Байкот як сродак пераменаў

Адзін з пунктаў эканамічнага ціску на рэжым Лукашэнкі, паводле штаба Ціханоўскай, — гэта абмежаванне ці поўная адмова ад падакцызных і шкодных для здароўя тавараў — алкаголю ды тытуню, а таксама байкот тавараў і паслуг тых кампаній і гандлёвых сетак, якія фінансуюць уладу. Тым больш што гісторыя ведае паспяховыя прыклады кампаній байкоту.



Як вядома, азначэнню «байкот» мы абавязаныя Чарльзу Байкоту — брытанцу, адміністратару фальварка ў Ірландыі. Адмова мясцовых жыхароў у 1880 годзе збіраць ураджай у маёнтку, дзе ён быў кіраўніком (у межах кампаніі абароны правоў працоўных) прывяла да з’яўлення ў англійскай мове дзеяслова to boycott, які перайшоў у іншыя мовы.

Тым не менш такія калектыўныя дзеянні, якія можна назваць «байкотам», можна пабачыць значна раней, нават да XVIII стагоддзя.

Самай славутай акцыяй была, натуральна, кампанія супраць набыцця брытанскіх тавараў у амерыканскіх калоніях Вялікабрытаніі ў знак пратэсту супраць падатковай палітыкі Лондана. Кульмінацыяй байкоту стала «Бостанскае чаяванне» — напад на караблі і тавары Брытанскай Ост-Індскай кампаніі ў порце Бостана 16 снежня 1773 года. У выніку акцыі напружанасць паміж калоніямі і метраполіяй дасягнула настолькі высокага градусу, што праз нейкі час перайшла ў фазу адкрытай вайны, вынікам якой стала абвяшчэнне незалежнасці ЗША.

Падаецца, што тактыка каланістаў спадабалася некаторым брытанцам. Ужо ў 1791 годзе мясцовыя праціўнікі рабства заклікалі брытанцаў адмовіцца ад ужывання цукру з плантацый Заходняй Індыі, дзе актыўна выкарыстоўвалася нявольніцкая праца. Хаця кампанія байкоту зацягнулася аж на тры дзясяткі гадоў, у выніку мэта была дасягнута — у 1820 годзе інстытут рабства ў брытанскіх калоніях быў абвешчаны па-за законам.

Ужо тады адзначаліся цікавыя аспекты такога сродку барацьбы. Аказалася, што адмова ад спажывання нейкага прадукту ўплывае не толькі на пакупніцкую здольнасць, працу або паслугі. Байкот дазваляе мабілізаваць найбольш апалітычныя катэгорыі насельніцтва. Так, поспех «антыцукровай» кампаніі супраць рабства забяспечылі брытанскія кабеты — хатнія гаспадыні, якія з-за маральных перакананняў адмаўляліся ад цукру, што выраблялі рабы.

Акрамя таго, дэманстратыўная адмова ад нейкіх тавараў або паслуг дазваляла выказваць публічны пратэст нават у вельмі нязручных для гэтага ўмовах. Адзін індыйскі актывіст кампаніі байкоту брытанскіх тавараў у 1929 годзе казаў, што байкот «з’яўляецца цудоўным спосабам тут і цяпер прадэманстраваць непрыязнасць да палітычнага апанента».

З чаcам байкот стаў надзвычай разнастайным — як па формах, так і па мэтах, якія пераследаваліся яго арганізатарамі. Напрыклад, аказалася, што паказаць фігу ўраду можна за кошт адмовы ад кепскай звычкі. Гэта здарылася напрыканцы ХІХ стагоддзя ў Іране, калі паўстаў рух супраць брытанскай манаполіі на продаж тытуню. Свой унёсак зрабіў і вялікі аятала Мірза Хасан Шыразі, які выпусціў фетву, што паленне раўназначнае вайне супраць імама Махдзі. У шыізме Махдзі адыгрывае выключную ролю, і прызыў выклікаў эфект бомбы. Іранцы рэзка перасталі паліць, прычым кінулі цыгаркі нават тыя, хто не мог пазбавіцца ад шкоднай звычкі на працягу доўгіх гадоў. Нават слугі ў гарэме шаха адмовіліся забіваць трубкі яго жонкам. У выніку шах адмяніў канцэсію, а аятала аператыўна выпусціў новую фетву, што адмяняла папярэднюю.

Вынікі байкотаў таксама часам былі вельмі непрадказальнымі. У 2001 годзе адмова Францыі далучыцца да інтэрвенцыі ў Ірак выклікала ў Штатах байкот прадуктаў з назвай «французскі». Перш за ўсё гэта тычылася кулінарыі. У выніку ўладальнікі рэстаранаў надалі прадуктам новыя патрыятычныя назвы. Так «французская булка» стала называцца «булкай за свабоду». Праўда, гісторыкі адразу ўзгадалі, што падобная сітуацыя мела месца падчас Першай сусветнай. Тады вытворцы квашанай капусты, якая лічылася ежай немцаў, перайменавалі свой прадукт у «капусту свабоды».


Францыі ўвогуле шанцуе на байкоты. Якраз цяпер у мусульманскіх краінах пачалася кампанія супраць набыцця тавараў made in France. Адмова ад такіх брэндаў як Cartier, Dior, Chanel, Nina Ricci, цыгарак Gauloises і машын Renault нейкім чынам павінна пакараць адміністрацыю Макрона за намер закрыць мячэці, дзе, на думку паліцыі, гучаць экстрэмісцкія заклікі.

Калі спачатку ўсе кампаніі байкоту, як правіла, былі арганізаваныя грамадствам, то з часам гэтай практыкай зацікавілася і дзяржава. Дастаткова ўзгадаць кампаніі байкоту Алімпійскіх гульняў, або байкот Ізраіля краінамі Лігі арабскіх дзяржаў з мэтай падарваць яго эканамічную і ваенную моц. Кампанія байкоту яўрэйскага бізнесу у Трэцім Рэйху была наўпрост арганізавана структурамі ўрадавай нацысцкай партыі.

У сучаснай гісторыі мелі месца дзіўныя выпадкі, калі чыноўнікі байкатавалі нават выбары. У 1991 годзе ўлады шасці саюзных рэспублік адмовіліся праводзіць Усесаюзны рэферэндум аб захаванні СССР, што дазволіла з часам — пасля путчу 1991 года, — прасцей атрымаць незалежнасць.


Як бачым, байкот у гісторыі быў дастаткова моцным сродкам для пераменаў. Аднак, магчыма, залаты час байкоту толькі пачынаецца. Дзякуючы сацыяльным сеткам уключэнне ў падобныя кампаніі адбываецца цяпер проста, як ніколі. Пра гэта сведчаць нядаўнія апытанні амерыканскай кампаніі Lending Tree. З тысячы апытаных рэспандэнтаў 38 % заявілі, што ў цяперашні час нешта байкатуюць па этычных або палітычных матывах.
Яшчэ больш шакуе свежая статыстыка выдання Refinery29, якое падлічыла, што кожныя пяць секунд у Сеціве нараджаецца новая кампанія байкоту.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: