Ці атрымаецца ў Германіі рэфармаваць Раду Бяспекі ААН?

Канцлер ФРГ Ангела Меркель фактычна прапанавала рэфармаваць Раду Бяспекі ААН — яна падтрымала праект дэлегаваць туды прадстаўніка ад Еўрасаюза. 


Як вядома, у Радзе Бяспекі засядаюць Вялікабрытанія, ЗША, Кітай, Францыя і Расія як пераемнік СССР. Яны валодаюць правам вета.

Такая канфігурацыя існуе з часоў стварэння ААН і, на думку многіх, састарэла. Напрыклад, Кіеў лічыць, што за кошт права вета Расія дасюль прысутнічае ў анексаваным Крыме. Неаднара­зова гучалі заклікі дэмакратызаваць працэс прыняцця ключавых рашэнняў, у тым ліку шляхам допуску ў Раду Беспекі новых чальцоў. З’яўленне там Еўрасаюза ўяўляецца цалкам лагічным, улічваючы вагу аб’яднання ў сусветнай палітыцы і эканоміцы.

Аднак нечакана ўзнікла праблема. Францыя, гледзячы на першыя каментары французскіх палітыкаў, не адмовіцца ад свайго месца ў Радзе Бяспекі на карысць ЕС. Французская прэса нават піша пра тое, што ідэя Меркель — падступны ход Берліна, каб падпарадкаваць сабе Еўропу. Германія — асноўны гаспадарчы партнёр для многіх краін Усходняй Еўропы, якія, маўляў, падтрымаюць у Еўрапарламенце нямецкага кандыдата на пасаду прадстаўніка ЕС у Радзе Бяспекі ААН.

Між іншым, такая пазіцыя Парыжа падрывае еўрафільскі імідж Макрона, які на мінулым тыдні звярнуўся да еўрапейцаў з адкрытым лістом і заклікаў да паскоранай інтэграцыі краін ЕС.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!