Беларусы Канады: Духоўна выжыць дапамагае трыманне традыцый

Пачаўся сезон вандровак у Нацыянальную Прошчу Паўночна-Амерыканскіх Пакутнікаў, што ў невялічкім месцы Мідланд канадскай правінцыі Антарыё. Святыню, збудаваную у 1926 годзе, і якая з таго часу знаходзіцца пад апякунствам Ордэна Езуітаў Каталіцкай царквы, штогод наведваюць звыш 100 000 прадстаўнікоў больш, чым 35 розных этнічных і культурных груп Канады.

За 93 гады існавання Прошчы Пакутнікаў высілкамі шматлікіх нацыянальных грамадскіх і рэлігійных інстытуцыяў, дзейнічаючых у краіне, на 34 гектарах, што займае Прошча, пабудавана больш за паўсотні памятных крыжоў, алтароў, знакаў у адзначэнне важкіх падзеяў у гісторыі народаў, прадстаўнікі якіх, імігруючы ў Паўночную Амерыку і склалі паважаемую ў свеце канадскую нацыю. Дваццаць пятым па ліку ў рэестры ўзгаданых аб'ектаў пазначаны Беларускі Памятны Крыж, узведзены ў 1988 годзе ў гонар 1000-годдзя Хрысціянства ў Беларусі. З таго часу беларусы Канады штогод зарганізуюць вандроўкі да свае святыні.

У мінулую суботу, 1 чэрвеня, канадскія беларусы здзейснілі чарговае падарожжа ў Мідланд, дзе знаходзіцца Прошча. Дзея ля Беларускага Памятнага Крыжа пачалася з традыцыйнай службы з удзелам Першаярарха БАПЦ Архіяпіскапа Святаслава, Айца Аўгена і прыбыўшага з Беларусі на практыкаванне ў Царкве Святога Кірылы Тураўскага ў Таронта святара БАПЦ ярэя Вячаслава. Падчас багаслужбы Архіяпіскап Святаслаў неаднаразова звяртаўся да тэмы Курапатаў з узгадваннем фактаў вандалізму з боку беларускіх уладаў, увасобленых у варварскім знішчэнні многіх дзясяткаў хрысціянскіх крыжоў у месцы, фактычна набыўшым сярод нас назоў Прошчы Беларускіх Пакутнікаў. Кіраўнік БАПЦ таксама выказаў крайнюю занепакоенасць гвалтоўнымі дзеяннямі беларускіх уладаў у дачыненні да святарства БАПЦ у Мінску.


Сакратар Парафіяльнай Рады царквы Св. Кірылы Тураўскага ў Таронта Вольга Манькоўская распавяла пра пераемнасць традыцый духоўнага жыцця канадскіх беларусаў, адною з формаў якой і ёсць штогадовае паломніцтва да Беларускага Памятнага Крыжа, святыні нашых суродзічаў на Чужыне. Трыманне традыцыяў, закладзеных папярэднімі пакаленнямі беларусаў, дапамагае духоўна выжыць сучаснай беларускай эміграцыі ў Канадзе.

Сябра Рады БНР Алесь Кот параўнаў дзве сістэмныя формы палітыкі ўладаў ў дачыненні да рэлігійных установаў, што маюць месца ў Канадзе і ў Беларусі. У краіне кляновага ліста беларускае святарства, вернікі самі вырашаюць дзе і як адпраўляць свае рэлігійныя патрэбы, пад якімі сымбалямі праводзіць багаслужбы і якія словы ўкладаць у малітвы. Бо гэта нашая нутраная справа, якая нікога акрамя нас саміх не тычыцца. Рыхтуючыся да вандроўкі да Крыжа мы не звярталіся да канадскіх уладаў за якімісь дазволамі, не выдаткавалі ніякіх грошаў на аплату паліцэйскай аховы, якая быццам бы павінна сачыць за парадкам, не баяліся трымаць у руках незарэгістраваныя ў Канадзе Бел-Чырвона-Белыя сцягі і Пагоню, бо ў вольнай краіне гэта і непатрэбна. Адное, мы толькі пацікавіліся раскладам вандровак, апублікаваным у бюлетэні Касцёлу Прошчы. Напрыклад, сёлета вандроўкі беларусаў, чэхаў і румынаў пазначаны на 1 чэрвеня, італьянцаў — на 30 чэрвеня, індусаў, пакістанцаў і кітайцаў — на 13 ліпеня, вугорцаў і ірландцаў — на 24 жніўня. І так цалкам распісаны чатырохмесячны сезон Прошчы для ўсіх этнічных і культурных групаў, жадаючых зарганізаваць свае мерапрыемствы ў Прошчы.

З другога боку падазронасць уладаў у дачыненні да ўсіх несістэмных грамадскіх і рэлігійных аб'яднанняў, што мае месца ў Беларусі, сістэма дазволаў, якая на практыцы ёсць сістэмаю забаронаў, гвалтоўнае навязванне беларусам чужых сымбалаў замест сваіх нацыянальных, аднесеных уладаю да разраду варожых, панаванне структураў расійскай царквы ў рэлігійнай сферы жыцця беларусаў метраполіі і забарона Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, рэпрэсіі супраць святароў, чытаючых «няправільныя» малітвы ў «недазволеным» месцы пад «забароненаю» сымболікаю — усё гэта праявы адсутнасці свабоды слова, сходаў, веравызнання ў Беларусі. Параўноўваючы «там» і «тут», можна канстатаваць, што за дзесяцігоддзі жыцця ў вольным свеце мы на сваім досведзе ўпэўніліся, што ў любых умовах і пры любым раскладзе свабода заўсёды лепш несвабоды.


Айцец Вячаслаў распавёў пра парафію Святой Еўфрасінні Полацкай БАПЦ у Мінску. У адсутнасць свайго храму і ва ўмовай нерэгістрацыі дзяржаўнымі структурамі Беларусі дзейнасць Парафіі носіць вандровачны паўлегальны характар. Святары БАПЦ у Беларусі раз'язджаюць па краіне, адпраўляюць службы, рэлігійныя патрэбы вернікаў у часова прыстасаваных памяшканнях, хатах. Але як святарства, так і вернікаў на Бацькаўшчыне натхняе дзейнасць БАПЦ на Чужыне, дзе маючы свае храмы, культурныя цэнтры беларусы замежжа вядуць паўнавартаснае, годнае вольнага чалавека духоўнае жыццё.

Пасля сканчэння дзеі ля Крыжа грамада няблага падсілкавалася за багата застаўленым разнастайнымі стравамі агульным сталом, што ўжо чакаў ўдзельнікаў вандроўкі пад зялёным парасонам дрэваў Прошчы.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!