Брытанскі ўрад адмовіўся ад планаў вяртання ў краіну рысяў

Брытанскі ўрад адрынуў праект па рэінтрадукцыі ў краіне рысяў, зніклых у Вялікабрытаніі больш за 1000 гадоў таму. Праект прызналі недастаткова прадуманым, да таго ж ён выклікаў значныя пярэчанні з боку брытанскіх аўцаводаў.
Рысі зніклі ў Вялікабрытаніі каля 700-га года нашай эры з-за скарачэння натуральнага асяроддзя пражывання і масавага палявання. Апошнім часам ўсё часцей прапануецца зноў завезці на востраў рысяў, падобна таму, як папуляцыі рысі былі штучна адроджаны ў Германіі, Швейцарыі, Бельгіі, Чэхіі, Італіі і Францыі. У Англіі ўжо маецца падобны вопыт: цяпер ідуць працы па аднаўленні папуляцый раней зніклых на востраве лясных куніц, а таксама амаль зніклых вадзяных палёвак.

Грамадская арганізацыя Брытанскі фонд рысі (Lynx UK Trust) прапанавала выпусціць шэсць асобін у лясным масіве Кілдэр-Форэст ў Нортумберлэндзе для разлічанага на пяць гадоў эксперыменту па ўзнаўленні натуральнай экасістэмы. Прапанова была пададзена ў дзяржаўнае прыродаахоўнае агенцтва Natural England, а затым перададзена для разгляду ў дэпартамент па навакольным асяроддзі, харчаванні і сельскай справах (Defra).

Аднак кіраўнік дэпартамента Майкл Гоўв абвясціў, што праект «не меў дастатковай глыбіні і строгасці, каб забяспечыць упэўненасць ў яго поспеху», а таксама «не прадэманстраваў дастатковых і выразных экалагічных, сацыяльных і эканамічных выгод». Пры гэтым Гоўв сказаў, што пры наяўнасці больш выразна прапрацаванага плана дэпартамент можа ў будучыні падтрымаць вяртанне рысяў.

Нацыянальная асацыяцыя аўцаводаў ужо выказала заклапочанасць у сувязі з магчымым вяртаннем рысяў ў Англію. Галоўны выканаўчы дырэктар асацыяцыі Філ Стокер падтрымаў рашэнне чыноўнікаў: «Мы цвёрда перакананыя, што гэта правільнае рашэнне па экалагічных, сацыяльных і сельскагаспадарчых меркаваннях. Сённяшняя перамога важная не толькі для фермераў, але і для экалогіі раёна, сельскай абшчыны і эканомікі сельскай гаспадаркі». У адказ Брытанскі фонд рысі абвясціў пра гатоўнасць застрахаваць кожную авечку ў Англіі на выпадак нападу рысі. Прадстаўнікі фонду ўпэўненыя, што падобныя выпадкі будуць рэдкасцю, і называюць асцярогі аўцаводаў беспадстаўнымі.

Зараз фонд падрыхтаваў новыя прапановы па выпуску рысяў у шатландскіх графствах Аргайл і Інвернэсшыр.

Паводле Pro Science

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!