Бразілія. Лула да Сілва вяртаецца

Экс-прэзідэнт Бразіліі, харызматычны лідар мясцовай левай Партыі працоўных (РТ) Луіс Інасіу Лула да Сілва зноў збіраецца стаць кіраўніком дзяржавы. 4 жніўня канферэнцыя РТ прыняла рашэнне вылучыць яго ў якасці кандыдата на вышэйшую пасаду.

Гэта з’яўляецца папросту беспрэцэдэнтным крокам: Лула да Сілва асуджаны за карупцыю. Акрамя таго, закон забараняе яму ўдзельнічаць у выбарах. Старшыня Вярхоўнага суда асабіста заявіў, што не дапусціць удзелу Лула да Сілва ў выбарах. 

З іншага боку, магчыма, кіраўніцтва РТ і мае рацыю. Па-першае, вердыкт суда дасюль аспрэчваецца адвакатамі. Апеляцыйны працэс працягваецца. Па-другое, Лула да Сілва мае добрыя сувязі ў сусветнай палітычнай эліце і ў касцёле. 

Нельга забываць, што ў 1970-я гады ён быў флагманам барацьбы з дыктатурай вайскоўцаў у Бразіліі. Прынамсі ўсе сацыялістычныя партыі свету патрабуюць яго вызвалення. Нарэшце, ён самы папулярны палітык у краіне з рэйтынгам 30 працэнтаў.

Цяпер усю краіну ахапілі вулічныя акцыі за кандыдатуру Лулы да Сілва, якія, відавочна, ціснуць на судовыя органы. Нарэшце, у выпадку яго адсутнасці ў спісе кандыдатаў фаварытам выбараў становіцца заўзяты правы папуліст Жаір Балсанару (Jair Bolsonaro), які, напрыклад, заклікаў адправіць усіх чарнаскурых актывістаў у заапарк. 

Такім чынам, грамадству прапануюць больш-менш адэкватную альтэрнатыву ў выглядзе Лула да Сілва або яго прадстаўніка на дэбатах Фернанда Хадада (Fernando Haddad). Не выключана, што ў апошні момант да Сілва здыме сваю кандыдатуру на карысць Хадада, якога на самай справе і спрабуе раскруціць.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць