Беларусы Нью-Ёрка пачалі святкаванне 100-х угодкаў БНР (фота)

У суботу, 24 сакавіка. А 12 гадзіне госці і арганізатары свята сабраліся ў Social Hall на Манхэтане. Свята пачалося з буфета з беларускімі стравамі і прысмакамі. Працавалі таксама кірмаш беларускіх суверніраў і выстава "Ідэя БНР у ЗША".

Афіцыйная частка пачалася відэавіншаваннем Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы. З прывітальным словам выступіў таксама ганаровы госць свята — першы амбасадар ЗША ў Беларусі Дэвід Суорц.


Доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук з Акадэміі Навук Польшчы выступіў з экскурсам у часы стварэння БНР. Яшчэ адна навуковая прамова — прафесара Ўартбург Коледжа і выканаўчага дырэктара Цэнтра беларускіх даследаванняў Паўліны Сурвілы — была прысвечана вывучэнню беларускай ідэнтычнасці ў Амерыцы.


Пра тое, як святкавалі ўгодкі БНР на працягу існавання беларускай дыяспары, распавёў адзін са старэйшын беларускай эміграцыі Вячка Станкевіч.


Ірына Хадарэнка, пісьменніца і даследчыца тэорыі і гісторыі літаратуры, прэзентавала свой відэапраект "Галасы свабоды/Voices of freedom", у якім прагучалі вершы сучасных беларускіх паэтаў і іх пераклады на англійскую мову ў выкананні англамоўных чытальнікаў.

У святочным канцэрце ўзялі ўдзел музыка і кампазітар з Нью-Ёрка, лідар гурта "Літвакус" Зісл Слеповіч, Выканаўцы з Беларусі Яўген Сокалаў (гурт ЗНАрок) і вядомы рэпер і кінаактор Vinsent.


Ад імя ўсіх прысутных хочацца падзякаваць фундатарам і арганізатарам мерапрыемства: фонду Орса-Рамана, фундацыі Крэчэўскага і асабіста Валянціне Трыгубовіч; вядоўцам імпрэзы: Андрусю Асадчаму, Вользе Мажытовай, Алене Рыдзеўскай і Ганне Сакалоўскай; а таксама Вользе і Алене Талатынік за пачастунак.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: