Болей за 350 тысяч мірных жыхароў загінулі ў Сірыі паводле ААН

Вайна ў Сірыі прывяла да вялікай колькасці ўцекачоў: краіну пакінулі 6,8 млн чалавек. Амаль столькі ж вымушаныя былі пераехаць з аднаго рэгіёна краіны ў іншы, піша Свабода.
Як сведчаць даныя, атрыманыя Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый, за час грамадзянскай вайны ў Сірыі, з сакавіка 2011 года і па сакавік 2021 года, было забіта каля 350 тысяч мірных жыхароў. Пра гэта паведаміла Мішэль Бачэлет, вярхоўны камісар ААН па правах чалавека, яе цытуе «Голас Амерыкі».

Аналіз стратаў сярод грамадзянскага насельніцтва правялі на замову Упраўлення вярхоўнага камісара па правах чалавека.

Мішэль Бачэлет сказала, што колькасць загінуўшых мірных жыхароў падлічылі на аснове даных, сабраных узначаленым ёю ведамствам, няўрадавымі арганізацыямі, а таксама сірыйскімі ўладамі.

«У нашу статыстыку ўключаны толькі тыя людзі, якіх удалося ідэнтыфікаваць па поўным імені, з усталяванай датай смерці, і тых, хто загінуў у пэўнай правінцыі. Аднак гэта не з'яўляецца поўным спісам смерцяў, звязаных з канфліктам у Сірыі за гэты перыяд. Гэта мінімальная колькасць, якую магчыма праверыць. Безумоўна, фактычная колькасць забойстваў значна большая», — сказала Бачэлет.

Найбольшую колькасць забойстваў задакументавалі ў Алепа, за ім ідуць вёскі вакол Дамаску, а таксама Хомс, Ідліб, Хама і Тартус.

Вярхоўны камісар дадала, што яе ўстанова пачала прымяняць устаноўленыя метады статыстычнай ацэнкі для ўліку колькасці чалавек, зніклых без вестак. Паводле яе слоў, гэта дасць больш поўнае ўяўленне аб маштабах канфлікту і яго ўплыве на сірыйскае грамадзтва.

Сірыйскі канфлікт справакаваў агромністую колькасьць уцекачоў: 6,8 мільёны чалавек звярнуліся да іншых краінаў з просьбай аб прадастаўленні прытулку, яшчэ 6,7 мільёны чалавек былі перамешчаныя ўнутры Сірыі. Агулам ужо больш за палову насельніцтва Сірыі, каля 13,5 мільёнаў чалавек, з'яўляюцца змушанымі перасяленцамі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: