Азербайджанскі суд заблакаваў сайт «Радыё Свабода»

Суд у Баку 12 мая прыняў рашэнне канчаткова заблакаваць у краіне сайт азербайджанскай службы «Радыё Свабода».

Азербайджанскі ўрад вынес пастанову аб блакаванні службы пры канцы сакавіка 2017 года. Пракуратура пастанавіла, што сайт «Радыё Свабода» і яшчэ некалькі рэсурсаў «уяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы».


«Радыё Свабода» з гэтым рашэннем не пагадзілася і падала ў суд, які стаў на бок чыноўнікаў. Суд 12 мая задаволіў запыт Мінсувязі Азербайджану аб блакаванні 5 сайтаў на тэрыторыі краіны, але адначасова адмовіў у хадайніцтве блакаваць у далейшым гэтыя сайты, калі яны будуць працаваць пад іншымі імёнамі.

Блакаванне мае сталы характар і можа быць спынена толькі рашэннем Мінсувязі.

Прэзідэнт медыякарпарацыі RFE/RL Томас Кент раней назваў дзеянні ўладаў Азербайджану спробай «адкрыта ўвесці цэнзуру» і запалохаць незалежную прэсу ў Азербайджане. Гэта, па словах Кента, з’яўляецца замахам на асноўныя правы чалавека і парушэннем міжнародных канвенцый.

Адзін з заснавальнікаў газеты «Азадлыг» (яе сайт у Азербайджане таксама афіцыйна заблакаваны) у інтэрв’ю «Голасу Амерыкі» абвінаваціў у блакаванні медыярэсурсаў жонку прэзідэнта Мехрыбан Аліеву, якая цяпер займае пасаду віцэ-прэзідэнта краіны.

***

Улады Азэрбайджану пачалі прымаць захады супраць сайту азербайджанскай службы «Радыё Свабода» пасля публікацыі матэрыялаў расследавання незаконных фінансавых аперацый, звязаных з сямʼёй прэзідэнта Азербайджану Ільхама Аліева і яго атачэння. Менавіта з «Радыё Свабода» супрацоўнічала журналістка Хадзіджа Ісмаіл, якая атрымала турэмны тэрмін пасля публікацыі матэрыялаў расследаванняў афшораў, звязаных з сямʼёй Аліева.

Міжнародная няўрадавая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» ацэньвае Азербайджан па ўзроўні свабоды слова як «несвабодную» краіну, якая займае 162-е месца ў свеце са 180.

Па дадзеных аўтараў дакладу, прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў з 2014 года вядзе «бязлітасную» вайну супраць сваіх апанентаў. «Незалежных журналістаў і блогераў абражаюць, збіваюць, шантажуюць або спрабуюць падкупіць, а калі гэта не прыносіць выніку — садзяць у турмы. Незалежныя медыя, такія як азербайджанская служба «Радыё Свабода», душаць эканамічнымі метадамі або проста закрываюць. А журналістаў, такіх як Эмін Мілі або Ганімат Захід вымушаюць з’язджаць з краіны», — сказана ў даследаванні «Рэпарцёраў без межаў».

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: