«Бурштынавая народная рэспубліка»

У суседніх з Беларуссю раёнах Украіны — новая серыя канфліктаў паміж нелегальнымі здабытчыкамі бурштыну і праваахоўнікамі. Украінскі журналіст Андрэй Манчук распавядае пра падрабязнасці канфлікту, карані праблемы і магчымыя шляхі яе вырашэння.

Фота www.korrespondent.net


— Украінскія медыя паведамляюць пра моцную сутычку ў Клесава. Што там здарылася?

— У Клесава 3 сакавіка прыбыў спецназ, каб разагнаць капальнікаў, якія сваім помпамі размылі чыгуначны насып. Спецназаўцаў сустрэў узброены натоўп у 400 чалавек. У выніку паліцыя вымушаная была адступіць і, напэўна, слушна зрабіла. У верасні мінулага года каля таго ж Клесава натоўп невядомых наўпрост атакаваў сілавікоў. У якасці помсты Кіеў арыштаваў шэраг мясцовых чыноўнікаў, якія, па словах кіраўніка МУС, відавочна звязаныя са здабытчыкамі бурштыну. Цяпер чакаюць, што будзе далей.

— На поўначы Украіны радовішчы бурштыну былі заўжды, аднак чаму праблема ў такіх памерах паўстала толькі зараз?

— Сапраўды, пра бурштын ведалі даўно, аднак здабываць яго было небяспечна з пункту гледжання закона. Да часоў Майдану ўлада неяк кантралявала лясныя ўгоддзі. Пасля Майдану сілавая вертыкаль і рэшткі прававой сістэмы амаль зніклі. Акрамя таго, у здабытчыкаў з’явілася зброя з зоны АТА. Капальні ахоўваюць мілітарныя фармаванні, у якія спачатку запісваліся тыя, хто хаваўся ў лесе ад вайсковага прызыву ўлетку 2014-га. Ну і, нарэшце, апошні фактар — нечаканы выбух попыту на бурштын на велізарным кітайскім рынку. Гэта стала прычынай станаўлення сапраўднай галіны вытворчасці. Лічыцца, што яе ўладальнікі штогод нелегальна прадаюць за мяжу бурштыну на 300 мільёнаў долараў.

Чытайце таксама:

Тысяча капальнікаў бурштыну ў балаклавах пабілася з паліцыянтамі (відэа)


— Як геаграфічна выглядае «Бурштынавая народная рэспубліка», як жартоўна называюць гэтую зону ў прэсе?

— Бурштын залягае практычна па ўсёй паўночнай Украіне. Прычым адно з самых вялікіх радовішчаў знаходзіцца ў Міжгор’і, дзе была рэзідэнцыя Януковіча. Там нават знайшлі самы вялікі ва Украіне экзэмпляр бурштыну вагой у кілаграм. Аднак камень капаюць не паўсюль. Асноўныя арэалы здабычы — поўнач Жытоміршчыны і Валыні. З іншага боку, гэтая зона імкліва пашыраецца. Ужо дакладна вядома, што камень капаюць пад Чарнобылем. Праз кепскі стан эканомікі можна прагназаваць, што хутка да бурштынавай зоны дадасца і дэп­рэсіўная Чарнігаўшчына. Дарэчы, здабытчыкі таксама глядзяць і на беларускае Палессе, багатае на гэты мінерал. Летась я ехаў аўтобусам з Украіны ў Мозыр і выпадкова чуў, як украінскія пасажыры ацэньваюць бурштынавая багацці Беларусі.

— Што за прававы рэжым усталяваўся на тэрыторыі, якую, па сутнасці, кантралюе бурштынавы крымінал?

— Гэта сапраўды асаблівы свет, які пачынаецца прыкладна ў 150 кіламетрах ад Кіева, дзе можна наткнуцца на блок-посты здабытчыкаў. Тут існуе спайка паміж крыміналам і карумпаванай уладай, якая «крышуе» бізнес і заплюшчвае вочы на беззаконне. Я на ўласныя вочы бачыў у кабінеце дырэктара СБУ па Валынскай вобласці партрэт Парашэнкі з бурштыну, што наўпрост супярэчыць украінскаму закону аб захаванні каштоўных мінералаў. Законы Украіны дзейнічаюць, аднак сітуацыйна, паколькі ў выніку ўсё залежыць ад бурштынавых баронаў. Часам іх выхадкі трапляюць на старонкі прэсы. Напрыклад, у Корасцені дачка мясцовага аўтарытэта са сваімі ахоўнікамі праз рэўнасць ледзь не забіла дзяўчыну-канкурэнтку. Падобныя «перагібы», натуральна, не падабаюцца людзям, аднак у прыярытэце — працоўныя месцы, якія забяспечвае здабыча бурштыну.

— Усе кажуць, нібы хутка ва Украіне здымуць мараторый на продаж зямлі, што будзе азначаць прыход у краіну буйных зямельных кампаній. Ці могуць яны выкупіць «бурштынавыя плантацыі» і неяк нармалізаваць сітуацыю?

— Бурштын спрабавалі здабываць прамысловым метадам яшчэ ў часы СССР. У тым жа Клесаве адкрылі цэх, аднак хутка закрылі. Капаць бурштын на Палессі з дапамогай машын абсалютна не выгадна, бо ён не залягае кампактна ў вялікіх памерах — як, напрыклад, у краінах Балтыі і Калінінградскай вобласці. Акрамя таго, здабыча палескага і валынскага бурштыну вядзе да адмоўных экалагічныя наступствы.

— Палешукі, якія ў асноўным здабываюць бурштын, — субэтнас беларускага і ўкраінскага народаў. Ці можа фактычная аўтаномія рэгіёну набыць палітычную афарбоўку?

— У прынцыпе, азначэнне «сепаратызм драўлян» (старажытнае славянскае племя, што жыло на Палессі) існуе, аднак як пагрозу яго не ўспрымаюць. Сваю лакальную ідэнтычнасць мясцовыя праяўляюць у разборках з львоўскімі і кіеўскімі бандамі, якія час ад часу жадаюць захапіць частку бурштынавага бізнесу. Палешукі лічаць, што бурштын павінен належаць выключна мясцовым. Магчыма, калі б паўстала тэма легалізацыі здабычы бурштыну, пытанне падаткаў у Кіеў стала б імпульсам руху за аўтаномію. Аднак у самім Кіеве ніхто не ведае, як можна заціснуць капальнікаў-нефармалаў у прававыя межы. Нейкія законапраекты ёсць, аднак у выпадку прыняцця яны наўрад ці будуць працаваць.

Чытайце таксама:

Нелегальная здабыча бурштыну: Сотні гектараў Палесся ператвораныя ў марсіянскую паверхню (фота + відэа)

— Шмат кажуць, што Украіне не пазбегнуць сцэнару, калі суседнія дзяржавы возьмуць «шэфства» над рознымі часткамі краны, каб у тым ліку дапамагчы навесці там парадак…

— Сапраўды, нешта трэба ра­біць. У сучаснай Еўропе, за выключэннем хіба што Косава ў 1990-я гады, не было такіх тэрыторый, якія б жылі па законах Дзікага Захаду. Акрамя таго, частка мясцовых жыхароў будзе толькі «за». Хапае людзей, якія з жахам глядзяць на тэмпы крыміналізацыі і сацыяльнай дэградацыі краю. Дастаткова ўзгадаць з’яву, калі падлеткі замест школ масава сыходзяць у капальнікі. Іншага варыянту, акрамя маштабнай вайсковай аперацыі, шмат хто не бачыць. Аднак які будзе эфект? Увядуць войскі, але што гэта вырашыць? Іншай працы няма, а рэсурсы бурштыну пакуль яшчэ далёка не вычарпаныя. Таму, баюся, усё абмяжуецца фарматам паліцэйскіх карных акцый.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: