«Цяжка спрагназаваць наступствы». Уладзімір Зяленскі — пра закон аб украінскай мове

Уладзімір Зяленскі, які перамог на выбарах прэзідэнта Украіны, заявіў, што пасля яго ўступлення на пасаду кіраўніка дзяржавы закон аб ўкраінскай мове «будзе старанна прааналізаваны на прадмет захавання канстытуцыйных правоў і інтарэсаў усіх грамадзян».
Як напісаў Зяленскі у фэйсбуку, цяпер «цяжка спрагназаваць наступствы прыняцця гэтага закона». Не было праведзенае «досыць шырокае абмеркаванне» праекту дакумента, указаў ён. Зяленскі таксама звярнуў увагу на тое, што да канчатковага чытання законапраекта было ўнесена каля двух тысяч паправак, а фінальны варыянт дакумента, прыняты парламентам 25 красавіка, пакуль не апублікаваны.

Зяленскі таксама адзначыў, што законапраект разглядаўся падчас перадвыбарчай кампаніі, што «зрабіла яго закладнікам палітычнай рыторыкі».

Дзеючы прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, у сваю чаргу, назваў прыняцце закона аб ўкраінскай мове «гістарычным рашэннем» і яшчэ адным крокам на шляху да "ментальнай незалежнасці».

Пётр Парашэнка раней заявіў, што будзе рады падпісаць закон аб ўкраінскай мове да сыходу з пасады кіраўніка дзяржавы.

Новы прэзідэнт Украіны павінен уступіць у пасаду не пазней за 3 чэрвеня. Дакладная дата інаўгурацыі будзе прызначаная пасля таго, як ЦВК афіцыйна абвесціць вынікі выбараў.

Паводле meduza.io

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!