Браніслаў Камароўскі бярэ ўдзел у адзначэнні свята незалежнасці Літвы

У Вільні адбыліся ўрачыстасці з нагоды 95-й гадавіны атрымання Літвой суверэнітэту. На Прэзідэнцкай плошчы з прамовай выступілі прэзідэнты Літвы і Польшчы Даля Грыбаўскайтэ і Браніслаў Камароўскі.



Апоўдні 16 лютага адбылася цырымонія падымання трох сцягоў прыбалтыйскіх дзяржаў: латвійскага, эстонскага ды літоўскага. Гэта галоўны элемент аднаго з самых важных дзяржаўных святаў Літвы.

Неабходна рабіць націск на канкрэтныя пытанні, але старацца не кранаць балючых справаў. Такую пазіцыю ў польска-літоўскіх адносінах прапануе прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі. Высокапастаўлены прадстаўнік польскай дзяржавы падчас сваёй прамовы прыгадаў тое, што яднае два народы — напрыклад, студзеньскае паўстанне: “Каля Арла — знак Пагоні, нашы пайшлі ў бой без зброі. А паўстанцы са Жмудзі спявалі — палякі не загінуць, пакуль жывуць жмудзіны”.

Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ звярнула ўвагу на тое, наколькі неабходна адзінства дзяржавы: “Нельга дазволіць, каб чужынцы вырашалі за нас. Нельга абменьваць свабоду на кароткачасовыя карысці — ні праз выбары, ні ў пошуках энергетычнай бяспекі, ні ў будаванні міжнародных адносінаў”.

Камароўскі адзначыў, што польска-літоўскія ўзаемадачыненні пачынаюць паляпшацца, але неабходна назіраць, ці заявы новага ўраду не застануцца толькі ў галіне дэкларацый. Яны павінны перайсці ў канкрэтныя крокі: “Трэба спакойна, без падбухторвання старацца падказваць, як можна вырашаць спрэчныя пытанні. Дзеля гэтага можна паказваць і польскія прыклады, як у нас адносяцца да нацыянальнай меншасці, у тым ліку літоўскай, але таксама беларускай, нямецкай, украінскай. Гэта добрыя ўзоры, якія варта паказваць, якія варта згадваць”.

Апошнія візіты літоўскіх палітыкаў у Польшчы — гэта важныя, гістарычныя падзеі, якія палепшаць двухбаковыя адносіны — мяркуе прэм’ер-міністар Літвы Альгірдас Буткявічус. Нагадаем, на апошнім тыдні ў Варшаве пабывалі кіраўнік летувіскай дыпламатыі ды прэм’ер-міністр краіны. Буткявічус звяртае ўвагу на цёплую атмасферу перамоваў з польскімі партнёрамі:Я хацеў бы, каб гэта быў прарыў. А з апошніх сустрэчаў з прэзідэнтам Браніславам Камароўскім ды прэм’ер-міністрам Дональдам Тускам я раблю выснову, што гэта сапраўды пералом. Пакуль я буду на пасадзе прэм’ера, мы будзем сустракацца, каб вырашаць канкрэтныя спрэчныя пытанні. Каб грамадствы Літвы ды Польшчы бачылі, што мы сапраўды вырашаем праблемы”.

Для палякаў самая важная праблема — адносіны літоўскіх уладаў да польскай меншасці ў Літве. Гэта балючая праблема, якая тармозіць развіццё добрасуседскіх кантактаў. Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра напісанне прозвішчаў палякаў у дакументах па-польску або польскамоўныя ўказальнікі ў мясцовасцях, дзе пражывае шмат палякаў. Літоўскі прэм’ер адзначыў, што ўрад у Вільні прыняў ужо па гэтым пытанні канкрэтныя крокі:

Урад даручыў чатыром міністэрствам — міністэрству асветы т навукі, замежных справаў, культуры ды юстыцыі — стварыць рабочую групу, якая да сярэдзіны сакавіка павінна прадставіць стратэгічнаму камітэту ўраду адпаведныя высновы, а калі гэта будзе неабходна, таксама законапраекты, якія дазволяць вырашыць праблемы меншасці.

Прэзідэнт упэўнены, што на добрыя адносіны паміж Польшчай і Літвою павінна ўплываць згадванне пра студзеньскае паўстанне (або паўстанне Кастуся Каліноўскага — пад такой назвай яго ведаюць беларусы), якое адбывалася таксама ў Літве. Таму кіраўнік польскай дзяржавы ўсклаў кветкі на магілах камандзіраў паўстання, між іншым, на магіле камандзіра змаганняў у Жмудзі Зыгмунта Серакоўскага.

Б. Камароўскі адзначыў: “Студзеньскае паўстанне ў Літве было таксама пачаткам фармавання сучаснага літоўскага народу. У выніку гэтага працэсу нашы шляхі разышліся, кожны пайшоў сваёй дарогай. Але сёння мы жывем зноў блізка, у рамках аднаго арганізму — Еўрапейскага саюзу, а таксама ў рамках абароннага праекту NATO. Цяпер мы павінны шукаць шляхі, якія, зразумела, вядуць не да адной дзяржавы, а да функцыянавання ў рамках вялікага еўрапейскага праекту”.

Прэзідэнт мяркуе, што нельга казаць пра нейкія прыярытэты ў польска-літоўскіх адносінаў. Трэба толькі, каб дзве краіны аказвалі адна адной узаемную дапамогу.

Кіраўнік польскай дзяржавы па традыцыі бярэ ўдзел у адзначэнні свята незалежнасці Літвы. Сёлета на галоўнай плошчы Вільні не было польскіх сцягоў, затое паявіўся транспарант “Літва — гэта не польская правінцыя”. Тым не менш, Камароўскага цёпла прынялі ў Вільні. Пасля словаў, з якімі польскі госць звярнуўся да літоўцаў, яму білі брава.

Паводле radyjo.net

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: