Ці хацеў Кім забіць Кіма?

Пхеньян рапартуе: план забойства лідара КНДР з дапамогай радыяцыйнай зброі выкрыты. Пры ўсёй камічнасці заявы, якая нагадвае фабулы раманаў пра Джэймса Бонда, яе наступствы могуць быць вельмі сур’ёзнымі.


Дадатковага смаку ўсёй гэтай гісторыі дадае экзатычная для нашага вуха лексіка камюніке паўночнакарэйскага афіцыёзу. Паводле паведамленняў з Паўночнай Карэі атрымліваецца, што не так даўно ў Вашынгтоне і Сеўле «пачалі губляць прытомнасць ад бурлівага духу Рэспублікі, якая імкліва прасоўвацца наперад да канчатковай перамогі рэвалюцыйнай справы чучхэ».

Але антаганісты ідэй чучхэ паступова прыйшлі ў сябе ды вырашылі, што трэба нешта рабіць. Для гэтага яны знайшлі на расійскім Далёкім Усходзе нейкага гастарбайтэра з КНДР па прозвішчы Кім, якога вырашылі «ідэйна перарадзіць».

Пасля таго, як Кім «ідэйна перарадзіўся», яму даручылі адправіцца ў сталіцу КНДР, дзе 15 красавіка маштабна святкуюць дзень нараджэння Кім Ір Сена — бацькі-заснавальніка КНДР. Падчас вайсковага параду агент павінен быў атруціць лідара Кім Чэн Ына радыеактыўнымі матэрыяламі, якія былі «зробленыя з дапамогай нанатэхналогій».

Смяротная развязка для атручанага радыяцыяй Кім Чэн Ына павінна была надысці не адразу, а толькі праз год. Таму ў завербаванага Кіма былі ўсе шанцы пасля заканчэння ўрачыстасцяў спакойна пакі­нуць месца злачынства. Пасля Кім, паводле плану, павінен быў перабрацца ў Кітай, дзе яго ўжо чакала «бочка варэння і скрыня пячэння» ў выглядзе прыкладна 200 тысяч долараў.

Што тычыцца лёсу Паўночнай Карэі, праз нейкі час яе чакаў урадавы крызіс пасля нечаканай смерці Кім Чын Ына. Выкліканая сконам правадыра паніка ў соцыуме павінна была дазволіць празаходняй апазіцыі, якую падтрымлівае частка бюракратаў, лёгка прыйсці да ўлады. І, натуральна, толькі мужнасць і пільнасць паўночнакарэйскіх чэкістаў не дазволілі падступнаму плану ворага рэалізавацца.

Як і трэба было чакаць, працоўныя Паўночнай Карэі ўспрынялі інфармацыю пра новы по­дзвіг родных сілавікоў з вялікім энтузіязмам. Ім таксама спадабалася тое, што пракурор КНДР вуснамі спікера мясцовага МЗС запатрабаваў выдачы з Паўднёвай Карэі і ЗША ўсіх асобаў, падазраваных Пхеньянам у замаху на Кім Чэн Ына.

У сваю чаргу, у Сеуле ўсё абвінавачванні з Поўначы адмаўляюць, указваючы на шэраг прабелаў у версіі паўночных спецслужбаў.

Варта адзначыць, што ў гісторыі КНДР спецслужбы рэгулярна выкрываюць замахі на сяброў кіруючай з 1945 года дынастыі Кімаў.

Некаторыя з гэтых замахаў выглядаюць вельмі экзатычна. Паводле аднаго з файлаў, у 1968-м Сеул стварыў групу камандас з задачай забіць Кім Ір Сена. Праз тры гады трэніровак падрыхтаваных баевікоў накіравалі ў Паўночную Карэю. Аднак пакуль кілеры ішлі да мяжы з КНДР, яны раптам зразумелі вялікую мудрасць вучэння чучхэ. І першае, што зрабілі чучхэісты-неафіты, — забілі амерыканца-трэнера з ЦРУ ды пастанавілі замест Кім Ір Сена зрабіць замах на тагачаснага прэзідэнта Паўднёвай Карэі. Праўда, спецслужбы на Поўдні нейкім чынам паспелі атаку адбіць.

Зрэшты, на Поўначы не толькі абараняліся ад вылазак з Поўдня. Па той бок 38-ай паралелі таксама кажуць пра шматлікія замахі і тэракты, за якімі стаялі паўночнакарэйскія спецслужбы. У тым жа 1968 го­дзе разведка з КНДР спрабавала забіць тагачаснага прэзідэнта Паўднёвай Карэі, адкрыўшы страляніну па яго рэзідэнцыі. У 1983 годзе падчас візіту Чон Ду Хвана (тагачасны кіраўнік Паўднёвай Карэі) у маўзалей заснавальніка сучаснай Бірмы ў будынку выбухнула бомба. Было забіта каля 20 чалавек, аднак Чон Ду Хван спазніўся і цудам застаўся жывы. Апошняя буйная аперацыя разведчыкаў з КНДР мела месца ў 2011 годзе, калі агенты Пхеньяна спрабавалі забіць крытыка чучхэ, які жыве ў Сеуле. Калі верыць крыніцам з Паўднёвай Карэі, паўночныя карэйцы планавалі забіць ахвяру на станцыі метро з дапамогай атручанай асадкі.

Варта ўзгадаць і пра таямнічае забойства ў лютым 2017-га ў Малайзіі, калі быў атручаны старэйшы брат Кім Чэн Ына. Мяркуюць, што спецслужбы КНДР палявалі на нябожчыка, паколькі баяліся, што Кітай можа выкарыстаць яго ў барацьбе за ўладу ў КНДР. Улады КНДР, у сваю чаргу, кажуць пра правакацыю ворагаў з мэтай ачарніць міжнародны імідж ідэй чучхэ ды выставіць лідара КНДР забойцам роднага брата.

У прэсе не выключаюць, што згаданыя вылазкі спецслужбаў КНДР на Поўдзень маглі быць рэакцыямі на прыдуманыя прыдворнымі генераламі або апаратчыкамі фантомныя пагрозы, у якія па розных прычынах паверылі правадыры чучхэ. Магчыма, Кім Чэн Ыну таксама намагаюцца падсунуць падобны фэйк — толькі пра замах на яго з дапамогай радыяцыйнай зброі. Такім чынам, хутка можна чакаць нейкіх радыяцыйных замахаў на палітыкаў Паўднёвай Карэі. Як адзначае ў сувязі з гэтым адно з амерыканскіх выданняў, «у паранаідальным космасе Паўночнай Карэі ліхаманкавыя абвінавачванні, якія робяцца яе кіраўніцтвам супраць сваіх клятых ворагаў, на самай справе выкліканы фантазіямі наконт асабістых учынкаў».

Праблема ў тым, што Кім Чэн Ын, якому ўсе псіхолагі ахвотна ставяць самыя цяжкія дыягназы, носіцца з ядзернай праграмай. Як следства, яго рэакцыя на інфармацыю пра радыеактыўны замах на сябе можа не абмежавацца засылкай дыверсантаў на Поўдзень.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: