«Больш небяспечны, чым Трамп»

На вынікі вырашальных для лёсу Еўропы выбараў у Францыі і Германіі шмат у чым паўплываюць сакавіцкія выбары ў Нідэрландах. Некаторыя пішуць, што на коне ўся еўрапейская дэмакратыя.

Фота www.nr2.lt

Па Еўропе гуляе папулярны анекдот пра тое, як у Нідэрландах змагаюцца з праблемай крыміналу. Любы від злачынства ў Амстэрдаме намагаюцца як мага хутчэй легалізаваць і, па магчымасці, браць са злачынцаў падатак за іх дзейнасць. Гэты жарт — больш, чым жарт. Гэта квін­тэсенцыя галандскай палітычнай культуры, у аснове якой — ідэі лібералізму і рацыяналізму. Праўда, магчыма, гаворка ўжо пра палітычную культуру мінулага. Новыя куміры галандцаў, накшталт Герта Вілдэрса, маюць іншы сімвал веры.

Сітуацыя з Вілдэрсам — лідарам правапапулісцкай Партыі Свабоды, увогуле незвычайная, паколькі знешне ён выглядае як жывая карыкатура на звыклы тыпаж галандскага палітыка-тэхнакрата. Праз свае асляпляльна-белыя валасы Герт падобны, хутчэй, на артыста з цырку-буфф. Правакацыйны выгляд бландзіна дапаўняе скандальная, агрэсіўная рыторыка, якая, дарэчы, ужо каштавала позывы ў суд.

Выбарчая праграма партыі Вілдэрса, якая, дарэчы, змяшчаецца на адзін аркуш, абяцае галандцам у выпадку перамогі закрыццё ўсіх мячэцяў, дэпартацыю з краіны ўсіх мусульман, забарону Карана. Адмоўнае стаўленне да эмігрантаў шмат каму падаецца своеасаблівай сямейнай траўмай Вілдэрса.

Яго маці нарадзілася ў Інданезіі, якая была тады галандскай калоніяй. Пасля вайны праз ціск мясцовых нацыяналістаў галандскія каланісты вымушаны былі збегчы на гістарычную радзіму, дзе іх трымалі за звычайных іншаземцаў-імігрантаў.

Другая любімая мішэнь у прапагандзе Вілдэрса — Еўрасаюз, які ён трымае за пагрозу для дэмакратыі. Тут Герт, натуральна, эксплуатуе непрыемную для Брусэля гісторыю 2005 года, калі галандцы прагаласавалі суп­раць праекту Канстытуцыі ЕС. Замест таго, каб шукаць дыялог, кіраўніцтва Еўрасаюза перазапусціла канстытуцыйны працэс. Новы праект — так званы «Лісабонскі трактат», праштурхнулі без усялякіх плебісцытаў. Гэта адгукнулася ростам еўрафобскіх настрояў, што шмат у чым паўплывала на вынік красавіцкага рэферэндуму наконт асацыяцыі Украіна—ЕС. Паколькі асацыяцыю лабіяваў Брусэль, галандскі абывацель, якому да Украіны няма справы, інстынктыўна абіраў пазіцыю «супраць».

Нягледзячы на прымітыўнасць выбарчых пастулатаў, Партыя Свабоды ў топе рэйтынгаў. Калі б выбары адбыліся заўтра, Вілдэрс меў бы пад рукой найбольшую групу дэпутатаў. Праўда, на першы погляд, нічога жудаснага тут няма. Каб сфармаваць кабінет міністраў, трэба абсалютная большасць мандатаў, а ў Вілдэрса большасць — адносная. Акрамя таго, іншыя партыі прысягаюць, што не будуць блакавацца з папулістамі.

Аднак у глабальным вымярэнні, на думку палітолагаў, гэта нічога не вырашае. Праблема палягае не ў тым, што ўрад без партыі Вілдэрса будзе вельмі стракатым (прагназуюць, што кааліцыя будзе складацца з пяці партый) і ўсё скончыцца хуткім урадавым крызісам ды новымі выбарамі.

Праблема ў тым, што феномен Вілдэрса заразіў усю палітычную дыскусію Нідэрландаў. Нават крытыкі папулістаў усё часцей выкарыстоўваюць яго прыёмы і напрацоўкі. Свежы прыклад: заява Марка Рутэ — прэм’ера і лідара кансерватыўнай «Партыі за свабоду і дэмакратыю» (VVD). У духу заяў Вілдэрса палітык-кансерватар прыстрашыў мусульман дэпартацыяй, калі яны не будуць жыць «нармальна». У мінулым снежні той жа Рутэ дамогся, каб у тэксце пра асацыяцыю Украіны з ЕС з’явіўся пункт: «пагадненне не дае Украіне статус краіны-кандыдата на ўступленне ў ЕС, а таксама не з’яўляецца абавязацельствам для прадастаўлення такога статусу Украіне ў будучыні».

Нельга выключаць, што сам Вілдэрс, магчыма, — папросту праява больш глабальных працэсаў. Яго праект нарадзіўся не на голым месцы і не паўстаў на базе якой-небудзь нацысцкай секты. Партыя Свабоды — гэта адкол ад той жа кансерватыўнай VVD, то бок, яе падтрымліваюць дастаткова адэкватныя грама­дзяне. У гэтым плане паўстала правакацыйная тэорыя пра тое, што правапапулісцкі рух у Нідэрландах — лагічны прадукт эвалюцыі лібералізму. Мясцовы бюргер, маўляў, бачыць пагрозу прынцыпам талерантнасці і дэмакратыі з боку тых жа ісламскіх фундаменталістаў.

Між тым, паўзучая экспансія папулісцкай думкі ў светапоглядзе галандцаў яшчэ больш небяспечная — з улікам апошніх заяваў Вілдэрса. Ён ахвотна разважае пра неадэкватнасць рэаліям палітычнай мадэлі краіны. Хаця дакладнай альтэрнатывы дэмакратычнаму ладу палітык не прапануе, ён адкрыта крытыкуе цяперашнюю судовую сістэму і парламентарызм. А вось саюзная Вілдэрсу партыя «Форум за дэмакратыю», якая таксама, паводле апытанняў, трапляе ў парламент, мае больш дакладны праект. У выпадку паўстання ўраду Вілдэрса, «Форум» прапануе замест парламенцкай дэмакратыі ўвесці мадэль кіравання праз механізм перманентных рэферэндумаў.

Падобныя пражэкты галандскіх палітыкаў вельмі пужаюць экспертны свет. Як піша брытанскі «The Spectator», «Вілдэрс больш небяспечны, чым Трамп, паколькі Трамп усё ж прызнае парламенцкую і прававую дзяржаву». «Яго (Вілдэрса) поспех будзе чорным днём для ўсіх старых дэмакратый Еўропы», — заключае выданне, намякаючы на тое, што менавіта Нідэрланды былі першай у гісторыі буржуазнай дэмакратыяй.

Тое, што пагроза канцэпту дэмакратыі паўстала на яе гістарычнай радзіме, надае сакавіцкім выбарам у Нідэрландах дадатковы сімвалічны прысмак. Нездарма правапапулісцкія медыя ў Еўропе разглядаюць выбары як эпахальныя. У прынцыпе, з гэтым згодныя і дэмакраты. «Калі ворагі Еўропы перамогуць у Нідэрландах і Францыі, Еўрасаюз — самы вялікі цывілізацыйны праект ХХ стагоддзя, — чакае калапс», — прызнаўся на днях нямецкі віцэ-канцлер Зігмар Габрыэль.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: