Бітва за падручнік

«Unidad Didáctica Herenegun» — так называецца праграма выкладання гісторыі Краіны Баскаў для мясцовых ВНУ, якую выдалі напярэдадні цяперашняга навучальнага года. Сам падручнік прадставілі на суд публікі ў кастрычніку. Рэакцыя на яго аказалася такой гучнай, што скандал трывае і цяпер.

Фота www.republica.com

Усё праз параграфы, прысвечаныя феномену ЕТА — групоўкі, якая з 1960-га па 2018-ы дамагалася незалежнасці краю тэрарыстычнымі метадамі. Менавіта прамежак часу паміж 1960 і 2018 годам — вырашылі вывучаць як асобную частку гісторыі. Прычым да гэтага перыяду прапануецца падыходзіць праз падвойную перспектыву: з аднаго боку, вывучаць гісторыю ETA, а з другога — эвалюцыю баскскага сацыяльна-палітычнага кантэксту. Гэта эвалюцыя мела ўласнае жыццё. Эканоміка, грамадства, інстытуцыяналізацыя рэалізаваліся насуперак дыскурсу і акцыям ETA.

Шмат хто пабачыў у такой інтэрпрэтацыі спробу рэабілітаваць тэрарыстаў. Апошнім, маўляў, надаецца зашмат увагі, хаця іх падтрымка ў баскскім грамадстве заўжды была дастаткова слабая.

Аднак апісанага вышэй метадычнага падыходу да падручнікаў не зразумелі не толькі іспанскія дзяржаўнікі, забабоны якіх традыцыйна прадстаўляе кансерватыўная Народная партыя (РР). У РР новы падручнік увогуле разглядаюць як прадукт тэрарыстычнага падполля, прадстаўнікі якога нейкім чынам, маўляў, прабраліся ў міністэрства адукацыі. Не спадабалася спікерам РР і згадка ў тэксце пра GAL — сакрэтную арганізацыю іспанскіх сілавікоў, якія таемна забівалі і катавалі баскскіх актывістаў у 1980-я гады.

Кампанію супраць рэабілітацыі ЕТА падтрымала і ліберальная Іспанія. Іх трыбуна, газета «El Mundo», піша: «Баскі пачалі зачыстку сваёй гісторыі. Цяпер студэнты мясцовых універсітэтаў павіны будуць ведаць самыя значныя аперацыі тэрарыстаў, іх арганізатараў і ўдзельнікаў. Наўрад ці пры гэтым выкладчыкі ўзгадаюць, што ЕТА забіла 800 мірных цывільных грамадзян. Фактычна гэта рамантызацыя групоўкі. Спроба надаць гвалту нейкую канцэпцыю. (…) Наша задача — змагацца супраць падобнай хлусні і маніпуляцыі».

Алею ў полымя скандалу падлілі сябры арганізацыі «Калектыў родных ахвяр тэрарызму» («Covite»), якія сцвярджалі, што грамадскасць нічога не ведала пра падрыхтоўку падручніка. Дасталася ад «Covite» таксама мадрыдскім чыноўнікам, якія дапусцілі публікацыю.

На гэтым фоне, падавалася, трошкі дзіўна выглядаюць заявы радыкальных баскскіх незалежнікаў з партыі «Bildu», якую негалосна лічаць палітычнай вітрынай ЕТА. Яны, як не дзіўна, таксама не ў захапленні ад праграмы «Herenegun». У «Bildu» адзначаюць, што нехта намагаецца схаваць важныя факты, якія тычацца гісторыі ЕТА.

У новых падручніках няма гаворкі пра так званы Сусветны баскскі кангрэс, арганізаваны ў Парыжы ў 1956 годзе амерыканцамі, якія сябравалі з Франка. Пад ціскам спонсараў гэты кангрэс прагаласаваў за прызнанне баскамі рэжыму Франка. Пастанова выклікала шок сярод баскскай моладзі і падштурхнула некаторых пайсці ў тэрор. Нашчадкі ўдзельнікаў таго кангрэсу ў выглядзе правацэнтрысцкай Баскскай нацыянальнай партыі (PNV) дасюль кіруюць рэгіёнам і яўна не зацікаўленыя прызнаць, што ў свой час сталі стымулам радыкалізацыі баскскага грамадства.

Між тым, урад аўтаноміі не пагаджаецца з крытыкамі. На іх думку, змест «Herenegun» не ўтрымлівае ніякага праслаўлення ці прапаганды палітычнага гвалту. Дадатковы аргумент: у любым выпадку, трэба было пачаць распавядаць пра гісторыю рэгіёна. Усе папярэднія вучэбныя праграмы сарамліва абыходзілі такія тэмы, як тэрарызм ЕТА і дзейнасць фармавання GAL.

«Гэта рэальнасць нашага краю, і гэта трэба распавесці моладзі. Але распавядаць, што адбылося, трэба так, каб не апраўдваць бакі канфлікту. Апавяданні пра катаванні GAL не апраўдваюць гвалту ЕТА, не адбельваюць яе гісторыю, не падтрымліваюць яе тэорыю канфлікту. Аповед пра трагедыю і боль — следства акцый тэрарыстаў — не апраўдвае стварэнне ЕТА або практыку катаванняў. Праблема ў тым, што людзі глядзяць на сябе праз люстэрку мінулага. На жаль, часцяком у тым люстэрку з’яўляецца пачварны і непрыемны вобраз. Пабачыўшы пачвару, некаторыя спрабуюць разбіць люстэрка. Але мірнае суіснаванне ў грамадстве патрабуе шчыра зірнуць у тое люстэрка мінулага», — кажа адзін з аўтараў праграмы «Herenegun».

Пакуль у Краіне Баскаў працягваюцца спрэчкі гісторыкаў, камісары цэнтральнага ўраду ў канфлікт намагаюцца не ўмешвацца. Прадстаўнік Мадрыду ў Краіне Баскаў заклікаў антаганістаў знайсці кампраміс наконт зместу новай вучэбнай праграмы.

Аднак пазіцыя Мадрыду можа змяніцца, як толькі ад улады адсунуць цяперашні ўрад сацыялістаў Педра Санчэса, які, дарэчы, блакуецца з PNV. Такая перспектыва выглядае цалкам рэальнай з улікам выбараў у Андалузіі. Па іх выніках сацыялісты страцілі ў рэгіянальным парламенце абсалютную большасць мандатаў і не маюць шанцаў сфармаваць урад — нават у кааліцыі з іншымі левымі.

Альтэрнатывай, хутчэй за ўсё, будзе правая кааліцыя. У тым ліку з удзелам партыі Vox — першай праварадыкальнай партыі, якой атрымалася патрапіць у заканадаўчыя органы за 46 гадоў існавання іспанскай дэмакратыі. І, магчыма, для Vox Андалузія — гэта толькі старт. Хутка па ўсёй краіне пройдуць муніцыпальныя і парламенцкія выбары, а на травень прызначаныя выбары ў Еўрапарламент.

На фоне поспехаў Vox нельга выключаць як мінімум радыкалізацыі дыскурсу іспанскіх правых. Як вынік, адбудзецца паступовае вяртанне да аднаго з догматаў спадчыны Франка, які сцвярджае, што ніякай баскскай нацыі ўвогуле не існуе, а іх аўтаномію трэба ліквідаваць. Менавіта такое абяцанне, дарэчы, і прысутнічае ў праграме Vox. Калі нацыі не існуе, то што ўжо казаць пра нейкія падручнікі яе гісторыі?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!