Bloomberg: Літва рыхтуецца да ядзернай катастрофы ў Беларусі

Сталіца балтыйскай краіны нервуецца з-за адкрыцця атамнай электрастанцыі ўсяго за 40 кіламетраў на беларускай тэрыторыі.

Фота Flickr/Андрэй Чарнякоў


Вуліцы гэтага горада былі фонам для серыяла «Чарнобыль», які стаў хітом гэтага года. Фільм распавядае пра смяротны выбух на савецкай атамнай электрастанцыі, які адбыўся ў 1986 годзе. Цяпер літоўскі горад Вільнюс рыхтуецца да ўласнай патэнцыйнай атамнай катастрофы і не ў кіно, а ўяве. Пра гэта піша Bloomberg, дадаючы, што сталіца Літвы нервуецца з-за непазбежнага адкрыцця атамнай электрастанцыі ўсяго ў 40 кіламетрах па іншы бок мяжы з Беларуссю. Пасля шэрагу інцыдэнтаў у працэсе будаўніцтва і спробаў схаваць іх, многія лічаць АЭС паблізу горада Астравец, якую будуе Расія, небяспечнай.

Урад Літвы выдаткаваў 900 тысяч еўра на стварэнне запасу ёду ў таблетках на выпадак уцечкі радыяцыі ў суседняй краіне, ад якой могуць пацярпець 2,8 мільёна літоўцаў. Акрамя таго, будуць праведзены агульнанацыянальныя вучэнні для праверкі гатоўнасці да катастрафічных падзей.

«Усё, што вы бачылі ў серыяле “Чарнобыль”, будзе тут: сірэны, ратавальнікі і верталёты», — сказаў старшыня Савета грамадскай абароны Едгарас Геда. Яго ведамства праводзіць вучэнні. «Людзі да гэтага часу памятаюць Чарнобыль. Шмат нашых сваякоў ўключна з маім дзядзькам былі адпраўленыя на ліквідацыю наступстваў. Таму ў нас ёсць вопыт з першых рук. Мы не збіраемся разважаць, ці адбудзецца катастрофа. Мы рыхтуемся да яе», — дадаў Геда.

Чатырохдзённыя вучэнні пачнуцца першага кастрычніка. Паводле легенды, у Астраўцы — аварыя, накшталт чарнобыльскай. Воблака радыеактыўных матэрыялаў трапіла ў атмасферу. Спрацуюць спецыяльныя сірэны, паведамленні з папярэджаннямі будуць разасланыя грамадзянам на мабільныя тэлефоны. А нацыянальнае тэлебачанне паведаміць пра катастрофу. У некаторых рэгіёнах ратавальнікі і вайскоўцы будуць праводзіць эвакуацыю. У іншых месцах добраахвотнікі будуць граць ахвяр. Іх будуць рэгістраваць, мыць, забяспечваць чыстым адзеннем, а потым перавязуць у бяспечныя месцы для медыцынскіх праверак.

Бяспека АЭС у Астраўцы выклікае непакой. З пачатку будаўніцтва ў 2012 годзе па меншай меры трое чалавек загінулі. Літва устрывожаная празрыстасцю працэсу, паколькі некаторыя інцыдэнты былі наўмысна засакрэчаныя, у прыватнасці, дэталі выпадку, калі 330-тонны корпус атамнага ядра станцыі сарваўся з крана і ўпаў на зямлю.

Фота twimg.com


АЭС у Беларусі павінна вырабляць 2400 мегават электраэнергіі. Два яе рэактары будуе экспартнае крыло расійскай дзяржаўнай кампаніі «Расатам». Яно таксама займаецца праектамі ў Турцыі, Кітаі і Фінляндыі. Гэтая ж кампанія праводзіла нагляд за ядзернымі ракетнымі выпрабаваннямі 8 жніўня, якія скончыліся аварыяй. Пяцёра вучоных загінулі, а радыяцыйны ўзровень падскочыў у рэгіёне ў Палярнага круга.

Расія прафінансавала ільвіную долю будоўлі АЭС у Астраўцы, кошт якой дасягае 11 мільярдаў долараў. Яна ж будзе адзіным пастаўшчыком ядзернага паліва. Літва адмовілася купляць электраэнергію з гэтай станцыі і хоча, каб іншыя яе суседзі зрабілі тое ж. Для многіх людзей у Вільнюсе яшчэ занадта свежая памяць пра выбух у Чарнобылі на тэрыторыі Украіны больш чым 30 гадоў таму, а таксама спробы ўладаў СССР схаваць яго. У гэтым месяцы многія жыхары Вільнюса змогуць асвяжыць ўспаміны падчас трансляцыі серыяла «Чарнобыль» на мясцовым стадыёне.

«Я выразна памятаю дзень выбуху Чарнобыля. Гэта вельмі трывожна. Атамныя электрастанцыі наогул страшныя. Але гэтая асабліва палохае, таму што яна вельмі блізка», — сказала пенсіянерка Ана Рімкіенэ, якая працавала медсястрой.

Беларусь, якая збіраецца даставіць першае ядзернае паліва на АЭС у Астраўцы да першага кастрычніка, адмаўляе праблемы з бяспекай на станцыі. Ва ўсялякім разе, Мінск праігнараваў міжнародныя рэкамендацыі не будаваць атамныя станцыі ў межах 100-кіламетровай зоны вакол буйных гарадоў. Гэтыя рэкамендацыі з’явіліся пасля аварыі на АЭС «Фукусіма» ў 2011 годзе.

Літва неаднаразова скардзілася Еўропе на пагрозы ад беларускай станцыі: у прыватнасці таму, што яе будуюць на тэрыторыі з высокімі сейсмічнымі рызыкамі. Цяпер Літва адсочвае ўзровень радыяцыі ўздоўж беларускай мяжы, а таксама ў водах ракі, якая праходзіць міма Астраўца і цячэ ў Вільнюс. Уцечка матэрыялаў можа атруціць пітную ваду ў горадзе, дзе жыве 540 тысяч чалавек.

«Верагоднасць ядзерных аварый нізкая. Але патэнцыйныя наступствы катастрафічныя. Таму лепш падрыхтавацца», — сказала кіраўнік службы грамадзянскай бяспекі ў Вільні Сандра Нарбутайтэ.

Пераклад з англійскай УНІАН

Пераклад на беларускую НЧ



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: