Ці пройдзе «канфедэрапад»?

У ЗША распачаліся пратэсты супраць павальнага дэмантажу помнікаў у гонар канфедэратаў — жаўнераў рабаўладальніцкага Поўдня ў часы Грамадзянскай вайны.

Фота www. nola.com

Дзіўна, што «канфедэрапад» выклікаў абурэнне толькі зараз — праз тры гады пасля старту праграмы па зносу мемарыялаў канфедэратам. Нагадаем, што непасрэдна праграму запусцілі пасля страляніны 17 чэрвеня 2015 года ў горадзе Чарлстан. Тады 21-гадовы Дылан Руф атакаваў прыхаджан афрыканскай метадысцкай царквы, забіўшы дзевяць чалавек. Шок ад трагедыі выклікаў адпаведную эмацыйную атмасферу ў грамадстве. На яе фоне ў заканадаўчых органах на аўтамаце прагаласавалі за пастанову пра знос помнікаў жаўнерам рабаўладальніцкага Поўдня, якія, як высветлілася, былі кумірамі Руфа.

На пачатак гэтай вясны, калі пачаліся пратэсты, па ўсёй краіне паспелі знішчыць каля 60 помнікаў. Тое, што прыхільнікі Канфедэрацыі заварушыліся толькі зараз, можна растлумачыць тым, што раней дэмантавалі помнікі малавядомым героям. Толькі цяпер рукі камунальнікаў, адказных за знос аб’ектаў, дацягнуліся да манументаў у гонар генерала Роберта Эдварда Лі.

Генерал Лі ў час Грамадзянскай вайны быў камандуючым арміі рабаўладальніцкай Канфедэрацыі. І хаця яго войска ў выніку было вымушана капітуляваць, паступова генерал стаў адной з самых папулярных фігур сярод простых амерыканцаў — і не толькі на Поўдні. Павагу да кіраўніка канфедэратаў можна растлумачыць папулярным міфам, паводле якога Лі быў сімвалам гонару і адвагі. Што тычыцца яго правалаў на палях бітваў, то іх спісвалі на колькасную перавагу праціўніка. Часамі культ Лі захінаў нават фігуру прэзідэнта Лінкальна. Не дзіўна, што ў гонар генерала былі названыя ўніверсітэты, пабудавана безліч помнікаў, знята шмат фільмаў, напісаная вялікая колькасць кніг, у тым ліку нават дзіцячых казак.

Толькі ў 1970-х гадах, на хвалі руху за грамадзянскія правы, гісторыкі пачалі пераглядаць традыцыйнае стаўленне да генерала. Цяпер лічыцца, што Лі трапіў у пантэон герояў ЗША выпадкова. Сваёй папулярнасці ён, па вялікім рахунку, абавязаны спекулятыўнай біяграфіі, якая стала бестселерам, стварыўшы яму вобраз мегарыцара.

Рэвізія трактоўкі фігуры Лі ў гісторыі даўно знайшла сваіх адэптаў. Нездарма сёння шматлікія амерыканцы вітаюць дэмантаж помнікаў у яго гонар і разглядаюць гэта як акт канчатковага разрыву са спадчынай рабаўладальніцкіх часоў. Сярод гэтай часткі грамадства хапае белых амерыканцаў. Яны лічаць, што праз дэмаграфічныя змены эра дамінавання белых у ЗША падыходзіць да канца. Без грамадзянскай дамовы белых з тымі ж афраамерыканцамі (у тым ліку па падыходах да мінулага) Злучаныя Штаты не маюць шанцаў захаваць дэмакратыю.

Аднак хапае сярод белай публікі і тых, хто пабачыў у зносе помнікаў праяву культурнага генацыду. На працягу апошніх тыдняў яны намагаюцца абараніць манументы, якім пагражае дэмантаж, арганізуючы маршы пратэсту. Падчас маніфестацый гучаць лозунгі: «Вам не замяніць нас!», «Жыццё кожнага белага — каштоўнасць!». Дарэчы, папулярны на акцыях і экстравагантны лозунг: «Расія — наш сябра!».

Нефармальным лідарам пратэстаў выступае Рычард Спенсер — грамадскі актывіст, вядомы сваімі расісцкімі поглядамі. Спенсер кажа, што ўлада са сваёй палітыкай гістарычнай памяці можа дагуляцца да рэнесансу ККК — арганізацыі Ку-клукс-клан, якая доўгі час тэрарызавала афраамерыканцаў. Праўда, праварадыкальны бэкграунд Спенсера — лепшая гарантыя таго, што вулічныя пратэсты будуць успрымацца ў шырокім грамадстве як выхадкі маргіналаў.

Аднак паступова за пратэстамі супраць зносу помнікаў канфедэратам пачынаюць далучацца больш салідныя палітыкі. Апошні дэмантаж помніка Роберту Лі ў Новым Арлеане асу­дзілі шэраг мясцовых дэпутатаў у штатах Луізіана і Місісіпі. Адзін з іх у сваім акаўнце ў Facebook параўнаў знос манументаў канфедэратам з учынкамі нацыстаў і прыгразіў іх арганізатарам «судом Лінча». Пост пра суд Лінча выклікаў негатыўны рэзананс у СМІ, якія таксама адзначылі цікавы момант: ніводны з лідараў рэспубліканцаў нацыянальнага ўзроўню не выказаўся негатыўна наконт закліку лінчаваць разбуральнікаў манументаў.

У суседняй Алабаме, дзе дэмантаж яшчэ не пачаўся, сярод дэпутатаў паўстала ініцыятыва надаць помнікам генералу Лі і іншым канфедэратам статус аб’ектаў культурнай і гістарычнай спадчыны. Таксама ўзгадваюць, што падчас Грамадзянскай вайны загінула каля 220 тысяч жаўнераў з войска Поўдня, якія, будучы амерыканцамі, таксама заслугоўваюць павагі ў аб’ектах манументальнай культуры.

З улікам росту інтарэсу да праблемы з боку правага палітыкуму нельга выключыць, што тэма помнікаў можа трапіць у павестку іх кандыдатаў на парламенцкіх выбарах, якія пройдуць у шэрагу штатаў у наступным годзе. З іншага боку, спікеры афраамерыканскай камуны не толькі асудзілі акцыі супраць дэмантажу помнікаў, аднак і катэгарычна далі зразумець — ніякага кампрамісу наконт захавання манументаў канфедэратам быць не можа. Для іх помнікі Роберту Лі і яго аднадумцам — увасоблены намёк на тое, што часы няроўнасці грамадзян паводле расавага паходжання могуць вярнуцца.

Зараз у Злучаных Штатах засталося прыкладна 200 манументальных аб’ектаў, якія праслаўляюць жаўнераў Канфедэрацыі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Ihar
  • 2017-06-04 14:26:26
"Южане" мусяць бараніць сваё.

Больш цікавага на «Новым Часе»: