Ці будуць дармаеды будаваць аўтабаны?

Для вырашэння праблемы дармаедаў кіраўніцтва Беларусі пастанавіла ўдарнымі тэмпамі стварыць сістэму грамадскіх прац. Ідэя старая, аднак, як сведчыць гісторыя, неадназначная.

«Трэба стварыць брыгады, групы, якія будуць лес высаджваць, платы будаваць, фарбаваць, прыбіраць тэрыторыю, ка­паць, вазіць, насіць і іншае. І мы працаўладкуем усіх людзей», — такі арыгінальны рэцэпт прапанаваў кіраўнік РБ для вырашэння праблемы беспрацоўя. З аналагічнымі заявамі выступіў яшчэ шэраг айчынных «мандарынаў».

Цяжка сказаць, адкуль у мазгах постсавецкіх чыноўнікаў увогуле ўсплыла думка пра тое, што грамадскія працы — панацэя. Думаецца, тут не апошнюю ролю адыграў міф пра гітлераўскія аўтабаны. Чамусьці ў нашым народзе папулярная думка пра тое, што, дзякуючы будаўніцтву аўтабанаў, Гітлеру ўдалося не толькі пакрыць Германію сеткай дарог, але і прыбраць чэргі каля біржы працы.

Магчыма, прадстаўнікі вертыкалі нешта ведаюць і пра «Новы курс» Франкліна Рузвельта, у межах якога быў створаны так званы «Грамадзянскі корпус аховы навакольнага асяроддзя» (CCC) — праграма дзяржаўнага працаўладкавання, якая была скіраваная, галоўным чынам, на захаванне прыродных рэсурсаў і інфраструктуры. З 1933 па 1942 год — час існавання ССС — актывісты «Грамадзянскага корпусу» стварылі 800 паркаў па ўсёй краіне, мадэрнізавалі старыя, і ў дадатак, пабудавалі сетку публічных дарог у правінцыі.

Акрамя будаўніцтва аўтабанаў і разбіўкі паркаў беспрацоўных з розных куткоў краіны можна сабраць і кінуць на нейкі адзін аб’ект. Так, напрыклад, зрабіў Мусаліні ў 1930-м, калі былі асушаныя Панційскія балоты, што на паўднёвы ўсход ад Рыму. Паколькі балоты стагоддзямі былі крыніцай смяротнай малярыі, іх даўно марылі асушыць розныя імператары ды рымскія папы. Аднак удалося гэта толькі мабілізаваным на грамадскія працы італьянскім беспрацоўным. Пры гэтым удзель­нікі праекту атрымлівалі за працу яшчэ і зямельныя надзелы.

На першы погляд, усе пералічаныя праграмы барацьбы з беспрацоўем былі дастаткова паспяховымі. Напрыклад, пры меліярацыі зоны Панційскіх балотаў паўсталі новыя гарады. А ў Нідэрландах у 1930-я гады за кошт дамбы, якую пабудавалі ў рамках грамадскіх прац, была асушаная частка тэрыторыі аднаго з заліваў. З часам тут паўстала цэлая правінцыя пад назвай Флеваланд.

Аднак спецыялісты больш стрымана ацэньваюць эфектыўнасць грамадзянскіх прац. Напрыклад, у цяперашняй Германіі лічаць, што на ўзровень беспрацоўя аўтабаны Гітлера істотна не паўплывалі. У будаўніцтве аўтабанаў ніколі не ўдзельнічала больш за 130 тысяч чалавек (у канцы 1932-га ў краіне налічвалася 6 мільёнаў беспрацоўных). Значна больш важнымі фактарамі ў змяншэнні беспрацоўя стала распачатая гонка ўзбраенняў і выцісканне з рынку занятасці працуючых жанчын.

Яшчэ больш праблемнай з’яўляецца тэма арганізацыі працы і побыту ўдзельнікаў грамадскіх працаў. Для цяперашняга чалавека дзіка гу­чаць нормы сяброў CCC. Сябры «Грамадзянскага корпусу» (іх было каля трох мільёнаў) жылі ў спецыяльных лагерах з амаль ваеннай дысцыплінай, насілі ўніформу. За працу плацілі вельмі мала — 30 долараў, з якіх 25 трэба было, паводле статуту ССС, дасылаць родным.

Яшчэ больш жорсткія нормы панавалі і на будаўніцтве нямецкіх аўтабанаў. Тых, хто спрабаваў страйкаваць або крытыкаваць адміністрацыю, неадкладна адпраўлялі ў канцлагер. Нездарма па меры ўмацавання нацысцкай дыктатуры працоўных на будаўніцтве дарог замянялі зняволеныя, якія знаходзіліся на «працоўным перавыхаванні» ў канцэнтрацыйных лагерах. Вельмі сумнеўна, што сярэднестатыстычны беларускі беспрацоўны пры ўсім яго кепскім становішчы пагодзіцца жыць па-за домам, у нейкіх лагерах і насіць уніформу.

Не кажучы пра тое, што сама ідэя грамадскіх працаў лічыцца шмат якімі эканамістамі неэфектыўнай і неактуальнай. Грамадскія працы — агульнадаступныя прымітыўныя віды працоўнай дзейнасці, якія, як правіла, не патрабуюць дадатковай прафесійнай падрыхтоўкі. Такім чынам, дзяржава, якая  выдаткоўвае немалыя сродкі на фарбаванне беспрацоўнымі муроў або прыбіранне смецця, штучна замарожвае сітуацыю на працоўным рынку.

Звяртаецца ўвага на тое, што сучасная моладзь цураецца грамадскіх прац, паколькі на рынку вельмі важна працоўная біяграфія. Калі малады чалавек звяртаецца ў службу занятасці, ягоны ўдзел у грамадскіх працах можа разглядацца як адзнаку нізкай кваліфікацыі і, адпаведна, яму могуць прапанаваць не лепшую вакансію.

Нельга не прызнаць, што ў ідэі грамадскіх прац хапае і адвакатаў. Яны спасылаюцца на тое, што грамадскія працы, перш за ўсё, падтрымліваюць даходы беспрацоўных, асабліва тых, хто доўгі час не можа працаўладкавацца. Грамадскія працы дазваляюць захаваць карысныя працоўныя навыкі, зноў увайсці ў працоўны рытм жыцця і гэтак далей.

Пры ўсіх «за» і «супраць» сістэмы грамадскіх прац як сродку вырашэння праблемы беспрацоўя, слаба верыцца, што яна паўстане да 1 мая (так патрабуе гарант). І ўвогуле, варта ўзгадаць, што апошнім з буйных палітыкаў, хто марыў адрадзіць аналаг грамадскіх працаў, быў прэзідэнт Барак Абама. Аднак нават у яго адміністрацыі не атрымалася, як іранічна адз­начала прэса, «выклікаць дух Рузвельта».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: