БДІПЧ АБСЕ нагадала Беларусі пра міжнародныя абавязацельствы

Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ выказвае занепакоенасць у сувязі з паведамленнямі пра затрыманні, запалохванні і пераслед грамадзян Беларусі і праваабаронцаў, гаворыцца на сайце арганізацыі.


«Улады абавязаліся паважаць права на свабоду мірных сходаў і выказванняў. На жаль, рэальнасць ясна паказвае прымяненне масавых арыштаў, празмернае прымяненне сілы і неабгрунтаваныя і непрапарцыйныя пакаранні. Усе незаконна затрыманыя павінны быць неадкладна вызваленыя», — цытуе REFORM.by заявіў дырэктар БДІПЧ АБСЕ Матэа Мекачы.

БДІПЧ таксама выказвае занепакоенасць у сувязі з паведамленнямі пра прыгнёт нацыянальных меншасцей, у прыватнасці, беларускіх палякаў. Акрамя гэтага, арганізацыя занепакоеная парушэннем права на справядлівы суд у Беларусі: закрытымі судамі і занадта суровымі пакараннямі ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў.

«Я ўстрывожаны адсутнасцю расследаванняў шматлікіх паведамленняў пра катаванні і іншае жорсткае абыходжанне і беспакаранасць вінаватых, нягледзячы на тысячы скарг, якія падалі меркаваныя пацярпелыя. У той жа час хачу падкрэсліць, што мы па-ранейшаму гатовыя дапамагаць Беларусі ў захаванні правоў чалавека і ўмацаванні дэмакратычных інстытутаў у адпаведнасці з абавязацельствамі, якія ўзяла на сябе Беларусь, напрыклад, у частцы маніторынгу судоў і перагляду заканадаўства», — заявіў Мекачы.

БДІПЧ АБСЕ нагадвае беларускім уладам пра міжнародныя абавязацельствы Беларусі і абавязацельствы ў рамках АБСЕ ў сферы захавання правоў чалавека, забеспячэння вяршэнства права, забароны ўсіх форм катаванняў і жорсткага абыходжання, прыцягнення вінаватых да адказнасці. БДІПЧ прапануе ўладам сваю дапамогу ў гэтых галінах «на карысць усіх грамадзян».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: