Ці нападзе Трамп на Нікарагуа?

Рэагуючы на эскалацыю палітычнага гвалту ў Нікарагуа, у прэсе і на высокім палітычным ўзроўні ўпершыню загаварылі пра магчымую інтэрвенцыю ЗША ў гэтую краіну.
Тыя, чыё дзяцінства прыйшлося на пачатак 1980-х, магчыма, памятаюць папулярны вершык «Ліст савецкага народу Рональду Рэйгану». Яго ананімны аўтар з дапамогай адборнага мату раскрытыкаваў прэзідэнта ЗША за яго знешні курс. Дасталося «клоўну» (так у вершы называюць Рэйгана) і за яго лацінаамерыканскі кірунак:

«Зачем ты прешься в Никарагуа и Кубу?
Зачем ты в холод с нищеты сдираешь шубу?
Войну жестокую затеял с коммунизмом!?
Уж лучше б занимался онанизмом».

Згаданы твор цудоўна адлюстроўвае прапагандысцкі ўгар часоў «халоднай вайны», калі лёс далёкай Нікарагуа была тэмай застольных і побытавых размоў.

За амаль 40 гадоў на сандыністаў ў нас даўно забыліся. Аднак магчыма неўзабаве тая тэма зноў вернецца ў галоўныя інфармацыйныя анонсы. Сёння ва ўнутраны крызіс у гэтай далёкай краіне імкліва ўмешваюцца знешнія глабальныя гульцы.

Наогул, увесь сыр-бор з-за Даніэля Артэгі. Гэтае імя ў тых, хто заспеў СССР, напэўна, выкліча ў памяці вобраз юнага партызана з «калашом» у руках. Менавіта Артэга і яго паслядоўнікі па Сандынісцкаму фронту нацыянальнага вызвалення ў 1979 годзе зрынулі дыктатара Самосу, каб пачаць будаваць сацыялізм. Аднак цяперашні Артэга зусім не падобны на таго, каго паказвалі ў праграме «Время» прыкладна сорак гадоў таму.

Даніэль Артэга калібра 2018 года — дасведчаны палітык, за спіной у якога велізарная школа. У 1990 годзе з-за крызісу ў СССР, які фінансаваў Нікарагуа, Артэга пагадзіўся на свабодныя выбары. Выбары ён прайграў, каб у 2007-м трыумфальна вярнуцца ва ўладу, дзе застаецца да сённяшняга дня.

Сакрэт палітычнай выжывальнасці сандынісцкай адміністрацыі 2.0 — у вельмі гнуткім курсе. Разам з сацыяльнымі рэформамі Артэга імкнецца спадабацца бізнесу і інвестарам. Ёсць у яго безумоўныя дасягненні, напрыклад у галіне бяспекі. Нікарагуа — выключэнне на фоне краін-суседзяў, якіх накрыла крымінальная хваля. Важную ролю ў падтрымцы лаяльнасці насельніцтва грае Касцёл, якому Артэга перад апошнімі выбарамі паабяцаў забарону абортаў.

Аднак шматвектарная стратэгія Артэгі не застрахавала рэжым ад пратэстаў. Пачынаючы з красавіка ў краіне не сцішваюцца акцыі, першапачаткова выкліканыя праектам рэформы сацыяльнага страхавання (дарэчы, рэформа праводзілася ў адпаведнасці з рэкамендацыяй Міжнароднага валютнага фонду). Усё ж, думаецца, рэформа гэтая — усяго толькі нагода. Нездарма пасля таго, як улады адклікалі скандальны законапраект, пратэсты працягнуліся. Відавочна, што за 11 гадоў знаходжання Артэгі ва ўладзе ён нажыў сабе шматлікіх ворагаў. Рыторыка 73-хгадовага ветэрана незразумелая новай генерацыі нікарагуанцаў. Асобная тэма для раздражнення — першая ледзі Расарыё Мурылло, якая актыўна лезе ў вялікую палітыку. Артэга нават прызначыў яе віцэ-прэзідэнтам.

Вулічныя маніфестацыі перараслі ў захопы кварталаў. З’явіліся ў прысутных, якіх падтрымлівае правая апазіцыя, і новыя патрабаванні: датэрміновыя прэзідэнцкія выбары. У выніку сутыкненняў на пачатак ліпеня афіцыйна паведамлялася пра смерць прыкладна 300 чалавек. Пратэсты перайшлі ў новую якасную фазу на мінулым тыдні, калі ўлады выйшлі з рэжыму перамоў, а сілавікі паспрабавалі разблакаваць вуліцы. Мяркуючы па ўсім, не абышлося без ахвяр. Іспанская газета ABC піша пра знікненне больш за 700 грамадзян на працягу адных сутак 21-22 ліпеня.

Рэакцыяй на новую серыю гвалту ўпершыню сталі заклікі да інтэрвенцыі. Прычым, заклікі гучаць з боку царквы, якая доўгі час спрабавала выступіць пасярэднікам у канфлікце, а цяпер відавочна сыходзіць у апазіцыю.

Аднак больш важнае тое, што нікарагуанскі крызіс стаў актуальным у амерыканскіх палітычных дэбатах. Выданне Washinton Post — трыбуна праціўнікаў Трампа — ужо зрабіла амерыканскага гаранта галоўным стрэлачнікам за тое, што Нікарагуа на вачах ператвараецца ў новую Венесуэлу. Сайты, блізкія да кубінскай палітычнай эміграцыі, наогул кажуць пра «гуманітарную трагедыю». Са спасылкай на ўдзельнікаў пратэстаў паведамляецца пра стварэнне ў краіне інстытута «батальёнаў смерці» і падпольных турмаў, куды арыштаваных маніфестантаў кідаюць без прававых працэдур.

Спікеры адміністрацыі Трампа ў сваю чаргу кажуць, што ўсё пад кантролем. «ЗША прапрацоўваюць варыянты ўплыву на сітуацыю ў Никарагуа», — заявіў амерыканскі пасол пры Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў. Хоць пры гэтым Белы дом паабяцаў не нападаць на Нікарагуа, фразу дыпламата трактуюць у тым ліку і як «чорную метку» на адрас Артэгі.

Такім чынам, мы вось-вось апынемся ў 1980-х, калі Вашынгтон спрабаваў разнастайным спосабамі скінуць рэжым сандыністаў. Зрэшты, магчыма да такога сцэнару і не дойдзе. Ёсць як мінімум два стрымліваючых фактары. Па-першае, пазіцыя Кітая, які зрабіў на Нікарагуа велізарную стаўку. Звязаная з урадам КНР, кампанія Hong Kong Nicaragua Canal Development Group будуе там канал, які павінен звязаць Ціхі Акіян і Атлантыку, склаўшы ў будучыні канкурэнцыю Панамскай артэрыі. Прыход у Манагуа да ўлады праамерыканскай апазіцыі будзе азначаць замарозку праекту з прыкладным бюджэтам 40 мільярдаў долараў.

Па-другое, усе карты аматарам інтэрвенцыі ў Нікарагуа змяшаў лідар мексіканскіх левых Лопес Абрадор, абраны ў чэрвені на пасаду прэзідэнта. Для практычна ўсіх лацінаамерыканскіх левых феномен сандынісцкай рэвалюцыі — важны складнік іх ідэнтычнасці і традыцыі. Наўрад ці ў Мехіка будуць статыстамі ў выпадку адкрытага амерыканскага ўмяшання ў Нікарагуа. Раней падтрымку Артэгі ўжо выказаў прэзідэнт суседняга Сальвадора, які, дарэчы, таксама пачынаў палітычную кар’еру як левы партызан.

Хутчэй за ўсё, ніякіх экстраардынарных крокаў Белы дом пакуль рабіць не будзе. Аднак гэта не азначае, што Артэга паступова лакалізуе пратэсты. Упершыню ў прэсе пішуць, што ў чымсьці рэгіён Цэнтральнай Амерыкі падобны на Блізкі Усход. Перш за ўсё кідаецца ў вочы наяўнасць велізарнай колькасці беспрацоўнай моладзі, што знаходзіцца ў іншым, адрозным ад улады культурным вымярэнні. Так што магчыма, бунт у Нікарагуа — не пратэст супраць Артэгі або за пазачарговыя выбары. Не выключана, што мы назіраем першыя праявы мясцовага рымейку Арабскай вясны.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: