Ціманоўская падала дакументы на польскае грамадзянства

Крысціна Ціманоўская падала дакументы на атрыманне польскага грамадзянства, паведамляе «Еўрарадыё».
Крысціна Ціманоўская на спаборніцтвах у Шчэціне, жнівень 2021-га / Krzysztof Hadrian/Agencja Gazeta via REUTERS

Крысціна Ціманоўская на спаборніцтвах у Шчэціне, жнівень 2021-га / Krzysztof Hadrian/Agencja Gazeta via REUTERS


Крысціна Ціманоўская падала дакументы на атрыманне польскага грамадзянства. «Мой план — як мага хутчэй выступаць за Польшчу», — сказала спартсменка нямецкім журналістам з выдання «Welt am Sonntag». Паводле слоў Ціманоўскай, у яе і мужа ў Польшчы «шэсць целаахоўнікаў». Яна не шкадуе пра пераезд у Польшчу. «Думаю, што гэта быў правільны шлях», — кажа Крысціна Ціманоўская.

Ціманоўская апынулася ў Польшчы ў жніўні пасля інцыдэнту на Алімпіядзе ў Токіа. Пачалося ўсё з таго, што ў дзвюх беларускіх бягух, якія павінны былі ўдзельнічаць у эстафеце 4*400 метраў, не аказалася дастатковай колькасці допінг-проб — іх не дапусцілі да спаборніцтваў. Тады беларускія спартыўныя функцыянеры вырашылі выставіць на старт Крысціну Ціманоўскую, якая бегае толькі кароткія дыстанцыі — 100 і 200 метраў. Пра гэта спартсменка эмацыйна напісала ў сацсетках. Пасля гэтага Ціманоўскую вырашылі датэрмінова адправіць у Беларусь — ва ультыматыўнай форме сказалі збіраць рэчы і ехаць у аэрапорт. Там яна звярнулася па дапамогу да паліцыі, а пасля і да Міжнароднага алімпійскага камітэта. Выбухнуў скандал.

Пасля прыезду ў Польшчу Крысціна Ціманоўская заявіла, што плануе змяніць спартыўнае грамадзянства на польскае. Яна выказала спадзяванне, што абавязковы трохгадовы каранцін для яе скароцяць.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: