Беларусы Канады ўзгадалі пра Курапаты ля Беларускага Крыжа ў Мідлендзе

16 чэрвеня беларусы Канады здзейснілі традыцыйную пілігрымку да Беларускага памятнага Крыжа, што ў Прошчы Пакутнікаў у Мідледзе ля возера Гурон.
Ля Крыжа сабралася блізу 40 чалавек. Беларусы прыбылі з бел-чырвона-белымі сцягамі, кветкамі. Вядомая канадская дызайнерка беларускага паходжання Ірына Варабей прывезла вышытую ёю Пагоню.

Першаіерарх Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Архіяпіскап Наваградскі і Паўночна-Амерыканскі Святаслаў прачытаў малітву за Беларусь. У 2008 годзе на Саборы БАПЦ япіскапа Святаслава абралі на пасаду Першаіерарха Царквы, і ўжо на працягу 10 год ён узначальвае адзіную, незалежную ні ад якіх іншых рэлігійных цэнтараў, па літары і духу сапраўды Беларускую праваслаўную Царкву.



Характарызуючы асобу Уладыкі Святаслава, жыхар Таронта Алесь Кот прадэманстраваў прысутным факсімільны перадрук кнігі Даніэля Дэфо ''Рабінзон Крузо'' выдання Беларускага дапамогавага камітэту Ватэнштата ў 1947 г., зроблены Зянонам Пазняком, і прывёў словы з яго прадмовы да кнігі пра яе лёс. Асобнік, з якога зроблены факсімільны друк, мае сваю адметную гісторыю, што звязана з культурнымі зацікаўленнямі Уладыкі Святаслава. Ён, як адукаваны чалавек, паўсюдна збірае і ратуе кніжную беларушчыну там, дзе яна нішчыцца і прападае. Яму прыходзілася знаходзіць беларускія кніжкі нават на сметніку.

У Амерыцы бывае, што нават дзеці і ўнукі знакамітых асоб ужо не размаўляюць і не разумеюць па-беларуску. Беларускія самадзейныя кніжкі, выдадзеныя паваеннымі эмігрантамі ў лагерах, змест якіх грэў сэрцы бацькоў, ужо нічога не ўяўляюць для некаторых нашчадкаў. Так спадчына бацькоў вылятае на сметнік.

Архіяпіскап Святаслаў назбіраў ужо тры вялікія скрынкі беларускіх эмігранцкіх выданняў, у тым ліку і рукапісных. Аднойчы Уладыка зрабіў выставу сабраных кніг і часопісаў у саборы святога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку. На некаторых людзей экспазіцыя зрабіла вялікае ўражанне. З’явілася ідэя — усе выданні адсканаваць, каб зберагчы як факт змагання нашай культуры за выжыванне ў цяжкіх умовах на чужыне, як факт жывучасці беларускіх ідэй і ахвярнасці нашых людзей.

Затым Алесь Кот коратка распавёў пра гісторыю Беларускага Крыжа, да якога і прыйшлі канадскія беларусы. Ідэя ўзняцця мемарыялу ў Прошчы Пакутнікаў з’явілася ў спадарства Жук-Грышкевічаў (доктар Раіса Жук-Грышкевіч, доктар Вінцэнт Жук-Грышкевіч) шмат раней таго восеньскага дня ў 1987 годзе, калі дырэктару Мартырс Шрайн даслалі першы ліст з прапановай усталяваць у Прошчы Беларускі Крыж. У студзені 1988 года дазвол быў атрыманы. І адразу распачаліся практычныя дзеянні.

Найперш з’явіўся заклік да беларускага грамадства замежжа адносна пабудовы Беларускага Крыжа. У прыватнасці ў ім узгадвалася, што ў 1988 годзе беларусы свету адзначаюць 1000-годдзе хрысціянства ў Беларусі. Гэты важны юбілей прапанавана ўславіць узняццем Беларускага Крыжа ў Канадзе, у святым месцы Паўночна-Амерыканскіх Мучанікаў, што завецца Мартырс Шрайн, Прошча Пакутнікаў.

Знаходзіцца гэтая прошча ў мясцовасці Мідленд, міляў 80 на поўнач ад горада Таронта, над возерам Гурон на маляўнічым лясістым узгорку. На самай гары стаіць касцёл, а навокал яго, на плошчы колькі гектараў лесу, размешчаныя крыжы альбо алтары розных нацыянальнасцей: італьянцаў, партугальцаў, славакаў, харватаў, палякаў, літоўцаў, славенцаў, філіпінцаў. Штотыдня там адбываюцца паломніцтвы, тысячы людзей наведваюць Прошчу Пакутнікаў.

На Беларускім Крыжы меркавалі выбіць надпіс: ''Крыж гэты ўзнесены беларусамі (дата) ў тысячныя ўгодкі прыняцьця хрысьціянства ў Беларусі на славу Богу й Бацькаўшчыне''. А далей ішоў бы тэкст малітвы ''Магутны Божа''. Меркаваны кошт такога крыжа склаў тры тысячы долараў. Арганізатары праекту звярнуліся да суродзічаў замежжа спрычыніцца фінансава да гэтага праекту, які стаў бы трывалым следам нашага нацыянальнага жыцця на паўночна-амерыканскім кантыненце.

Фактычны кошт пабудовы Крыжа аказаўся $6,735.95. І гэта ў цэнах 1988 года.

Кіраваў пабудовай Д-р Вінцэнт Жук-Грышкевіч.

Урачыстасці асвячэння Беларускага Крыжа адбыліся на трэці дзень 18-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амерыкі на свята Лэйбар Дэй 1988 года, калі яе ўдзельнікі з Бацькаўшчыны, Аўстраліі, Еўропы, ЗША і Канады зрабілі паломніцтва ў Прошчу Паўночна-Амерыканскіх Пакутнікаў у Мідлендзе. Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел:

- Дырэктар Прошчы айцец Джэймс Фарэл
- айцец Надсан, Апостальскі Візітар для Беларусаў
- кіраўнік пабудовы Крыжа і былы Старшыня Рады БНР др. Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Канада
- Старшыня Галоўнай Управы Згуртавання Беларусаў Канады Раіса Жук-Грышкевіч
- Старшыня Рады БНР др. Язэп Сажыч
- паэтка Наталля Арсеннева, ЗША
- пісьменнік Сакрат Яновіч, Польшча
- Старшыня Галоўнай Управы Беларуска-Амерыканскага Задзіночання сп. Антон Шукелойць
- Старшыня Згуртавання Беларусаў Правінцыі Квэбэк, Канада сп. Анатоль Храноўскі
- Старшыня Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва ў ЗША др. Вітаўт Кіпель
- Старшыня Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва ў Канадзе мастачка сп-ня Івонка Сурвіла
- Старшыня Атаўскага аддзелу Згуртавання Беларусаў Канады Янка Сурвіла
- Старшыня Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Чыкага др. Вера Рамук
- Старшыня Таварыства ''Беларусь'' сп. Аляксандр Палескі
- Заступнік старшыні Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады сп. Паўлюк Пашкевіч
- кіраўнік танцавальнага гуртка ''Васілёк'' др. Ала Орса-Романо
- кіраўнік беларускай радыёперадачы ў Беластоку Уладзіслаў Праховіч, Польшча
- кіраўнік беларускай радыёперадачы ў Сіднэі Міхась Лужынскі, Аўстралія
- ансамбль ''Дубіны'' пад кіраўніцтвам сп. Пэтры Скепкі, Беласточчына, Польшча
- спявак сп. Багдан Андрусішын (Данчык), ЗША
- пляменніца Івана і Антона Луцкевічаў сп-ня Яна Каханоўская
- сп-ня Эва Пашкевіч-Маккэрвіл, Ванкувер, Канада
- спадарства Вініцкіх, Лос Анджэлес, ЗША
- спадарства Стусаў, Лос Анджэлес, ЗША
- сп. Язэп Арцюх, Лос Анджэлес, ЗША

Дырэктар Прошчы айцец Джэймс Фарэл прывітаў паломніцтва беларусаў і вітаў пабудову беларускага Манумента ў прошчы. Літургія адпраўлена айцом Надсанам, Апостальскім Візітарам для Беларусаў. Гонар адкрыцця мемарыяльнай дошкі на каменнай падставе Крыжа, заслоненай бел-чырвона-белым сцягам, айцец Надсан даручыў д-ру Раісе Жук-Грышкевіч.

З таго часу канадыйскія беларусы штогод зарганізоўваюць пілігрымкі да свайго, Беларускага Крыжа.

Сёлета Крыж адзначае свой 30-гадовы юбілей, а месца, дзе ён узвышаецца, набыло за гэты час статус сакральнага для беларусаў Канады. Штогод Рада Парафіі Св. Кірылы Тураўскага (БАПЦ), Галоўная Управа Згуртавання Беларусаў Канады зарганізуюць пілігрымкі ў Мідленд, каб прадэманстраваць нашую духоўную еднасць з хрысціянамі іншых нацыянальных суполак Канады.

Дызайнерка Ірына Варабей у гэты дзень ля Беларускага Крыжа коратка распавяла пра гісторыю Прошчы, дзе сярод 48 крыжоў, алтароў, памятных, мемарыяльных знакаў пачэснае месца займае і наш, пра тое, як узнікла гэтае святое месца.

Алесь Кот распавёў яшчэ пра адзін мемарыяльны крыж, што побач з Беларускім памятным Крыжам. Ён усталяваны ў 1995 г. беларусамі Канады на сёмыя ўгодкі адкрыцьця свету праўды пра Курапаты. На гранітным пастаменце шасціканцовы крыж, а на камяні ўсталявана мемарыяльная шыльда з наступным надпісам на трох мовах: англійскай, беларускай лаціне і французскай:

Алесь Кот распавёў яшчэ пра адзін мемарыяльны крыж, што побач з Беларускім памятным Крыжам. Ён усталяваны ў 1995 г. беларусамі Канады на сёмыя ўгодкі адкрыцьця свету праўды пра Курапаты. На гранітным пастаменце шасціканцовы крыж, а на камяні ўсталявана мемарыяльная шыльда з наступным надпісам на трох мовах: англійскай, беларускай лаціне і французскай:




''Памяці ахвяраў камуністычнага тэрору.

Сотні тысяч нявінных ахвяраў, растраляных у Курапатах, сотні тысяч беларускіх навукоўцаў, настаўнікаў, пісьменьнікаў, паэтаў, сялян, работнікаў, замучаных у савецкіх вастрогах, ссыльных лагерох Варкуты, Калымы й Салоўкаў – мы вас не забудзем!

"Курапаты - Дарога Сьмерці" - сталіся сымбалем генацыду беларускага народу, учыненага над ім палітыкай савецкага рэжыму''.

Алесь Кот зазначыў, што тады, больш за дваццаць год таму, не ведалі многага і пра чалавечыя страты ў Беларусі падчас панавання сталіншчыны, і пра рэальныя страты падчас шасцігадовай Другой сусветнай вайны. Цяпер вядома, як маніпулявалі статыстыкай загінулых у мірны і ваенны перыяды з 1917 па 1953 гады, калі статыстыку закатаваных, расстраляных нкусаўцамі перапампоўвалі ў статыстыку ахвяраў тае страшэннае вайны, каб схаваць маштабы злачынстваў савецкага рэжыму, спіхнуўшы бальшыню рэпрэсаваных на гітлерцаў.


Падчас пілігрымкі адбыўся кароткі экскурс у 1988 год, калі пасля публікацыі ЛіМа пра Курапаты ў беларускім грамадстве адбыўся літаральна выбух, вынікам якога стала заснаванне Беларускага Народнага Фронту і падзеі на Усходніх могілках, што фактычна з’явілася першым у СССР адкрытым сутыкненнем твар у твар дэмакратычных сіл і камуністычнай імперыі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць