Цяпер яшчэ і Nordexit

Услед за шатландцамі і каталонцамі пра дзяржаўнасць задумаліся на Поўначы Італіі, дзе абвешчаны рэферэндум аб пашырэнні аўтаноміі.


«Мы стварылі Італію, зараз мы павінны ствараць італьянцаў», — прызнаўся адзін з бацькоў італьянскага адзінства пасля заканчэння аб’яднання Апенінаў у сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Актуальнасць таго выразу захавалася да нашых дзён, пра што яскрава сведчаць апошнія падзеі на Поўначы Італіі. У мінулым снежні Раберта Мароні, прэм’ер ураду правінцыі Ламбардыя, анансаваў плебісцыт наконт пашырэння аўтаноміі краю. Адначасова стала вядома, што падобнае мерапрыемства запланавалі і ў суседняй правінцыі Венета.

Ідэя рэферэндуму з’явілася не на пустым месцы. І Ламбардыю, і Венету кантралюе партыя «Ліга Поўначы», якая ад самага пачатку існавання носіцца з праектам Паданіі — аўтаномнай дзяржаўнай адзінкі ў складзе (пажадана федэратыўнай) Італіі.

Неабходнасць будаўніцтва дзяржаўнасці Паданіі аргументуецца не толькі культурным кантрастам паміж паўночнымі раёнамі і «Mezzogiorno» — так называюць італьянскі поўдзень. Паўночнікам яшчэ з 60-х гадоў мінулага стагоддзя не падабаецца, што іх падаткі цэнтр забірае на субсідыі для беднага аграрнага Поўдня. З часам такая ўстаноўка спрыяла ўзнікненню калектыўнай ксенафобіі наконт паўднёвых італьянцаў, якія ў дадатак, маўляў, забіраюць працоўныя месцы. У наш час ксенафобскі комплекс на Поўначы пашырыўся на адрас усіх мігрантаў. Не так даўно ў клуб ворагаў «Лігі Поўначы» трапіў і Еўрасаюз, які, як кажуць ідэолагі партыі, таксама «смокча» падаткі з рэгіёну.

Хаця міфу аўтаномнай Паданіі амаль 30 гадоў, найбольшым поспехам на гэтым шляху было стварэнне ў 1998 годзе паданскай зборнай па футболе. Цяпер у выглядзе рэферэндуму робіцца больш сур’ёзны крок.

У прынцыпе, запланаваны рэферэндум не будзе мець прававых наступстваў. Так, па словах Лукі Дзая, губернатара Венета, сэнс народнага волевыяўлення — спрыяць духу дэмакратыі, узмацніць аўтарытэт самакіравання. Пасля абвяшчэння даты плебісцыту жыхарам нават прапануюць сфармуляваць сваё бачанне аўтаноміі. Аднак, хутчэй за ўсё, галоўным пунктам, які вынесуць на галасаванне, будзе патрабаванне фіскальнай аўтаноміі. Той жа сіньёр Дзая прапануе пакідаць на месцах усе падаткі, якія плацяць фізічныя асобы. У выніку бюджэт той жа правінцыі Венета папоўніцца на 21 мільярд еўра, якія будуць інвеставаныя ў мясцовую — перш за ўсё турыстычную — інфраструктуру. Пры гэтым сцвярджаецца, што такая рэформа дазволіць павялічыць агульнаітальянскі бюджэт і, адпаведна, падтрымку дэпрэсіўнага Поўдня.

Арганізатары кажуць, што ў лепшым выпадку дамагаюцца для Поўначы статусу, падобнага на той, які мае Паўднёвы Ціроль. Нямецкамоўны край у складзе Італіі з 2001 года мае статус асобнай правінцыі. Згодна з гэтым статусам, урад гарантуе цірольцам шырокія культурныя і моўныя правы. Таксама тут існуе рэгіянальны парламент, які мае не толькі заканадаўчую ўладу на рэгіянальным узроўні, але і абірае прэзідэнта, віцэ-прэзідэнтаў і міністраў аўтаноміі.

Аднак гэтая быццам бы нерадыкальная лексіка «Лігі Поўначы» не ўражвае Рым, які вуснамі папярэдняга прэм’ера Матэа Рэнцы асудзіў ідэю плебісцыту. Такая ацэнка цалкам слушная. У цэнтры ўжо падлічылі, што фіскальная аўтаномія Ламбардыі і Венета будзе каштаваць бюджэту каля 90 мільярдаў еўра. Акрамя таго, усе разумеюць, што «Ліга Поўначы» наўрад ці супакоіцца, атрымаўшы фіскальныя бонусы для краю. Выданні, блізкія да «Лігі Поўначы», адкрытым тэкстам пішуць, што рэгіён Паданія атрымае незалежнасць наступным пасля Шатландыі і Каталоніі, прычым ужо ў 2018 годзе. Амбіцый не хавае і партыйнае кіраўніцтва. «Я ўсё жыццё казаў пра федэралізм і аўтаномію. І вось час прыйшоў. Або мы страцім разам усё, або мы разам атрымаем усё», — пракаментаваў ідэю рэферэндуму Матэа Сальвіні — старшыня «Лігі Поўначы». Ужо прыдумана, як будзе называцца працэс выхаду Поўначы са складу ІталііNordexit.

Наўрад ці ў Рыме не ведаюць пра настроі ў шэрагах лігістаў. Праўда, агульная палітычная сітуацыя спрыяе сепаратысцкім планам. У італьянскім дзяржаўным апараце пануе хаос. Пасля нядаўняй адстаўкі прэм’ера Рэнцы краінай кіруе часовы ўрад. Ва ўрадавай Партыі дэмакратаў (PD) пасля згаданай вышэй адстаўкі ідуць цэнтрабежныя працэсы: PD пакінулі цэнтрысты і левыя радыкалы. Няма дэфіцыту ў плётках пра пазатэрміновыя выбары, па выніках якіх паўстане новая кааліцыя. У якасці ўмовы падтрымкі новага ўраду «Ліга Поўначы» можа патрабаваць санкцыі на рэферэндум.

Праўда, у аматараў італьянскага адзінства ёсць незвычайны саюзнік. Гэта тая самая прагматычнасць, якой так ганарацца паўночныя італьянцы. Рацыяналістаў з Поўначы палохаюць бюджэтныя выдаткі, неабходныя для арганізацыі плебісцыту без канкрэтных наступстваў. Падлічылі, што рэферэндум будзе каштаваць Ламбардыі каля 20 мільёнаў еўра, а Венета — каля 14 мільёнаў.

У тым ліку праз гэты нюанс усю зіму лідары «Лігі Поўначы» не маглі дасягнуць згоды наконт даты народнага волевыяўлення. Толькі 13 сакавіка на пасяджэнні кіраўніцтва партыі было прынятае канчатковае рашэнне. У той жа дзень губернатары Венета і Ламбардыі накіравалі ў Рым сумесны ліст з просьбай даць згоду на правядзенне рэферэндуму. Ён запланаваны на 15 чэрвеня, калі ў кране адбудуцца і мясцовыя выбары.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!