Ці магчымая дыктатура на Марсе?

Наступная круглая (70-я) гадавіна палёту чалавека ў космас, магчыма, будзе адзначацца сінхронна з паўстаннем першай калоніі людзей на Марсе. Адной з рызык для праекта, на думку некаторых навукоўцаў, з’яўляецца пагроза дыктатуры.

У галаву не ўкладаецца той факт, што роўна праз тры гады, увесну 2024-га, у напрамку Марса пачнуць стартаваць караблі з грузамі і робатамі. Яны павінны стварыць матэрыяльна-тэхнічную базу для прыёму будучых каланістаў, экіпажы якіх пачнуць адпраўляць на Чырвоную планету з 2026-га. Да 2030-га фарпост чалавецтва ў космасе павінен запрацаваць напоўніцу. Так выглядае амбіцыйны план «Space X», які курыруюць Ілан Маск і NASA.

Пры гэтым не трэба забывацца, што гістарычна феномен каланізацыі ўтрымлівае значны палітычны складнік. Вельмі часта людзі адпраўляліся на іншы канец свету, каб стварыць альтэрнатыўнае, больш справядлівае грамадства. Калі ўзгадаць, што ля вытокаў ЗША стаялі радыкальныя пратэстанты-каланісты, можна казаць, што падобныя спробы часам не зусім утапічныя.

Пабудаваць новую мадэль грамадства плануюць і арганізатары будучай экспедыцыі на Марс. Прынамсі, Ілан Маск мяркуе, што палітычная сістэма марсіян будзе працаваць па прынцыпах прамой дэмакратыі: «Хутчэй за ўсё, форма кіравання на Марсе будзе прамой дэмакратыяй, а не прадстаўнічай. Я думаю, што гэта, напэўна, лепш, таму што патэнцыял карупцыі значна памяншаецца, калі ўсе людзі аўтаномна прымаюць рашэнні».

Тэма паўстання на Марсе нейкай новай палітычнай мадэлі ўжо цяпер выклікала цікавую дыскусію. Няма сумневу, што ізаляваная калонія ў далёкім космасе распрацуе свае прынцыпы кіравання, не падобныя да зямных. Аднак можна пачуць і трывожныя прагнозы. Прапануецца тэзіс, што дэфіцыт такіх важных рэсурсаў, як вада і паветра, ды разуменне, што калоніі пагражае іх вычарпанне з часам, прымусяць любы ўрад на Марсе дзейнічаць як ваенная дыктатура. Апошняя будзе легітымаваць гвалт за кошт кантролю над генератарамі кіслароду.

Чыннікамі паўстання дыктатур могуць быць таксама псіхалагічныя праблемы каланістаў. Нягледзячы на значны навуковы прагрэс, медыкі дасюль не ведаюць, як будзе паводзіць сябе чалавек падчас доўгатэрміновай місіі ўдалечыні ад Зямлі, ды яшчэ ў замкнёнай прасторы.

Пры гэтым вядомыя нам прыклады зямных дыктатур у параўнанні з марсіянскай могуць выглядаць мяккім і пухнатым лібералізмам. Не толькі таму, што марсіянскі дыктатар будзе чхаць на думку грамадскасці Зямлі, якая знаходзіцца ад Марса на адлегласці 225 мільёнаў кіламетраў. Пратэст патэнцыйна можа разбурыць знешні каркас паселішча і разгерметызаваць памяшканні, што знішчыць усіх. Гэтая акалічнасць дае марсіянскаму тырану алібі на самы жорсткі пераслед незадаволеных — прычым без усялякіх прававых працэдур.

Дарэчы, сцэнар трансфармацыі калоній у звычайныя дыктатуры — папулярны сюжэт у навуковай фантастыцы. Напрыклад, у рамане Роберта Хайнлайна «Месяц — суровы гаспадар» апісваецца калонія на Месяцы, якая з’яўляецца звычайнай турмой з прызначаным Зямлёй дэспатычным турэмным наглядчыкам.

Перспектыва атрымаць дыктатуру ў космасе ўжо цяпер хвалюе некаторых навукоўцаў. Безумоўна, паўстанне такой тыраніі на доўгі час дыскрэдытуе, калі ўвогуле не пахавае, праекты экспансіі чалавечай расы ў космас. Такі сцэнар выглядае фатальным, паколькі будучыя касмічныя калоніі могуць стаць «рэзервовай копіяй чалавецтва», што павялічвае верагоднасць выжывання віду Homo Sapiens у выпадку глабальнай планетарнай катастрофы.

Як выратаваць Марс ад дыктатуры? Рэцэптаў хапае. Напрыклад, былы астранаўт NASA Рон Гаран прапануе адмовіцца ад марсіянскага праекту на карысць базы на Месяцы. Паводле яго слоў, дастаткова недалёкая дыстанцыя ад Месяца да Зямлі дазволіць аператыўна дапамагаць каланістам, праводзіць сталы маніторынг сітуацыі ў калоніі, што ў комплексе забяспечыць поспех праекта.

А вось чальцы брытанскай арганізацыі «British Interplanetary Society» прапануюць ісці іншым шляхам. Яны ўжо правялі канферэнцыю наконт магчымай дыктатуры на Марсе і як ёй супрацьстаяць. Удзельнікі мерапрыемства прыйшлі да высновы, што для выжывання марсіянскай дэмакратыі патрэбныя адпаведныя прававыя хартыі, напісаныя на базе амерыканскіх Канстытуцыі і «Біля аб правах». Тыя, хто паляціць на Марс, павінны разумець, што свабоднае выказванне думкі і дэмакратычныя прынцыпы з’яўляюцца найлепшым інструментам кіравання і забеспячэння міру ў калоніі.

Прадухіліць узнікненне дыктатуры прапануецца праз павышэнне ролі арганізаваных груп працоўных (нешта накшталт прафсаюзаў) альбо кантролю марсіянскіх СМІ журналістамі. Каб не дапусціць канцэнтрацыі ўлады, таксама прапануюць забараніць дзейнасць на Марсе буйных прыватных карпарацый. Яшчэ адным антыдотам супраць пагрозы марсіянскай дыктатуры можа быць спецыфічная структура паселішчаў. Кварталы, у якіх будуць жыць каланісты, павінны быць максімальна аўтаномнымі ад цэнтру ў сферы забеспячэння паветрам, вадой і энергіяй.

Як бачым, дэбаты наконт таго, як стварыць і забяспечыць на Марсе дэмакратычны лад жыцця, ідуць сур’ёзныя. Прычым настолькі, што некаторыя навукоўцы дапускаюць: марсіянская мадэль у выпадку паспяховага функцыянавання выкліча ў жыхароў Зямлі зайздрасць і нават думку імпартаваць яе на нашу планету. То-бок, можна спадзявацца, што ў космасе дыктатура дакладна не пройдзе!


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: