Брытанію паралізавалі рэкордныя снегапады

У многіх раёнах Брытаніі, не якія прызвычаіліся да снегу і мінусавых тэмператур, раніцай у нядзелю пачаўся моцны снегапад.

На поўначы Шатландыі снег — справа звыклая, а вось у шматлікіх іншых раёнах Брытаніі яго не бачаць гадамі

Ва Уэльсе быў зафіксаваны рэкордны ўзровень ападкаў — таўшчыня снежнага пласта дасягнула ў гарыстай мясцовасці 28 сантыметраў.

Большасць нядзельных вулічных мерапрыемстваў з-за прагнозаў сіноптыкаў была загадзя адмененая — напрыклад, калядны кірмаш у Лінкольне, — бо мясцовыя ўлады не хацелі падвяргаць людзей небяспецы затрымацца па дарозе.

На поўдні Англіі снегапады спалучаюцца з моцным заходнім ветрам, што абцяжарвае працу лонданскіх аэрапортаў.

Аэрапорт Хітроў паведаміў, што абедзве ўзлётна-пасадачныя паласы пакуль працуюць, хоць тэхніка па ачыстцы самалётаў ад лёду працуе ва ўзмоцненым рэжыме, што прыводзіць да затрымкі рэйсаў. Пазней многія авіялініі таксама абвясцілі, што затрымліваюць ці адмяняюць рэйсы з Хітроў, паабяцаўшы адправіць пасажыраў у бліжэйшыя дні.

Кампанія “British Airways” паведаміла аб адмене 70 рэйсаў з раніцы нядзелі, і іх колькасць працягвае расці.

Прадстаўнік кампаніі абяцаў рассяліць пасажыраў адмененых рэйсаў па найбліжэйшых гасцініцах.

У аэрапорце Станстэд на поўначы сталіцы ўзлётная паласа заблакаваная снегам. Раніцай аэрапорт Лутон таксама спыніў палёты з-за снегу на ўзлётнай паласе.

 

Многія дзеці на поўдні Англіі бачаць снег ўпершыню ў жыцці 

На паўднёвым захадзе Англіі і ў Уэльсе больш за 2,5 тысяч дамоў засталіся без электрычнасці. Некаторыя мясцовыя дарогі заблакаваныя паваленымі дрэвамі.

Паведамляецца пра некалькі караблёў, што падавалі сігналы пра бедства. У порце Кале на мель сеў паром, на борце якога знаходзілася больш за 300 пасажыраў.


У некаторых аддаленых раёнах Шатландыі і Уэльса чакаецца зніжэнне тэмпературы да канца дня да мінус 14 градусаў.

Улады папярэджваюць вадзіцеляў, што варта мець пры сабе цёплую вопратку, гарачае пітво і ежу, лекі, рыдлёўку i лiхтар.

Паводле ВВС


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць