Бунт на Басфоры: ці стануць студэнты новым цэнтрам супраціву?

У Турцыі другі месяц не сціхаюць масавыя студэнцкія пратэсты. Каб іх скампраметаваць, уладзе давялося запісаць усіх пратэстоўцаў у шэрагі тэрарыстаў, актывістаў ЛГБТ і шпіёнаў замежных разведцэнтраў.
Акцыі пратэсту пачаліся пасля таго, як да новага 2021-га года прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган зрабіў студэнтам Басфорскага ўніверсітэта (Стамбул) арыгінальны падарунак — прызначыў прафесара Меліха Булу рэктарам навучальнай установы.

Сам Булу лічыцца вельмі лаяльнай да рэжыму фігурай. У тым ліку таму, што раней ён балатаваўся ў парламент у якасці кандыдата ад кіруючай Партыі развіцця і справядлівасці (АKP). Незадаволеныя прызначэннем пішуць, што ўся папярэдняя дзейнасць Булу была звязаная з кіроўнай працай у муніцыпалітэтах, якія кантралявалі партыя Эрдагана.

Аднак галоўнай крыніцай незадаволенасці з’яўляецца тое, што Эрдаган з гэтага часу ўзяў за моду ўласнаручна прызначаць рэктараў універсітэтаў. Да ліпеня 2016 года, калі адбылася спроба дзяржаўнага перавароту, рэктары турэцкіх ВНУ абіраліся шляхам галасавання, як гэта звычайна прынята ва ўсім свеце. Таму студэнты заклікалі Булу сысці ў адстаўку з пасады рэктара і дазволіць універсітэту самастойна абраць кіраўніка. На іх думку, прызначэнне Эрдагана з’яўляецца замахам на акадэмічныя свабоды.

Менавіта важная для ўсіх студэнтаў Турцыі тэма абароны акадэмічных свабодаў дазволіла пратэстам выйсці за межы аднаго ўніверсітэта. Пазней да дэманстрацый далучыліся некаторыя левыя палітычныя сілы і прафсаюзы. Лідар вядучай апазіцыйнай Народна-рэспубліканскай партыі (НРП) Кемаль Кылычдараглу таксама выказаў падтрымку пратэстоўцам. Нават былы міністр эканомікі заявіў, што здольныя думаць студэнты ніколі не з’явяцца ва ўніверсітэтах, дзе рэктары прызначаюцца па прыкмеце палітычнай лаяльнасці.

Відавочна, што на гэтым этапе пратэсныя выступы накіраваныя ўжо не столькі супраць канкрэтнай фігуры Меліха Буду, колькі маюць негалосны антыпрэзідэнцкі падтэкст. Увесь спектр апазіцыі напалоханы рэплікай гаранта на нядаўнім выступе перад партактывам АКP. На партыйным сходзе Эрдаган абвясціў, што вывучае праект новай Канстытуцыі. Тут жа пайшлі гуляць плёткі, што канстытуцыйная рэформа спатрэбілася яму, каб атрымаць права на пажыццёвае прэзідэнцтва.

Сваёй моцнай дынаміцы пратэст абавязаны і незвычайным фактарам. У Турцыі ёсць уплывовая арганізацыя выпускнікоў Басфорскага ўніверсітэта, чальцы якой пачалі ствараць лакальныя цэнтры салідарнасці з навучэнцамі alma mater. Па-другое, пратэст ускосна накіраваны супраць непапулярнай каменданцкай гадзіны, якая быў уведзеная ў рамках барацьбы супраць эпідэміі каронавіруса і дзейнічае па ўсёй краіне з 21.00. У гэты час многія туркі выходзяць на балконы і грукаюць у посуд на знак салідарнасці са студэнтамі.

Зрэшты, галоўнай арэнай бітвы застаецца Стамбул, а дакладней — раён Kadıköy, дзе рэгулярна адбываюцца жорсткія сутычкі студэнтаў і паліцыі. Праваахоўнікі выкарыстоўваюць слёзацечны газ і гумавыя кулі. Некалькі соцень студэнтаў ужо затрыманыя за ўдзел у пратэстах. Прычым некаторых арыштавалі пасля ператрусаў у іх дамах і кватэрах. У сувязі з гэтым да патрабавання пра адстаўку рэктара дадаўся лозунг наконт вызвалення арыштаваных.

Хапун суправаджае маштабная прапагандысцкая кампанія ва ўрадавых СМІ. Эрдаган ужо назваў студэнтаў-пратэстоўцаў «тэрарыстамі». «Я не прымаю пазіцыю гэтых маладых людзей, якія з’яўляюцца чальцамі тэрарыстычных груп, што ўносяць раскол у нацыянальныя і маральныя каштоўнасці нашай краіны», — заявіў палітык.

Для дыскрэдытацыі пратэсту ў СМІ раскручваюць канфіскаваны пры арышце ў групы студэнтаў плакат. На ім намаляваны камень Кааба — святыня Іслама — са сцягамі ЛГБТ. Гэта стала падставай, каб абвінаваціць студэнтаў у абразе рэлігійных каштоўнасцяў мусульман. Міністр унутраных спраў тут жа назваў студэнтаў-пратэстоўцаў «ЛГБТ-вычварэнцамі».
Захад, які, як вядома, моцна носіцца з правамі ЛГБТ, адразу звярнуў увагу на гамафобныя пасажы Анкары. Вашынгтон «рашуча асудзіў рыторыку супраць ЛГБТ-супольнасці», а Брусель заявіў, што «ксенафобскія выказванні высокапастаўленых чыноўнікаў непрымальныя». У адказ на гэта, звяртаючыся да групы сваіх прыхільнікаў, турэцкі гарант заклікаў іх «не слухаць лесбіянак». Пазней жа Эрдаган заявіў, што «такога паняцця, як ЛГБТ, увогуле не існуе».

Таксама турэцкі МЗС аператыўна агучыў версію пра сувязі студэнтаў з замежнымі разведкамі. «Мы папярэджваем пэўныя колы за мяжой не выкарыстоўваць групы правакатараў, якіх заахвочваюць на незаконныя дзеянні. Нікому не дазволена ўмешвацца ва ўнутраныя справы Турцыі», — рашуча заявіла турэцкая дыпламатыя, не называючы пры гэтым ніводнай канкрэтнай краіны. Акрамя таго, у «лялькаводы» студэнцкіх пратэстаў афіцыёз ужо запісаў курдскіх сепаратыстаў.

На думку каментатараў, улада будзе рабіць усё, каб не дапусціць масавых антыўрадавых пратэстаў, падобных да тых, якія пракаціліся па Турцыі ў 2013 годзе. Падставай для акцый грамадзянскага непадпарадкавання стала пагроза высечкі дрэваў у стамбульскім парку Гезі, што прымыкае да стамбульскай плошчы Таксім, якія сімвалічна звязаныя са спадчынай заснавальніка турэцкай рэспублікі Мустафы Кемаля Атацюрка. Многія туркі мяркуюць, што палітыка Эрдагана падпарадкаваная ідэі рэвізіі запаветаў Атацюрка. Адсюль і такая вялікая мабілізацыя ў абарону парка Гезі. Буйныя выступленні ў 2013-м, акрамя іншага, выклікалі ўздым грамадзянскага руху і фарміравання новых апазіцыйных цэнтраў.

Ці атрымаецца ў студэнтаў-пратэстоўцаў рымейк 2013-га? Пакуль яны ўпэўненыя, што ім гэта пад сілу. «Чым даўжэй працягваюцца пратэсты, тым больш становіцца відавочным, што гэта паўстанне, па меншай меры, у Стамбуле, можа стаць новым цэнтрам супраціву ўраду Эрдагана», — напісала днямі адно з мясцовых апазіцыйных выданняў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: