Байсангур з Беною — чалавек з каменю

Якая ўнутраная сіла штурхае людзей да самаахвярнасці? Што можа прымусіць чалавека пазбавіцца самага дарагога, што ў яго ёсць, — жыцця? Рэлігія? Нянавісць? Любоў да радзімы? А што бывае, калі ўсё гэта спалучаецца і накладаецца на прыроджаную непахісную волю і воінскае выхаванне? Тады нараджаюцца такія, як Байсангур з Беною.

Антыкаланіяльная барацьба народаў Каўказу мае доўгую гісторыю, якая цягнецца і па сёння. У гэтым крывавым віры нараджаліся героі, імёны якіх малавядомыя нават тым з нас, хто цікавіцца гісторыяй, але яны па-сапраўднаму вартыя таго, каб іх памяталі.

Байсангур з’явіўся на свет у 1794 годзе, што даволі сімвалічна, — у гэтым годзе на нашай радзіме віравала паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Пра дзяцінства і продкаў Байсангура амаль нічога не вядома, акрамя таго, што ён паходзіў з сялянскай сям’і. Затое гісторыкі дакладна ведаюць, што да пачатку газавата (вайны за веру) Імама Шаміля Байсангур ужо быў падрыхтаваным паўстанцам: у 1826 годзе ён прыняў удзел у бунце пад кіраўніцтвам Бейбулата Тайміева, а ў 1828–1832 гадах — у паўстанні імама Газі-Мухамада.

Беной — не толькі сяло (цяпер гэта Нажай-Юртаўскі раён Чачні), але і буйнейшы па колькасці тэйп Ічкерыі, з якога паходзяць таксама браты Ямадаевы і сямейства Кадыравых. Але ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя сяло і яго ўраджэнцы былі мясцовым цэнтрам супраціву Расійскай імперыі. Тут у 1839 годзе хаваўся пасля разгрому адзін з наібаў (намеснікаў) Імама Шаміля Ташэв-Хаджы. У тым жа годзе сюды сышоў сам Імам Шаміль з сям’ёй, які пацярпеў паразу ў Дагестане. У гэтым апірышчы паўстанцаў і пачалося баявое сяброўства аварца Шаміля, кумыка Ташэв-Хаджы і чачэнца Байсангура.

Пасля абвяшчэння Шаміля імамам Чачні і Дагестана, ён зрабіў Байсангура сваім наібам і кіраўніком Беною.

У 1842 годзе здарылася першая перамога. Кіруючы атрадам беноеўцаў, Байсангур удзельнічаў у разгроме экспедыцыйнага атрада карнікаў расійскага генерала Грабэ, які за 11 гадоў да таго змагаўся з паўстанцамі пад Мінскам. Каля 2000 горцаў пры дапамозе мясцовага апалчэння чатыры дні грамілі 10-тысячны экспедыцыйны корпус рускіх, здолелі знішчыць дзве тысячы салдат і выштурхнуць Грабэ з Ічкерыі. За мужнасць у баі Шаміль узнагародзіў Байсангура медалём.

У 1845 годзе Байсангур у складзе войскаў паўстанцаў паспяхова разбіў атрады графа Варанцова. Навіны пра гэта хутка абляцелі ўсю Еўропу. Карл Маркс у «Камуністычным часопісе», друкаваным органе патаемнага лонданскага «Саюза камуністаў», пісаў: «Храбрыя чаркесы зноў нанеслі рускім некалькі сур’ёзных паразаў... Народы, вучыцеся ў іх, на што здольныя, людзі, якія хочуць заставацца вольнымі!»

У 1846 годзе ў баі Байсангур згубіў руку і вока, аднак не спыніў барацьбу. У 1847-м пры асадзе аула Гергебіль у Дагестане наібу адарвала нагу, і яго, ледзь жывога, узялі ў палон царскія жаўнеры. Пры непасрэднай дапамозе Шаміля атрад горцаў атакаваў канвой, які вёз параненага палкаводца ў крэпасць Грозную. Байсангур і тады бачыў супраціў адзіным сэнсам свайго жыцця. Не здольны самастойна трымацца ў сядле, ён, аднавокі, аднарукі і аднаногі, патрабаваў, каб яго прывязвалі да каня падчас бою, трымаў павады зубамі і адной цэлай рукой сек ворагаў.

Пасля правалу першай лабавой атакі на народы Каўказа царызм змяніў тактыку, і новыя царскія генералы высякалі лясы, дзе хаваліся паўстанцы, высялялі цэлыя вёскі, а галоўнае — пачалі сеяць разлад між наібаў, падкупляць і прыцягваць да калабарацыі мясцовых лідараў. Супраць войскаў Шаміля сцягнулі да 200 тысяч расійскіх жаўнераў — гэта прыблізна столькі, колькі было ў арміі Напалеона, калі яна наступала на Расію. Да траўня 1859 года ўся Чачня была занятая царскімі войскамі. Пасля шэрагу паразаў некалькі сотняў найбольш адчайных горцаў спыніліся ў ауле Гуніб, дзе далі апошні бой войскам імперыі.


Гара Гуніб, на якой знаходзіўся аул, — прыродная крэпасць, якая ўзвышаецца над мясцовасцю на 200–400 метраў. Амаль па ўсім перыметры яна абкружаная стромкімі схіламі. Само сяло знаходзілася ва ўсходняй частцы гары, і адзіным шляхам да яго была крутая сцежка ўздоўж крыніцы.

Абаронцы Гуніба (сярод якіх былі і беглыя расійскія жаўнеры) умацавалі падыходы да гары заваламі з бярвення, падрыхтавалі горы камянёў у якасці зброі і выставілі вартавых. У Шаміля было не больш за 400 чалавек з чатырма пушкамі. Войска расійцаў, што падышло пад Гуніб, складала шаснаццаць тысяч...

Напад рыхтаваўся два тыдні — войскі генерала Кеслера рабілі асаду па ўсіх правілах вайсковай навукі. І вось на золку 25 жніўня 1859 года пачаўся штурм. Удзень усё было скончана. Большасць абаронцаў Гуніба загінулі — і сярод іх, дарэчы, было нямала жанчын. Імам Шаміль добраахвотна здаўся ў палон.

Дагэтуль лічыцца, што калі Байсангур даведаўся, што імам ідзе здавацца, то паскакаў да Шаміля і, як мог, спрабаваў угаварыць яго гэтага не рабіць. Але імам ужо не збіраўся мяняць рашэнне. Тады раз’юшаны Байсангур выхапіў пісталет і, наставіўшы яго на Шаміля, які сыходзіў, крыкнуў: «Павярніся!» Той праігнараваў гэты крык, бо ведаў — Байсангур не страляе ў спіну. І таму застаўся жывы. Гэты драматычны эпізод, дарэчы, адлюстраваны ў многіх песнях чачэнскіх бардаў сучаснасці: у прыватнасці, Цімура Муцураева і Імама Алімсултанава.

Тым не менш з купкай паплечнікаў Байсангур змог прарвацца з Гуніба і сысці ў Беной, дзе заставаўся да траўня 1860 года.

Царскія войскі ўжо святкавалі перамогу над непакорным Каўказам, чыноўнікі ўжо падрыхтаваліся дзяліць урадлівыя землі і абкладаць сялян падаткамі — але не ўсё было так проста. Няспынны Байсангур не толькі залечваў раны — ён рыхтаваў новае паўстанне. У тым жа месяцы ў ауле Беной і вярхоўі ракі Аргун пачаліся сутычкі з царскімі войскамі. Часам паўстанцам удавалася перамагчы, часам яны цярпелі паразы. У чэрвені наіб палоннага імама разграміў атрад генерал-маёра Мусы Кундухава — мясцовага калабаранта. Яшчэ год Беной заставаўся вольнай тэрыторыяй. У адным з баёў пад Байсангурам быў забіты конь, сам ён атрымаў чарговае раненне і, нягледзячы на супраціў, быў захоплены ў палон разам з сынамі.

Палкаводца судзілі хуткім ваенна-палявым судом. Ён быў прыгавораны да смерці. 3 сакавіка 1861 года Байсангура павезлі на галоўную плошчу Хасавюрта, каб павесіць. Калі 67-гадовага Байсангура, скалечанага, але няскоранага, без рукі, нагі і вока, параненага, падвялі да шыбеніцы, ён не даў кату здзейсніць прысуд. А калі з натоўпу выйшаў запрошаны «добраахвотнік», сам выбіў з-пад сябе табурэт.

На месцы яго павешання расійцы неўзабаве пабудавалі праваслаўную царкву.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: