Брытанія абвінаваціла Іран у спробе перахапіць свой танкер. Яму на дапамогу прыйшоў фрэгат

Іранскія караблі паспрабавалі спыніць брытанскі нафтавы танкер у Армузскім праліве, паведаміў урад Вялікабрытаніі. Гэта адбылося праз тыдзень пасля таго, як брытанскія марпехі затрымалі танкер з іранскай нафтай у Гібралтарскім праліве.
Як заявіў урад Брытаніі, інцыдэнт у Армузскім праліве адбыўся ў сераду: тры іранскіх катэры паспрабавалі перашкодзіць праходу камерцыйнага судна British Heritage, але вымушаныя былі адступіць, калі гэтага запатрабаваў экіпаж суправаджаючага танкер фрэгата HMS Montrose.

Іранскае агенцтва Fars паведамляе, што Корпус Вартавых Ісламскай рэвалюцыі Ірана адмаўляе сваю датычнасць да інцыдэнту. Агенцтва РІА Навіны ў сваю чаргу адзначае, што факт інцыдэнту адмаўляюць і ў міністэрстве замежных спраў Ірана.

«Тое, што яны самі сцвярджаюць, тое, пра што яны самі кажуць, накіравана на эскалацыю напружанасці. Гэтыя заявы нічога не вартыя», — цытуе агенцтва словы міністра замежных спраў Ірана Джавада Зарыфа.

4 ліпеня стала вядома, што ўлады брытанскага Гібралтару затрымалі ў праліве танкер з іранскай нафтай. Па іх здагадцы, судна перавозіла сырую нафту на нафтаперапрацоўчы завод Баніяс у Сірыі, што з’яўляецца парушэннем санкцый, уведзеных ЕС і ЗША.

Іранскі бок назваў затрыманне свайго судна формай пірацтва, а дарадца вярхоўнага лідара Ірана Аяталы Хаменеі заявіў, што Тэгеран павінен у адказ захапіць брытанскі танкер.

Напярэдадні пра тое, што ў затрымання іранскага танкера ў Гібралтарскім праліве могуць быць далёка ідучыя наступствы, папярэдзіў прэзідэнт Ірана Хасан Роухані.

Сітуацыя ў рэгіёне стала накаляцца на фоне аднабаковага выхаду ЗША з пагаднення па іранскай ядзернай праграме. Выйшаўшы з пагаднення, ЗША аднавілі санкцыі супраць Ірана, а таксама абмежавалі пастаўкі іранскай нафты Кітаю, Індыі, Паўднёвай Карэі, Японіі і Турцыі.

Адміністрацыя Дональда Трампа хоча, каб Іран падпісаў новую дзвюхбаковую здзелку, якая абмяжуе не толькі яго ядзерную дзейнасць, але і ракетную праграму, а таксама ваенныя аперацыі за мяжой.

У траўні 2019 года Пентагон накіраваў у раён Персідскага заліва сістэму супрацьпаветранай абароны Patriot і некалькі баявых караблёў, а затым Трамп абвясціў, што пашле на Блізкі Усход дадатковы кантынгент вайскоўцаў. Гэтыя крокі, як заявілі ў Вашынгтоне, накіраваныя на абарону ўжо дыслакаваных у рэгіёне амерыканскіх узброеных сіл.

У Тэгеране заявы Вашынгтона называюць формай «псіхалагічнай вайны», нацэленай на запалохванне ісламскай рэспублікі.

20 чэрвеня Іран заявіў, што збіў амерыканскі беспілотнік над сваёй тэрыторыяй. ЗША прызналі страту апарата, але настойваюць, што ён выконваў палёт у міжнародным паветранай прасторы. На наступны дзень у СМІ з’явілася інфармацыя, што Трамп санкцыянаваў удар па Іране, але потым перадумаў.

За тыдзень да гэтага ў Армузскім праліве — найважнейшай сусветнай нафтавай артэрыі — загарэліся нарвежскі і японскі нафтавыя танкеры. ЗША абвінавацілі ў інцыдэнце Іран, аднак у Тэгеране катэгарычна адхілілі дачыненне да яго.

У сераду кіраўнік Камітэта начальнікаў штабоў узброеных сіл ЗША генэрал Джозэф Данфорд заявіў, што амерыканскія ўлады хочуць стварыць міжнародную кааліцыю для абароны камерцыйнага суднаходства ў берагоў Ірана і Йемена.

Паводле BBC

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: