Чаго баяцца дыктатары?

Высвятляецца, што пасля Другой сусветнай вайны на нашай планеце былі зрынутыя больш за 300 дыктатур. На базе такога масіву інфармацыі можна нават вызначыць найбольш папулярныя метады звяржэння тыранаў.

Генерал Піначэт

Дыктатарам быць няпроста. Гэтую банальную думку яскрава давёў Мілан Сволік, аўтар кнігі «The Politics of Authoritarian Rule» («Палітыка аўтарытарнага кіравання»), якая пабачыла свет у 2012 годзе. Падчас працы над кнігай ён падлічыў верагоднасці розных варыянтаў сыходу аўтарытарнага лідара (дыктатара) ад улады. Усяго ў базе даных даследчыка аказаліся 303 дыктатары, якія знаходзіліся ва ўладзе не менш за адзін дзень у перыяд з 1946 па 2008 год, і якія страцілі сваю ўладу неканстытуцыйным шляхам.

Гледзячы на статыстыку, якую прыводзіць Сволік, самая небяспечная для дыктатараў пагроза — пераварот. З 303 тыранаў шляхам перавароту былі зрынутыя 205 (67,7%). Тут як ілюстрацыю можна ўзгадаць славутую партугальскую «рэвалюцыю гваздзікоў», калі 25 красавіка 1974 года афіцэры сярэдняга звяна («рэвалюцыя капітанаў») захапілі ўладу. Пераварот адбыўся вельмі хутка, што дзіўна, калі ўзгадаць, што ў Партугаліі знаходзіўся самы даўгавечны і стабільны дыктатарскі рэжым у Заходняй Еўропе. З іншага боку, партугальская дыктатура яўна не пасавала часу. Напрыклад, кіраўніцтва Партугаліі лічыла, што пісьменнасць уяўляе пагрозу для дзяржавы. У выніку каля 40% насельніцтва краіны заставалася непісьменным. Цікава, што ў якасці прапаганды вайскоўцы выкарыстоўвалі забароненыя песні, якія круцілі на захопленых радыёстанцыях.

У 32 выпадках, якія ўзгадвае Мілан Сволік, дыктатуры зносілі народныя паўстанні. Такая з’ява назіралася ў 10,6% выпадкаў. Класічным можна лічыць крах рэжыму Фердынанда Маркаса на Філіпінах, які існаваў з 1965 па 1986 год. Візітнай карткай дваццацігадовага праўлення Маркаса была махровая карупцыя, а тон ёй задаваў сам прэзідэнт. Яго дачка ўжо ў 20-гадовым узросце дырыжыравала сталічным сімфанічным аркестрам. Адно з міністэрстваў узначальваў былы асабісты кіроўца.

Аднак галоўным раздражняльнікам для народа былі паводзіны Імельды — жонкі гаранта, пра марнатраўнасць якой ходзяць легенды. Спадарыня Маркас карысталася туалетнай паперай з шоўку, якая каштавала не менш $20 за рулон. На Філіпінах да гэтага часу папулярная гісторыя пра тое, як першая лэдзі запатрабавала, каб пляж яе асабістага новага курорта быў акультураны пяском з Аўстраліі. У колькі абышлася дастаўка заморскага пяску самалётамі, ніхто не ведае.

У 1986 годзе, пасля фальсіфікацыі чарговых выбараў, на Філіпінах пачалося паўстанне, якое з часам падтрымала войска. ЗША ўспрынялі падзенне свайго пратэжэ амаль па-філасофску — захавалі партнёрскія адносіны з новымі ўладамі, а самому дыктатару далі прытулак на Гаваях, дзе ён, забыты ўсімі, і памёр у 1989 годзе. Застаецца дадаць, што вядомая на ўвесь свет калекцыя абутку Імельды з 1200 параў, што засталіся ў прэзідэнцкім палацы пасля ўцёкаў Маркасаў, стала асновай першага ў свеце музея абутку.

Хапае выпадкаў, калі дыктатары сыходзілі з пасадаў пад уплывам грамадскага ціску. Такіх казусаў было аж 30 (9,9%). Напэўна, самы вядомы — адстаўка Аўгуста Піначэта, арганізатара путчу супраць левага ўраду Сальвадора Альендэ ў 1973 годзе. У канцы 1980-х гадоў Піначэт стаў імкліва губляць былую папулярнасць, якую атрымаў за кошт палітычнай стабілізацыі і эканамічных рэформаў. Па ўсёй краіне тады прайшлі мільённыя мітынгі, якія прымусілі дыктатара правесці плебісцыт. Падчас яго супраць Піначэта выказалася 55% выбаршчыкаў. Ён заявіў, што чылійцы здзяйсняюць памылку, але ў той жа час пагадзіўся з вынікамі галасавання.

Нарэшце, многія дыктатары станавіліся ахвярамі забойстваў. Сволік налічыў 20 выпадкаў такога кшталту — і гэта, адпаведна, 6,6 %. Прыкладам можа быць забойства 30 траўня 1961 года Рафаэля Леанідаса Трухільё — дыктатара Дамініканскай Рэспублікі. Забойства стала фіналам доўгага нават па мерках Лацінскай Амерыкі праўлення, якое доўжылася з лютага 1930-га і адзначылася фантастычнымі выхадкамі дыктатара.

Трухільё перайменаваў сталіцу дзяржавы Санта-Дамінга ў Сьюдад-Трухільё («горад Трухільё») і абавязаў мясцовыя цэрквы вывешваць плакаты «Бог на нябёсах, Трухільё — на зямлі».

Усе дзяржаўныя работнікі павінны былі «ахвяраваць» 10% зарплаты ў нацыянальную казну ў выглядзе «партыйных унёскаў» як сябры Дамініканскай партыі, куды іх прымушалі ўступаць. За адсутнасць сяброўскага пасведчання можна было трапіць у турму. Важна адзначыць, што за забойствам стаяў Вашынгтон, які раней заплючшваў вочы на фокусы Трухільё. На фоне нарастаючага палітычнага і эканамічнага крызісу Трухільё расстралялі ва ўласным «Шэўрале» на шашы пад сталіцай.

Яшчэ адзін спосаб ліквідацыі дыктатур — замежная інтэрвенцыя. У гэтай катэгорыі — 16 выпадкаў (5,3%). Сюды трапляе, напрыклад, угандзійскі дыктатар Адзі Амін, які не даваў сумаваць нікому. У адказ на крытыку з Лондану ён абвясціў сябе каралём Шатландыі і абавязаў брытанскіх дыпламатаў насіць яго на насілках. А важыў ён пад 120 кілаграмаў. Аднак у выніку Аміна загубіла жаданне паваяваць па-сапраўднаму. У кастрычніку 1978 года Уганда напала на суседнюю Танзанію. Раптоў­насць нападу была толькі часовым фактарам: хутка танзанійцы ачысцілі сваю тэрыторыю і пачалі прасоўванне ўглыб Уганды. Адступленне ператварылася ва ўцёкі. У апошнім звароце да войска Амін заклікаў «стаяць да апошняга». А пасля палымянага закліку сеў на самалёт і збег у Саудаўскую Аравію.

Як бачым, статыстыка дастаткова цікавая і натхняе на тое, каб задумацца. Аднак нельга забываць, што толькі ў 60% выпадкаў пасля завяршэння дыктатарскага перыяду адбываўся пераход да дэмакратыі. Пры гэтым у амаль 40% выпадкаў пасля краху дыктатуры ў краіне хутка пачыналася новая дыктатура.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: