Барселона рыхтуецца да новых масавых пратэстаў

Дэманстранты маюць намер перакрыць асноўныя аўтамагістралі, якія вядуць у сталіцу Каталоніі. Увечары ў горадзе пачынаецца ўсеагульны страйк.
ISIDRE GARCIA PUNTI/GETTY IMAGES

ISIDRE GARCIA PUNTI/GETTY IMAGES

Усё гэта — менш чым праз тыдзень пасля таго, як пратэстоўцы заблакавалі аэрапорт Барселоны, і менш чым праз два дні пасля таго, як сутыкненні паміж пратэстоўцамі і паліцыяй абвастрыліся да такой ступені, што пачаліся падпалы машын.

Так шмат хто з каталонцаў адрэагаваў на прысуд дзевяцярым лідарам руху за незалежнасць рэгіёна: дзевяць былых чыноўнікаў атрымалі турэмныя тэрміны ад дзевяці да 13 гадоў.

Горад без руху

Цяперашнія пратэсты звязаныя з рэферэндумам аб аддзяленні Каталоніі ад Іспаніі. 1 кастрычніка 2017 года ўлады Каталоніі адкрылі выбарчыя ўчасткі і задалі ў бюлетэнях адно пытанне: ці вы хочаце, каб Каталонія была незалежнай дзяржавай у форме рэспублікі? "За" прагаласавала больш за 90%.


За два гады, якія прайшлі з таго моманту, канстытуцыйны суд Іспаніі паспеў прызнаць рефендум незаконным, кіраўнік рэгіянальнага ўрада Каталоніі Карлес Пучдэмон збег з краіны, а чатырохмесячны суд над іншымі лідарамі руху за незалежнасць скончыўся турэмнымі тэрмінамі.

Пачуўшы вердыкт — ад дзевяці да 13 гадоў турмы — тысячы жыхароў Барселоны прайшлі маршам да Барселонскага аэрапорта Эль-Прато і заблакавалі працу першага тэрмінала. Не вылецелі дзясяткі рэйсаў.

На гэтым пратэсты не скончыліся. Асноўная акцыя запланаваная на пятніцу. Пратэстуючых так шмат, што, мяркуючы па ўсім, яны заблакуюць увесь цэнтр Барселоны, сканцэнтраваўшыся на праспектах Дыяганаль і Пасеч-дэ-Грас, а таксама вуліцы Гран-Вія — асноўных магістралях горада.

"Мне здаецца, аэрапорт зноў блакаваць не будуць. Тое была разовая акцыя, згулялі на эфекце раптоўнасці, — лічыць Надзя Бабкова, мастачка і журналістка з Барселоны. — Для чаго перакрывалі аэрапорт: па-першае, каб [улады] не паспелі зрэагаваць, па-другое, каб прыцягнуць адразу ўвагу ўсяго свету, таму што ў прынцыпе нікога ўжо не хвалюе гэты прысуд, што зрабілі гэтыя людзі два гады таму — ніхто ўжо не памятае".

"Не будзем жорстка змагацца, нават калі на нас нападуць"

На пытанне, хто арганізуе гэты пратэст, няма адназначнага адказу. Уплывовыя прафсаюзныя аб'яднанні CSC і IAC, якія падтрымліваюць рух незалежнасці, абвясцілі аб пятнічнай забастоўцы, але на гэтым іх уклад у масавы пратэст скончыўся.

Асноўнай каардынацыяй займаецца рух "Дэмакратычнае цунамі". Яго лідары таксама невідавочныя. На сайце руху гаворыцца, што "цунамі" не падтрымлівае гвалтоўныя дзеянні і адмаўляецца лічыць апанентаў ворагамі: "Мы гатовыя пакутаваць, але не прычыняць пакуты. Мы не будзем змагацца гвалтоўнымі метадамі, калі яны будуць на нас нападаць".

"Я не адчуваў ніякай небяспекі, — прызнаецца жыхар Барселоны Алекс Яраслаўскі, які ў сераду ўвечары вырашыў паглядзець на пратэст студэнтаў. — Пратэстоўцы таксама не былі настроены хоць неяк агрэсіўна да мяне як назіральніка".

Па назіраннях Яраслаўскага, на студэнцкім пратэсце ў сераду ў многіх у руках былі бутэлькі з алкаголем, даносіўся пах травы.

"Пратэст не ўсюды мірны. Пратэстоўцы на перадавых экіпіруюцца шлемамі, маскамі, акулярамі ахоўнымі. Яны ж ламаюць плітку, асфальт, збудаванні, каб кідаць імі ў паліцыю, — назіраў Алекс Яраслаўскі. — Паліцыя дзейнічае вельмі эфектна пры разгоне натоўпу: спачатку страляюць шумавымі патронамі , адразу пачынаюць бегчы першыя спалоханай, і ў гэты момант пачынаюць ехаць фургоны з моссос (Mossos d'Esquadra — аўтаномныя паліцэйскія сілы Каталоніі — Бі-бі-сі) на вялікай хуткасці і разбягаюцца ўжо ўсе".


У трэцюю ноч пратэстаў пацярпелі не менш за 80 чалавек, у тым ліку 46 паліцэйскіх. Гэта дадзеныя уладаў Іспаніі. Усяго з пачатку пратэстаў чатыры чалавекі патрапілі ў турму па абвінавачванні ў беспарадках.

Ноччу ў сераду ўлады зафіксавалі каля 50 узгаранняў у горадзе: пратэстоўцы падпальвалі машыны, смеццевыя бакі і скутары. Такога напалу пратэст дасягнуў пасля таго, як за ноч да гэтага паліцыя затрымала 51 дэманстранта.

Выканаўца абавязкаў прэм'ер-міністра Іспаніі Пэдра Санчэс заявіў, што ўрад краіны гатовы дзейнічаць рашуча: "Каталонцы і іспанскае грамадства павінны ведаць, што ўрад разглядае ўсе магчымыя сцэнары".

Вера Някрасава жыве ў Каталоніі ўжо сем гадоў, працуе праграмісткай. На днях яна па сваёй ініцыятыве стварыла телеграм-бота, які падказвае рускамоўным жыхарам Каталоніі, ці перакрытая тая ці іншая дарога. Сама Някрасава на пратэсты не ходзіць: "Усё-ткі я грамадзянка Расіі і проста не адчуваю за сабой маральнага права вырашаць, як будзе ўладкованая Каталонія. Пакуль гэта мірны рух за самавызначэнне, мяне ён ніколькі не хвалюе".

Праўда, сказала Бі-бі-сі Вера Някрасава, учора з-за пратэстаў спачатку не спала: "Не будзеш спаць, пакуль пад вокнамі паляць машыны і кантэйнеры. Учора з уласнага вакна назірала, як паліцыя даганяла на фургонах асабліва актыўных і адвесіла пару кухталёў. Але жыццё ідзе сваім парадкам: усё гэта адбываецца, а потым проста людзі працягваюць жыць сваім жыццём".

Пратэст праз "Тэлеграм"

"Тэлеграм" стаў адной з асноўных пляцовак для каардынацыі дэманстрантаў. Асноўная інфармацыя для жадаючых далучыцца да пратэстаў публікуецца ў канале "Дэмакратычнае цунамі". Зараз на яго падпісаныя больш 318 тысяч чалавек. Для параўнання: у аднаго з самых папулярных расійскіх телеграм-каналаў — "Незыгара" — 240 тысяч падпісчыкаў.

Яшчэ адзін інструмент для каардынацыі — спецыяльна створаны дадатак. Пратэстоўцы запампоўваюць яго на тэлефон, але для таго каб пачаць ім карыстацца, прыйдзецца знайсці чалавека, які ўжо зарэгістраваны ў дадатку: тэлефон павінен счытаць QR-код.

Як і пратэсты ў Ганконгу, сёлетняе "дэмакратычнае цунамі" ў Барселоне абапіраецца не на лідараў або інстытуты, а на лічбавыя інструменты — месэнджары і сацсеткі.

Паводле bbc.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: