Беларусы Чэхіі ў адкрытым лісце заклікалі прэзідэнта паўплываць на Лукашэнку

Копіі ліста былі перададзеныя старшыням ураду Чэхіі і абодвум палатам чэскага парламенту — Сенату і Палаце дэпутатаў, перадае Свабода.
Мітынг у Празе

Мітынг у Празе

У лісце, які быў зачытаны перад некалькімі сотнямі ўдзельнікаў Беларускага ланцуга салідарнасці і мітынгу пратэсту на Старамесцкай плошчы Прагі 27 чэрвеня, нагадваюцца абставіны сёлетняй выбарчай кампаніі ў Беларусі.

Аўтары звароту сцвярджаюць, што сёлета дзеючы лідар Беларусі Аляксандар Лукашэнка мае гістарычна найніжэйшы рэйтынг даверу. Таксама ў лісце нагадваецца пра арышты ўдзельнікаў збору подпісаў, адміністрацыйныя і крымінальныя справы супраць актывістаў і пра зняволенне Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі.

Ініцыятыва напісання ліста і перадачы яго ва ўладныя органы Чэскай Рэспублікі належала беларускаму пісьменніку Максу Шчуру, які жыве ў Празе. Рэалізацыя ініцыятывы адбылася пры ўдзеле ФБ-суполкі BLRČR.

Ліст падпісалі каля 150 чалавек (прыкладна палова ўдзельнікаў акцыі).

Аўтары ліста заклікаюць прэзідэнта Чэхіі Мілаша Земана выкарыстаць свой палітычны ўплыў для таго, каб кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ўсвядоміў міжнародныя і эканамічныя наступствы «свайго незаконнага чапляння за ўладу любой цаной». Паводле аўтараў, Лукашэнка не павінен думаць, што яму парушэнне закону і рэпрэсіі супраць уласнага народу сыдуць з рук, і што ягоныя аўтарытарныя мэтады кіравання не належаць да ХХІ стагоддзя і да Еўропы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: