Беларуска з Тбілісі: «Такое ўражанне, што ты ў цэнтры ваенных дзеянняў»

Беларуска Таццяна Монцік з сям’ёй жыве ў Тбілісі. Адпачыўшы на Чорным моры, у ноч з суботы на нядзелю яна вярнулася — і не пазнала Тбілісі.



— Такое ўражанне, што я вярнулася ў зусім іншы горад. З акна свайго дома я бачу кавалак дарогі, якой больш няма. Яе ўсю змыла. Гарадскі ландшафт зусім перамяніўся. Учора рух быў цалкам паралізаваны, над горадам ляталі самалёты, спрабавалі высачыць жывёлаў, якія збеглі з разбуранага заапарку. Заапарк быў у нізіне, і ён цалкам разбураны. Дагэтуль не ўсіх драпежнікаў злавілі, каго не маглі злавіць — проста адстрэльвалі. Кажуць, што з шасці тыграў, якія паўцякалі, чатырох застрэлілі, з шасці львоў — трох застрэлілі. Уначы на вуліцы Пертыяшвілі тыгр разарваў шэсць бяздомных сабак. І дагэтуль паліцыя папярэджвае, што хадзіць па горадзе пешшу небяспечна.

Тацяна МонцікТацяна Монцік
 

Я ўчора размаўляла з супрацоўнікамі Чырвонага Крыжа, яны ўсю тую ноч ратавалі людзей, якіх магутная плынь павымывала з дамоў. Яны распавядалі жудасныя рэчы, як людзі захлыналіся ў бруднай вадзе. На жаль, выратаваць удалося не ўсіх. Паводле супрацоўнікаў Чырвонага Крыжа, 24 чалавекі лічацца зніклымі без вестак, больш за 200 сем’яў засталіся без жытла. А там, дзе стыхія разгулялася найбольш, усё забарыкадавана, шмат паліцыі, выюць сірэны, і складаецца такое ўражанне, што ты ў цэнтры ваенных дзеянняў.

 

Я жыву на 12-м паверсе, сёння еду ў ліфце, а па сценах сцякае вада. Тэлефаную ў ЖЭС, мне адказваюць, што сутарэнні затапіла, там стаіць вада, гарадскія камунальнікі абяцалі прыслаць майстра. Але ж мы разумеем, што калі ў горадзе такая трагедыя, то вельмі няхутка чарга дойдзе да вады ў сутарэнні...

 

У цэнтры сталіцы, на Плошчы Герояў, таксама ўсё разбурана, размыта. Вельмі шмат валантораў дапамагаюць разграбаць, расчышчаць горад.

 

— Тацяна, а на ваш погляд, гэта так разгулялася стыхія, некіраваная прырода? Побач горы, у горадзе цячэ Кура, шмат меншых рэчак. Ці ўсё ж такі ёсць віна камунальных службаў, праблемы з ліўневай каналізацыяй, са сцёкамі?

 

— Безумоўна, праблемы ёсць. Шмат крытыкаў Саакашвілі цяпер кажуць, што ў перыяд яго кіравання раку Вэрэ замуравалі ў трубу, умяшчальнасць якой раўнялася аб’ёму дзвюх такіх рэчак, а калі разгулялася стыхія, і ўсё з гор збягала туды, аб’ём вады павялічыўся ў 30 разоў. Гэтую трубу магутная плынь проста разнесла, таму што вышэй, у гарах, каля пасёлку Цхнеці, прарвала плаціну. Усе гэтыя плыні вады абрынуліся на Тбілісі. Вада разбурыла і нядаўна пабудаваную хуткасную дарогу, якая праходзіла над ракой, і практычна ўсё знесла на сваім шляху.

 

— А на ваш погляд, ці доўга будуць ліквідаваць наступствы стыхіі, рабіць парадак у горадзе?

 

— Калі меркаваць па згуртаванасці простых людзей, гатоўнасці іх дапамагаць, — магчыма, і не вельмі доўга. Але шмат што будзе залежаць ад таго, колькі выдаткуюць сродкаў на аднаўленне гораду, і як гэтыя сродкі будуць размяркоўвацца. Так што пакуль цяжка сказаць... Напрыклад, новая дарога, якая цалкам разбурана, была ледзьве не галоўнай транспартнай артэрыяй гораду.

 

Улады спрабуюць узняць настрой, патрыятычны дух людзей, абяцаюць хутка ўсё аднавіць. Але, на маю думку, гэта ўсё непрадказальна. Прагноз надвор’я несуцяшальны — і сёння ўначы, і заўтра сіноптыкі абяцаюць зноў моцныя залевы.

www.svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: