаў вельмі папулярным сярод савецкай інтэлігенцыі).

Луіс Карвалан

Луіс Карвалан

Але далёка не ўсім пашанцавала так, як Карвалану. Напрыклад, іншы камуніст і спявак Віктар Хара прыняў пакутніцкую смерць. Пасля жорсткіх катаванняў у яго ўсадзілі каля сарака куляў (у тым ліку і кантрольны стрэл у галаву). Экспертыза таксама паказала, што ў чылійскага «салаўя» (так Хару называў вялікі чылійскі паэт Пабла Неруда) былі перабіты косткі пальцаў на руках.

Віктар Хара

Віктар Хара

Усяго, па звестках міжнароднай аўтарытэтнай камісіі, праз піначэтаўскія засценкі за ўвесь час існавання ваеннага рэжыму прайшло каля чатырох тысяч чалавек (камуністы падавалі лічбу ў дзесяць разоў вышэйшую).


Піначэтаўскі рай?

У выніку перавароту 11 верасня 1973 года ў Чылі на доўгія гады ўсталявалася класічная дыктатура ваенных. Была ўведзеная жорсткая цэнзура ў друку (за выключэннем літаральна некалькіх выданняў, у тым ліку і лаяльнага да путчыстаў «Меркурыа»). Генералы забаранілі ўсе партыі, рухі і арганізацыі, і нават «Патрыя і лібертад», што прывяло да рознагалоссяў паміж Піначэтам і адным з кіраўнікоў арганізацыі Раберта Цімэ.

Сам Піначэт паступова пазбаўляўся ад уплывовых членаў хунты (у прыватнасці, у адстаўку быў адпраўлены камандуючы ваенна-паветранымі сіламі Чылі Густава Лі), а ў снежні 1974 года фактычна сам сябе прызначыў прэзідэнтам.

Мітынг салідарнасці з Чылі на Мінскім тонкасуконным камбінаце. Выступае ткачыха Тамара Леановіч.

Мітынг салідарнасці з Чылі на Мінскім тонкасуконным камбінаце. Выступае ткачыха Тамара Леановіч.


У сталіцы Сант’яга з верасня 1973 па студзень 1987 года панавала каменданцкая гадзіна. Сам Піначэт шмат разоў, у тым ліку і публічна, жартаваў наконт яе карысці: маўляў, мужы своечасова прыходзяць дадому, а жонкі давольныя.

З мэтай яшчэ больш эфектыўнай барацьбы з апазіцыяй Піначэт у ліпені 1974 года стварыў спецыяльны орган — Упраўленне нацыянальнай разведкі («Дзіна»), супрацоўнікі якога праходзілі адмысловую падрыхтоўку ў ЗША. На чале «Дзіны» стаў адданы прыхільнік Піначэта Мануэль Кантрэрас.

«Дзіна» не толькі пільна сачыла за настроямі грамадства ўнутры краіны, але і не забывалася пра ворагаў Піначэта за мяжой. Пасля перавароту многія ўплывовыя вайскоўцы і чыноўнікі збеглі з краіны і распачалі міжнародную крытыку хунты, што, безумоўна, псавала іміджу Піначэта. Таму чылійскі дыктатар паставіў задачу фізічнай ліквідацыі такіх асобаў. З гэтай мэтай «Дзіна» распрацавала амбіцыйны «Праект Андрэа» і прыцягвала людзей з сумнеўнай рэпутацыяй і сапраўдных тэрарыстаў. Адным з такіх быў ураджэнец амерыканскай Аёвы Майкл Таўнлі. 30 верасня 1974 года ў цэнтры Буэнас-Айрэса Таўнлі знішчыў генерала Карласа Пратса, падарваўшы яго аўтамабіль, у якім зажыва згарэла і жонка генерала Сафія.

Канешне, рэжым Піначэта спарадзіў і супраціўленне. Адной з яго папулярных формаў сталі масавыя маніфестацыі галоўным чынам ў чылійскай сталіцы са снежня 1983 года. Супраціўленне набывала і радыкальныя формы: у прыватнасці, аформіўся так званы патрыятычны фронт імя Мануэля Радрыгеса. Аднак фронт не набыў шырокай папулярнасці сярод чылійскага грамадства праз сваю тэрарыстычную дзейнасць. Напрыклад, адным з улюбёных заняткаў фронтаўцаў сталі дыверсіі на электрычных сетках. Неаднойчы чылійская сталіца апускалася ў цемру. На сямідзесяцігоддзе Піначэта, які па тэлебачанні дэманстраваў добры стан здароўся (займаўся з гантэлямі і бегаў), актывісты фронту зладзілі ажно семдзесят выбухаў. 6 верасня 1986 года фронт арганізаваў замах на Піначэта: быў атакаваны картэж чылійскага дыктатара. Паводле легенды, калі Піначэт разглядаў сляды ад куль на шкле ўласнага лімузіна, то заявіў, што яны складваюцца ў выяву Дзевы Марыі.

Адно са спрэчных пытанняў тычыцца сацыяльна-эканамічнай палітыкі піначэтаўскага рэжыму. Пры гэтым меркаванні падаюцца кардынальна супрацьлеглыя. Адны лічаць, што Піначэт ператварыў Чылі ў сапраўдны лацінаамерыканскі Ганконг (ваенны рэжым разгарнуў шырокамаштабныя рэформы па рэцэптах чыкагскай школы Мілтана Фрыдмана), іншыя звяртаюць увагу на тое, што з 12 мільёнаў чылійцаў за рысай беднасці пры Піначэце жылі 5 мільёнаў.

Каб пралангаваць свае паўнамоцтвы і яшчэ больш замацаваць уласную легітымнасць, Піначэт рашыўся на рэферэндум. Гэта было абумоўлена і важнай знешняй абставінай: заканчваліся паўнамоцтвы амерыканскага прэзідэнта Рэйгана і трэба было дамаўляцца з новай адміністрацыяй. Рэферэндум быў прызначаны на 5 кастрычніка 1988 года. Піначэт-католік быў вельмі забабонным чалавекам і ўпэўнены ў тым, што «пяцёрка» — шчаслівая для яго лічба. Нездарма кепі фуражкі Піначэта было вышэй на пяць сантыметраў, чым у іншых генералаў, а на мундзіры чылійскага дыктатара заўсёды зіхацелі пяць зорак.

 Савецкія агітацыйныя плакаты супраць Піначэта.


Аднак гэта не дапамагло Піначэту. Супраць яго прагаласавала больш за 50% чылійцаў. І Піначэт здаўся, не стаў аспрэчваць вынікі плебісцыту, паводле якіх ён не меў больш права вылучацца ў прэзідэнты і мусіў пакінуць сваю пасаду ў 1990 годзе. Тым не менш, Піначэт атрымаў ажно 47% у сваю падтрымку, нездарма «Нью-Ёрк Таймс» пісала пра Піначэта як пра чалавека, які атрымаў срэбны медаль.

Калі задацца пытаннем, ці прагаласавала б наша грамадства за Піначэта, то мы атрымаем хутчэй станоўчы адказ. Ва ўмовах імклівага спаду жыццёвага ўзроўню, развалу эканомікі большасць выбаршчыкаў з радасцю прамяняе грамадзянскія правы і свабоды на сацыяльную стабільнасць.


    

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: