Ці выпраўданы страх перад кітайцамі ў сувязі з каронавірусам? Адказвае псіхолаг

Кітайскія рэстараны пусцеюць, на людзей азіяцкай знешнасці глядзяць з асцярогай. У інтэрв'ю DW псіхолаг Джошуа Цібар падзяліўся назіраннямі за рэакцыяй чалавека на нябачныя пагрозы накшталт інфекцый.
У сувязі з распаўсюджваннем каронавіруса некаторыя людзі цяпер імкнуцца пазбягаць кантакту з усім, што яны звязваюць з Кітаем, а на людзей азіяцкай знешнасці глядзяць з асцярогай. Прафесар Джошуа Цібар працуе на факультэце эксперыментальнай псіхалогіі і біхейвіярызму Ва ўніверсітэце Амстэрдама і вывучае, як сучасныя людзі паводзяць сябе, сутыкаючыся з небяспечнымі інфекцыйнымі хваробамі.

З розных краін свету паступаюць паведамленні аб тым, што з-за эпідэміі каронавіруса людзі сталі пазбягаць кантакту з усім, што яны звязваюць з Кітаем. Ёсць навуковае тлумачэнне такой з'явы?

— Некалькі гадоў таму мы апублікавалі даследаванне аб тым, як людзі рэагавалі на бежанцаў з Ліберыі падчас эпідэміі ліхаманкі эбала ў 2014 годзе. А таксама, як людзі рэагавалі на бежанцаў з Сірыі, калі «Ісламская дзяржава» ўяўляла там найбольшую пагрозу.

Мы высветлілі, што ўдзельнікі даследаванні ў роўнай меры негатыўна ставіліся да мужчын і жанчын, якія прыехалі з Ліберыі. У выпадку ж з сірыйцамі, якія асацыяваліся ў нашых рэспандэнтаў з гвалтам і тэрарызмам, яны негатыўна ставіліся толькі да мужчын. З гэтага мы зрабілі выснову, што да тых, хто прыязджае з ахопленага эпідэміяй рэгіёну, людзі ставяцца насцярожана ў цэлым, без разбору.

У адным з даследаванняў вы кажаце аб псіхалогіі пазбягання ўзбуджальнікаў хваробы. Гаворка ідзе пра гэта?

— Так. Людзі ўсю гісторыю свайго існавання змагаюцца з хваробамі. І ўжо 200 гадоў нам вядома, што хваробы выклікаюць ўзбуджальнікі.

Наш мозг неўсвядомлена выпрацаваў стратэгію пазбягання узбуджальнікаў хвароб. Чалавеку не патрэбны дыплом па мікрабіялогіі, каб ведаць, што не трэба чапаць рукамі нічога ў брудным грамадскім туалеце. Калі мы бачым падобнае ці адчуваем адпаведны пах, мозг дае сігнал — трымацца далей. Узнікае пачуццё агіды, якое дапамагае чалавеку пазбегнуць заражэння.

Ці можна гэта пачуццё параўнаць са страхам, які адчувае чалавек, калі ён, напрыклад, бачыць у чарзе ля касы ў краме іншага чалавека, якога прымае за кітайца? Па-вашаму, гэта натуральная рэакцыя?

— Так, гэта натуральна, але гэта не азначае, што такая рэакцыя — добрая ці пажаданая. Агіду звычайна выклікаюць раздражняльнікі напрыклад, кашаль або заражаныя раны. У выпадку з каронавірусам або іншымі падобнымі да яго інфекцыямі праблема заключаецца ў тым, што ў тых, хто заразіўся, няма ніякіх прыкметных сімптомаў. Таму людзі робяцца асабліва падазронымі і спрабуюць гэтыя сімптомы знайсці. Калі чалавек бачыць прадстаўніка пэўнай этнічнай групы, які, можа, і сам не ведае, ці заражаны ён, то гэты чалавек з асцярожнасці стараецца трымацца ад яго далей.

Ці можна прадказаць, хто ў выпадку з такой інфекцыяй рэагуе найбольш моцна? Ці залежыць гэта ад узроўню адукацыі або ад таго, як шмат чалавек мае зносіны з прадстаўнікамі іншых культур?

— Людзі, якія негатыўна ставяцца да імігрантаў, будуць больш негатыўна рэагаваць на прадстаўнікоў тых краін, у якіх выяўлены каронавірус.

Але ёсць яшчэ іншы цікавы аспект, мы называем яго «ўспрымальнасць да агіды». Яго мы вымяраем, калі пытаем людзей аб тым, як моцна ў іх выклікае агіду брудны халадзільнік, чалавек з моцным цялесным пахам або калі яны наступілі ў сабачыя эскрэменты. То бок, калі гаворка ідзе пра інстынкты.

Людзі, якія рэагуюць на гэтыя ўзбуджальнікі мацней, таксама больш негатыўна ставяцца да мігрантаў з краін, якія звязваюць з магчымымі ўзбуджальнікамі хваробаў. У дачыненні да прыезджых з іншых краін у іх няма антыпатыі.

Ці азначае гэта, што ад майго ДНК залежыць, наколькі моцна я адчуваю агіду да ўзбуджальнікаў захворванняў і выступаю супраць іх носьбітаў?

— Мяркую, што гэта так. Нашы даследаванні, у тым ліку вывучэнне паводзін двайнят, паказалі, што прыкладна ў 50 працэнтах выпадкаў «ўспрымальнасць да агіду» звязаная з ДНК.

Як вы ставіцеся да папрокаў у тым, што вашыя даследаванні апраўдваюць расізм?

— У людзей заўсёды былі забабоны, і ў мінулым яны не мелі патрэбы ў навуковым пацверджанні для сваіх учынкаў. Мы хочам высветліць, чаму гэта так. Мая навуковая мэта — спазнаць псіхалагічныя працэсы, каб даць рэкамендацыі, як можна прадухіліць паводзіны, праблематычныя з грамадскай пункту гледжання. У нас навукоўцаў таксама ёсць задача — сфармаваць да гэтага правільнае стаўленне.

Я чытаў адну гісторыю з Італіі, дзе жанчына абвінаваціла чалавека азіяцкай знешнасці ў тым, што ён заражаны каронавірусам і распаўсюджвае інфекцыю сярод іншых людзей. Мужчына адказаў ёй на чыстай італьянскай з рымскім акцэнтам, што ён нарадзіўся ў Італіі і яшчэ ні разу ў жыцці не быў у Кітаі.

Гэтая гісторыя наглядна паказвае, наколькі абсурдныя падобныя рэакцыі, хоць яны ўласцівы чалавечай прыродзе. Яны не могуць быць апраўданнем ў выпадку з цяперашнім распаўсюджваннем каронавіруса. Я думаю, што не толькі я, як псіхолаг, але і спецыялісты ў галіне барацьбы з інфекцыямі нясуць адказнасць за тое, каб не было істэрыі. Цяпер нашмат вышэй верагоднасць памерці ў ДТЗ на скрыжаванні, заглядзеўшыся ў свой смартфон, чым заразіцца каронавірусам і памерці ад яго.

dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: