Ці захопіць Цукерберг Белы дом?

У заходніх медыя — новая хваля чутак пра тое, што Марк Цукерберг, заснавальнік Facebook, збіраецца ў прэзідэнты ЗША.

Фота www.medium.com

Пачалося ўсё год таму, калі на адной з навагодніх імпрэзаў Цукерберг абвясціў пра асабістую мэту на наступны год — да канца 2017-га ў межах дзейнасці свайго фонду наведаць усе штаты ЗША і пазнаёміцца з іх жыхарамі. Прэса адразу напружылася. Мала хто паверыў, што такога кшталту турнэ выкліканае прыступам філантропіі. Такія ваяжы ўласцівыя тым, хто задумаў балатавацца ў прэзідэнты. У час паездак яны сустракаюцца з актывам, вывучаюць праблемы электарату, ствараюць свой выбарчы імідж.

Хаця сам Цукерберг катэгарычна адмовіў магчымасць балаціроўкі, яму не паверылі. Сапраўды, нашто ў такім разе браць у сваю каманду Дэвіда Пруфа, менеджара выбарчага штабу Барака Абамы ў 2008-м? Таксама вельмі падазрона выглядае вялікі інтарэс Цукерберга да штатаў так званага «іржавага поясу», дзе звычайна вызначаецца лёс прэзідэнцкіх выбараў.

У апошні час тэма прэзідэнцтва Цукерберга зноў вярнулася на старонкі СМІ. Яе пралогам стала серыя публікацый у медыях пра тое, што ЗША патрэбны малады прэзідэнт, які думае катэгорыямі ХХІ стагоддзя. Большасць прадстаўнікоў амерыканскай эліты сапраўды выглядаюць як дыназаўры. І, натуральна, лепшай кандыдатуры на гэтую ролю, чым вынаходнік Facebook, які нарадзіўся ў 1984-м, знайсці цяжка.

Калі Цукерберг сапраўды пойдзе ў палітыку, яго шанцы даволі высокія. Па-першае, ён мае каласальны матэрыяльны рэсурс для сваёй кампаніі. Нагадаем, што яго капітал ацэньваюць прыкладна ў 19 мільярдаў долараў. Для даведкі — выбарчая кампанія Хілары Клінтан у 2016 годзе каштавала каля мільярда. Хаця ў ЗША выбарчыя фонды фармуюцца за кошт ахвяраванняў, наўрад ці ў Цукерберга будуць пытанні з грашыма.

Па-другое, на кандыдатуру Цукерберга працуе Facebook, які некаторыя ўжо называюць чацвёртай галіной улады. Нават калі не размяшчаць там палітычнай рэкламы, кожны карыстальнік сеткі так ці інакш у глыбіні душы ўдзячны яе вынаходніку. Не кажучы пра тое, што сам Facebook сімвалізуе новую ступень прагрэсу, будучыню чалавецтва.

Аналізуючы змест выступаў стваральніка Facebook наконт розных актуальных падзей, журналісты ўжо нават склалі чарнавік праграмы кандыдата. Хутчэй за ўсё, у ёй будзе прысутнічаць такі блок, як барацьба са зменамі клімату. А крытыка міграцыйнай палітыкі Трампа і падтрымка руху «Black Lives Matter» — арганізацыі, якая выступае за правы афраамерыканцаў, — сведчаць пра тое, што ў праграме Марка Цукерберга могуць уздымацца праблемы расавай роўнасці.

Фраза Цукербекера пра прыналежнасць «да генерацыі, якая павінна скончыць з беднасцю», дазваляе прагназаваць, што яго праграма будзе мець выразна сацыяльны характар. Дарэчы, калісьці ён нават заявіў, што плаціць падаткі павінны выключна багатыя людзі.

Вялікую ўвагу Цукерберг прысвячае пытанню асабістых свабодаў і свабоды камунікацыі. Гэта вынікае хаця б з яго словаў пра тое, што «свабода, адкрытасць і адчуванне прыналежнасць да глабальнай супольнасці павінны перашкаджаць аўтарытарызму, нацыяналізму і аўтарытарызму». На думку экспертаў, у выпадку прыходу Цукерберга ў Белы дом, ЗША будуць намагацца ствараць праз інтэрнэт новыя мадэлі глабальнай кааперацыі за кошт грамадзян, а не дзяржструктур.

Такая платформа больш-менш блізкая леваму крылу Дэмакратычнай партыі, аднак шмат хто сумняваецца ў тым, што Цукерберг мае намер ісці як прадстаўнік партыі. І сапраўды, нашто Марку партыя, калі ў яго пад рукой ёсць Facebook з двума мільярдамі падпісчыкаў?

Праўда, Facebook — гэта не толькі плюсы. Пасля шматлікіх скандалаў наконт выкарыстання расійскімі спецслужбамі сацсетак апаненты Цукерберга могуць абвінаваціць канкурэнта ў нейкіх махінацыях у сеціве.

Гэта яшчэ без уліку новай дыскусіі пра адмоўную ролю сацыяльных сетак у розных сферах. Апошнім часам Facebook абвінавацілі ў тым, што сетка дапамагае злодзеям хавацца ад падаткаў, кансервуе інфантылізм у тынэйджараў, разбурае алгарытмы сямейнага жыцця. Усё больш сацыёлагаў лічаць, што сацсеткі вульгарызуюць палітычную думку, ускосна працуючы на партыі папулістаў. Адным словам, пры жаданні, Цукерберга можна зрабіць вінаватым за ўвесь негатыў у свеце.

Такім чынам, прыход Цукерберга ў палітыку не гарантуе яму лёгкай перамогі. Магчыма, таму ён дасюль вагаецца наконт таго, ці ісці на выбары. У любым выпадку, усе згодныя — калі стваральнік Facebook не будзе ўдзельнічаць у выбарах 2020-га, менавіта ён праз Facebook сфармуе іх правілы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць