Беларусы не могуць вярнуцца з Тайланду. «Белавія» прапанавала квіткі за неверагодны кошт

Прыблізна 170 грамадзянаў Беларусі дасюль не маюць магчымасці трапіць дадому з Тайланду, піша «Белсат».
Беларусаў з Індыі, Тайланду і В’етнаму меліся забраць казахскія авіялініі, але ў выніку нашыя суайчыннікі скарыстацца магчымасцю эвакуацыі не здолелі. 14 сакавіка ім паведамілі, што эвакуацыйны рэйс «Белавіі» Усць-Каменагорск – Мінск адмяняецца з арганізацыйных і фінансавых прычынаў. Кацярына з Мар’інай Горкі, якая захрасла ў Тайландзе з дачкою, распавяла пра нечуваны кошт на квіткі «Белавіі» ды адсутнасць дапамогі з боку беларускага МЗС.

Кацярына прыляцела з 6-гадовай дачкой у Азію 5 сакавіка, яшчэ да выбуху эпідэміі каронавіруса ў гэтым рэгіёне. Жанчына тлумачыць, што квіткі набыла некалькі месяцаў таму і хацела аздаравіць дзіця, якое апошнім часам часта хварэла. Жыхарка Мар’інай Горкі думала здаць квіткі, але сястра, якая жыве ў Тайландзе, запэўніла, што там бяспечна: выпадкаў заражэння на той момант было няшмат. 

Зваротныя квіткі беларуска мела на 4 красавіка, але ўжо праз паўтара тыдня з дня іхнага прыезду сітуацыя кардынальна памянялася. Цяпер там, як і ў большасці дзяржаваў з каранцінам, працуюць толькі крамы з харчамі першай неабходнасці ды аптэкі, дзеіць каменданцкая гадзіна і пакаранне штрафам 600 долараў за выхад без маскі на вуліцу, транспартавае злучэнне спыненае. У той самы час мяжу Беларусі з Расіяй закрылі, трансфер з Масквы да Мінску, якім Кацярына мелася даляцець дадому, адмянілі.

«Адзінае, што дазволілі транзітны пераход, калі ёсць квіток «Белавіі» да Мінску з Масквы. Мы набылі квіткі на самалёт «Белавіі» і былі спакойныя, што паляцім. Але праз пару дзён увялі абмежаванне на колькасць пасажыраў, якія могуць прыбыць у «Шарамецьева»: 500 чалавек з усіх краінаў. Яшчэ праз пару дзён «Аэрофлот» ануляваў усе раней купленыя квіткі і заняўся эвакуацыяй выключна расіян. Тым часам «Белавія» адмяніла ўсе палёты».

Спачатку беларускі бок планаваў дамовіцца на эвакуацыю Балі – Тайланд – Вʼетнам – Казахстан – Мінск, якая мелася каштаваць Кацярыне 1600 доларў за два квіткі. Аднак гэтым рэйсам 14 красавіка паляцелі толькі расійскія турысты. Новая прапанова дыпламатаў яшчэ даражэйшая: беспасярэдні чартарны рэйс «Белавіі» Тайланд – Мінск за 1900 долараў.

«Мы страцім прынамсі 2500 долараў. «Аэрофлот» не вяртае грошай за нерэалізаваныя квіткі, можна толькі рабіць новую рэзервацыю. Я нават не ведаю, дзе ўзяць такія грошы. Я адна выхоўваю дзіця, аліменты маленькія. Расіянам эвакуацыя каштавала 400 еўра з чалавека, а для нас – 950 долараў. Нам вырашылі не памагчы, а зарабіць на нас».

Беларуска кажа, што не наракае ўпустую, але спадзявалася на дапамогу, якую іншыя краіны даюць сваім грамадзянам.

«Расіянам давалі нават грошы на жыццё, 30 долараў на чалавека. Дзяржава хоча ад нас 1900 долараў. Што гэта за эвакуацыя? Я не адмаўляю, што рызыкавала, калі сюды ляцела, але квіткі ў тры разы даражэйшыя. Гэта ненармальна».

Кацярына дадае, што цяпер застаецца чакаць 1 траўня, калі адкрыюць мяжу Беларусі з Расіяй. Жанчына спадзяецца, што «Аэрофлот» пагодзіцца іх забраць.

«У нас пакуль ёсць дах над галавой, але і гэта хутка скончыцца. Калі нас не забярэ «Аэрофлот», трэба будзе думаць, што рабіць. Браць крэдыт ці што, пакуль не ведаю».

Амбасада Беларусі ў Вʼетнаме абяцае, што будзе прапрацоўваць магчымыя варыянты эвакуацыі. Аднак канкрэтных датаў не падае.

ДР belsat.eu

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: