Ці аддзеліцца Шатландыя? На выбарах у Шатландыі перамаглі прыхільнікі незалежнасці

Многія шатландцы мараць сысці з складу Брытаніі. У чацвер іх партыі захавалі і памножылі сваю большасць у парламенце Шатландыі.


На першых пасля брэксіту выбарах парламента Шатландыі большасць заваявалі партыі, якія выступаюць за аддзяленне ад Вялікабрытаніі. Цяпер яны маюць намер абвясціць рэферэндум аб незалежнасці — і судзіцца з Лонданам аб яго законнасці, піша Руская служба Бі-бі-сі.

Падлік галасоў, пададзеных на выбарах 6 траўня, скончыўся ў Шатландыі толькі ўвечары ў суботу — і высветлілася, што дзве партыі сепаратыстаў, кіроўная Шатландская нацыянальная партыя (ШНП) і Зялёныя, выступілі горш, чым абяцалі ім апытанні, але ўсё ж разам атрымалі большасць у 72 мандаты (64 і 8) са 129.

«Вынікі выбараў гарантуюць, што Эдынбург і Вэстмінстэр з новай сілай будуць спрачацца па пытанні аб другім рэферэндуме аб незалежнасці», — лічыць аглядальнік шатландскай газеты Scotsman.

Лідарка ШНП і кіраўніца ўрада Шатландыі Нікола Стэрджэн яшчэ да таго, як былі падлічаны ўсе галасы, заявіла, што, паколькі большасць у шатландскім парламенце гарантавана будзе за партыямі, якія выступаюць за рэферэндум, гэтыя партыі павінны будуць выканаць сваё перадвыбарнае абяцанне і абвясціць новы, другі рэферэндум аб незалежнасці. ШНП у перадвыбарнай праграме паабяцала правесці яго да канца 2023 года.

«Усім палітыкам у Вестмінстары, якія спрабуюць перашкодзіць гэтаму, я б сказала дзве рэчы. Па-першае, вы кідаеце выклік не ШНП — вы кідаеце выклік дэмакратычнай волі народа Шатландыі. А па-другое, у вас нічога не атрымаецца», — цытуе Стэрджэн газета Scotsman.

«Будучыню Шатландыі вызначае толькі народ Шатландыі, і ні адзін вестмінстэрскі палітык не павінен і не можа гэтаму перашкаджаць», — працягнула Стэрджэн.


«Вестмінстэрскі палітык» рэзка супраць

Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан і яго ўрад настроеныя рашуча супраць рэферэндуму аб незалежнасці Шатландыі, нават нягледзячы на тое, што перамога сепаратыстаў на ім далёка не гарантаваная.

На гэтым тыдні Джонсан зноў заявіў у артыкуле ў газеце Telegraph, што ладзіць новы рэферэндум у цяперашніх умовах барацьбы з пандэміяй і яе наступствамі было б, на яго погляд, безадказна.

Прэм'ер-міністр Брытаніі, аднак, настроены супраць рэферэндуму не толькі ў найбліжэйшы час, але і наогул у агляднай будучыні.

Ён і яго паплечнікі рэгулярна нагадваюць, што перад першым рэферэндумам аб незалежнасці Шатландыі ў 2014 годзе Лондан і Эдынбург дамовіліся, што, якім бы ні быў вынік, пытанне будзе закрытае прынамсі на пакаленне. Сепаратысты той рэферэндум прайгралі з лікам 45% на 55%.

Нікола Стэрджэн


Брэксіт як новая нагода

Шатландскія нацыяналісты на чале з Ніколай Стэрджэн пярэчаць, што пасля рэферэндуму аб брэксіце сітуацыя змянілася настолькі, што тая дамоўленасць страціла сэнс.

Шатландыя, у адрозненне ад Англіі і Уэльса, большасцю амаль у дзве траціны галасоў выказалася супраць выхаду з ЕС — і цяпер шатландскія сепаратысты кажуць, што іх сілай вырвалі з Еўрасаюза, і яны хочуць вярнуцца ў яго, выйшаўшы са складу Вялікабрытаніі.

Тое, што на першых пасля брэксіту выбарах парламента Шатландыі большасць атрымалі партыі, якія прама абяцаюць у перадвыбарных праграмах новы рэферэндум, лідары сепаратыстаў лічаць пацвярджэннем іх праваты і народным мандатам на плебісцыт.

У папярэднім складзе парламента ў ШНП і Зялёных на дваіх таксама было больш за палову мандатаў, але, па-першае, той склад быў абраны да рэферэндуму аб брэксіце, у траўні 2016 года, а па-другое, у гэты раз дзве партыі сепаратыстаў некалькі павялічылі свае фракцыі.


Справакаваць на суд

Нікола Стэрджэн шмат разоў казала, што Шатландыя не пойдзе шляхам Каталоніі і мае намер правесці выключна законны, прызнаны ўсімі — і Лонданам, і Еўрасаюзам, і ўсім светам — рэферэндум.

Згодна з агульнапрынятай трактоўкай закона аб шатландскай аўтаноміі ад 1998 года, законны шлях мае на ўвазе згоду Лондана на рэферэндум. Аднак, сутыкнуўшыся з рашучым «не» Борыса Джонсана, Шатландская нацыянальная партыя ў апошні час вырашыла некалькі радыкалізаваць сваю пазіцыю.

Палітыкі і юрысты ШНП вырашылі, што абавязковасць добраахвотнай згоды Лондана — гэта толькі адна з магчымых трактовак, і яе справядлівасць нядрэнна б паверыць судовым разглядам.

Таму ШНП і Зялёныя маюць намер у новым парламенце спачатку прыняць закон (пастанову) аб правядзенні рэферэндуму — і тым самым прымусіць урад Джонсана аспрэчыць гэты закон у судзе.

«Калі Джонсан захоча нас спыніць, яму давядзецца падаваць у суд. Калі ён гэтага не зробіць, то рэферэндум па вызначэнні будзе законным. Калі ён гэта зробіць, рашэнне — за судамі», — сказала Нікола Стэрджэн перад самымі выбарамі, 4 траўня, у інтэрв’ю тэлекампаніі Sky.

Нікола Стэрджэн


Калі менавіта парламент Шатландыі прыме закон аб рэферэндуме, Стэрджэн у суботу гаварыць не стала. Колькі часу можа заняць меркаваная цяжба ў судах, цяпер прадказаць немагчыма.


Грамадства вагаецца

Але нават калі рэферэндум у выніку і адбудзецца, аддзяленне Шатландыі ад Англіі і астатніх дзвюх частак Злучанага Каралеўства зусім не гарантаванае.

Грамадства Шатландыі расколатае па гэтым пытанні прыкладна напалову.

Адзін час здавалася, што пандэмія і брексіт пераламілі сітуацыю ў карысць прыхільнікаў незалежнасці: з чэрвеня па 2020 студзеня 2021 года 23 апытанні запар паказалі перавагу прыхільнікаў незалежнасці. Сацыёлагі звязвалі гэта з тым, што Нікола Стэрджэн у вачах шатландцаў выглядала значна больш рашучым і эфектыўным змагаром з пандэміяй, чым Борыс Джонсан.

Але цяпер, калі кампанія па прышчэпцы паспяхова ідзе па ўсёй Брытаніі, і ўлады паступова адмяняюць лакдаун, шатландскі электарат зноў пачаў вагацца.

З пачатку красавіка сем апытанняў запар паказалі перавагу праціўнікаў аддзялення ў 1-7%, затым два з трох самых апошніх апытанняў далі нічыю, а адна — трохпрацэнтнаю перавагу прыхільнікаў незалежнасці.

Пераклад НЧ.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: