Баевіку «ДНР» з Віцебску пагражае 25 гадоў зняволення

Судовы працэс над віцяблянінам Дзмітрыем Новікавым праходзіць у Дружкоўскім гарадскім судзе Данецкай вобласці Украіны. Новікава вінавацяць адразу па 4-х артыкулах Крымінальнага кодэксу Украіны. Яму пагражае да 25 гадоў зняволення.
31-гадовага ўраджэнца Віцебску Дзмітрыя Новікава вінавацяць ва ўдзеле ў тэрарыстычнай групе (арт. 258-3 КК Украіны), вядзенні агрэсіўнай вайны (арт. 437), учыненні злачынства ў складзе арганізаванай групы (арт. 28) і парушэнні парадку ўезду на часова акупаваную тэрыторыю Украіны (арт. 332-1).

Першыя два артыкулы – за асабліва цяжкія злачынствы (тэрарызм і вядзенне вайны) – прадугледжваюць да 15 гадоў турмы. Але па сукупнасці прысудаў Новікава могуць даць 25 гадоў пазбаўлення волі.

Паводле следства, Новікаў ваяваў у складзе тэрарыстычнай групоўкі «ДНР» ад 7 лістапада 2014 года да 16 чэрвеня 2015-га, быў выключаны са спісу вайсковай часткі, але ў 2017-м зноў вярнуўся на так званую «воінскую службу» на часова акупаваную тэрыторыю. Быў затрыманы 10 жніўня 2018 года.

У матэрыялах справы сцвярджаецца, што Дзмітрый Новікаў быў камандзірам танку танкавага батальёну «Самалі». Браў непасрэдны ўдзел у штурме Данецкага аэрапорту ў 2015 годзе.

Пасля вяртання ў «ДНР» у 2017 годзе актыўна ўдзельнічаў у супраціўленні Узброеным сілам Украіны на лініі судакранання.  

Сцвярджаецца, што беларус цалкам усведамляў той факт, што тэрарыстычная арганізацыя «ДНР», у якой удзельнічаў, «створаная і функцыянуе па плянах і задачах нявызначаных прадстаўнікоў улады Расійскай Федэрацыі, узброеных сілаў РФ ды іншых асобаў, і дзейнічае на тэрыторыі Украіны незаконна, прымяняючы зброю, учыняючы акты тэрарызму і забіваючы людзей...»  

Падазраваны Дзмітрый Новікаў прызнаў сваю віну і супрацоўнічае са следствам.

Выслухаўшы абвінавачаньне пракурора, суддзя працягнуў тэрмін утрымання Новікава пад вартай яшчэ на 2 месяцы і абвясціў перапынак да 30 кастрычніка.

Раней падазраваны ў тэрарызме Новікаў заяўляў, што ў 2016-м быў завербаваны КДБ.

Дзмітрый Новікаў нарадзіўся і пражываў у Віцебску. Тут у яго засталася сям’я – жонка і 10-гадовае дзіця. Раней паведамлялася, што ў Беларусі ён ужо мае судзімасць.

Паводле Зьмітра Міраша, vitebskspring.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!