Беларускі самалёт у Паўднёвым Судане пры пасадцы зачапіў дом

СМІ паведамляюць пра гібель пяцігадовай дзяўчынкі ў выніку інцыдэнту.

Фота: flickr.com

Беларускі самалёт Іл-76 кампаніі «Трансавіяэкспарт», які выконвае авіяцыйныя работы пад эгідай ААН, пры заходзе на пасадку ў горадзе Джуба, сталіцы Паўднёвага Судана, зачапіў дах дома, разбурыўшы яго, паведаміла 24 жніўня выданне “The Aviation Herald”.

Паводле СМІ, у выніку інцыдэнту загінула пяцігадовая дзяўчынка, таксама пацярпелі яшчэ некалькі чалавек.

У кампаніі перавозчыка пацвердзілі факт здарэння, аднак пра ахвяраў і прычыны інцыдэнту пакуль нічога не вядома.

Самалёт перавозіў гуманітарную дапамогу. СМІ і ў кампаніі «Трансавіяэкспарт» заявілі, што пасадка праходзіла ў складаных умовах надворʼя — ішоў моцны дождж, бачнасць была дрэннай.

Калі самалёт прарваўся скрозь аблокі, судна пайшло на пасадку. Пілоты выпусцілі шасі, але самалёт зачапіўся за дрэва і аднапавярховы дом, разбурыўшы яго, таксама фрагмент рухавіка ўпаў на іншы дом. Самалёт не змог прызямліцца ў Джубе і аварыйна сеў у аэрапорце Энтэбе ва Угандзе.

СМІ паведамляюць пра гібель пяцігадовай дзяўчынкі ў выніку інцыдэнту. Таксама вядома, што пацярпелі яшчэ двое дзяцей і дзве жанчыны.

 Паводле nn.by, www.radyjo.net



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!