Ці падаравалі віленскія ўлады дом Ціханоўскай? Мэрыя Вільні зняпраўдзіла фэйк

Агенцтва Delfi зняпраўдзіла фэйк беларускіх дзяржаўных СМІ, што нібыта ўлады Вільні падаравалі Святлане Ціханоўскай дом у цэнтры літоўскай сталіцы.


Інфармацыя пра тое, што літоўскі мэр падарыў Святлане Ціханоўскай дом, прагучала ў перадачы "Контуры" на АНТ.


Каб спраўдзіць гэта паведамленне, ru.Delfi.lt звязаўся з самакіраваннем Вільні і са штабам Святланы Ціханоўскай.

"Па-першае, дом гарадскія ўлады нікому не дарылі, тым больш асабіста Святлане Ціханоўскай, — прапанавалі арандаваць. Па-другое, першапачаткова штаб Святланы Ціханоўскай да дома не меў ніякага дачынення. Па-трэцяе, штаб у доме, пра які ідзе гаворка, размяшчацца не будзе, там, напэўна, размесцяцца арганізацыі беларускай дыяспары ў Літве", — распавяла Ганна Красуліна, прэс-сакратарка Ціханоўскай.

 Вілма Лаяўскайтэ, кіраўнік аддзела нерухомай маёмасці самакіравання Вільні, паведаміла ru.Delfi.lt: "Адміністрацыя Віленскага гарадскога самакіравання для цэнтра беларускай супольнасці дала ў арэнду памяшканні на адной з самых ажыўленых вуліц сталіцы, на вуліцы Вільняус (Вільняус 20). З публічнай установай "Дапамога" для пачатку падпісаны дагавор кароткатэрміновай арэнды на месяц, а на іншым пасяджэнні Савета будзе прынята рашэнне без правядзення конкурсу падаць гэтыя памяшканні ў арэнду тэрмінам на 5 гадоў. Публічная ўстанова "Дапамога" тут стане цэнтрам усіх, хто мае патрэбу ў дапамозе і інфармацыі, ратуючыся ад рэпрэсій у сваёй краіне".

Згодна з інфармацыяй, прадстаўленай гарадскім самакіраваннем, у памяшканнях плошчай 242,59 кв. м публічная ўстанова "Дапамога" плануе аказваць дапамогу і прадастаўляць інфармацыю па пытаннях абароны грамадзянскіх правоў, інтэграцыі, псіхалагічную дапамогу, інфармацыю, якая тычыцца вольнага часу, вучобы, канферэнцый, сацыяльнай абароны, папярэджання злачыннасці, інтэграцыі ўразлівых сацыяльных груп і інш.Па словах гарадской адміністрацыі, публічная ўстанова таксама супрацоўнічае з дабрачынным фондам "Краіна для жыцця" і інфармацыйна-палітычнай платформай "Зубр". Памяшканні можна выкарыстоўваць для правядзення заняткаў па літоўскай мове, прадастаўлення карыснай інфармацыя бежанцам, працы службы, якая займаецца апрацоўкай даных аб злачынствах рэжыму, а таксама для размяшчэння экспазіцыі калекцыі Музея беларускай культуры, які дзейнічаў у Вільні з 1921 года і насіў імя Івана Луцкевіча. Каштоўная калекцыя экспанатаў дагэтуль назапашвалася і захоўвалася грамадскімі дзеячамі ў прыватным парадку, у прыватных калекцыях.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: