Чаму Эрдаган пайшоў насустрач Маскве?

Чаму прэзідэнт Турцыі выказаў шкадаванне з нагоды збіцця расійскага самалёта і выбачыўся перад сям’ёй загіблага лётчыка? І якімі будуць наступствы гэтага кроку? Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган накіраваў ліст расійскаму прэзідэнту Пуціну, у якім выказаў шкадаванне з нагоды збіцця расійскага самалёта і выбачыўся перад сям’ёй загіблага лётчыка, выказаў гатоўнасць заплаціць кампнсацыю.

Чаму праз 7 месяцаў жорсткага канфлікту Анкара капітулявала, зрабіла тое, чаго Масква дамагалася ад пачатку канфлікту?

Безумоўна, сваю ролю адыгралі эканамічныя чыннікі. Расія спыніла паток турыстаў у Турцыю, якія былі істотнай крыніцай даходаў тамтэйшай казны, было ўведзенае эмбарга на гандаль, турэцкія кампаніі павыкідалі з Расіі. Усё гэта былі моцныя ўдары па турэцкай эканоміцы. Але не смяротныя.

Так выглядае, што большую ролю адыгрывалі палітычныя чыннікі. Адзін з іх — адносіны Расіі з курдамі. У канфлікце ў Сірыі Масква падтрымлівае пешмэргу — курдскае апалчэнне, якое вядзе баі з Ісламскай дзяржавай. Пешмэргу падтрымліваюць і Злучаныя Штаты, але ў сірыйскіх курдаў ёсць кроўныя браты у Турэччыне, тамтэйшыя курды, у тым ліку і тыя, што змагаюцца з Анкарой са зброяй у руках.

І каскад выбухаў, якія гучаць у турэцкіх гарадах ледзь не штотыдзень — ці не ўскосны вынік гэтай супрацы Масквы з курдамі? Не, зразумела, не з тэрарыстамі, прамога следу Масквы там няма і блізка. Але магчыма што пры паляпшэнні адносінаў Масква магла б паўплываць на сваіх партнёраў, каб тыя паводзілі сябе больш стрымана.

Але калі курдскі сюжэт — даволі спекуляцыйны, то стасункі Турцыі з Еўропай — зусім відавочны. Эрдаган згуляў «турэцкі гамбіт», пайшоў насустрач Еўразвязу, узяўшы на сябе ладную частку міграцыйнага цунамі, якое захлынае Еўропу з Блізкага Ўсходу. Еўропа стогне ад мільёна мігрантаў, у Турцыі ўцекачоў ужо два мільёны і колькасць іх працягвае расці. Але за дапамогу Еўропе Турцыя нечага хацела. І не толькі грошай. Але і безвізавага рэжыму з ЕЗ зараз, і яснай пэрспектывы ў перамовах аб сяброўстве. І не атрымала. Эрдаган публічна заяўляе пра падман з боку Захаду.

Наколькі Захад сапраўды парушыў свае абяцанні — асобнае пытанне, але відавочна, што стасункі Анкары з Еўропай істотна пагоршыліся. НАТО ніхто не адмяняў, у выпадку ваеннай пагрозы Турцыю партнёры па альянсе напэўна б абаранілі, але не пра вайну гаворка. Стратэгічнага альянсу не атрымалася.

А тут яшчэ і Брэкзіт. І самы яго факт, з якога вынікае, што ЕЗ доўга будзе не да Турэччыны, і тое, што падчас агітацыйнай кампаніі туркамі брытанцаў пужалі, як у часы турэцкай асады Вены.

Нарэшце, удалы для Анкары збег абставінаў. Менавіта зараз Турэччына і Ізраіль прыйшлі да пагаднення наконт колішняй дыверсіі ізраільскіх камандас супраць турэцкага канвою з грузамі да паласы Газа. Тут нарэшце саступілі ізраільцяне — выбачэнні, кампенсацыі, доступ гуманітарных канвояў да Газы. Ізраіль саступіў Турцыі, Турцыя ў той самы час саступіла Расіі — не так крыўдна.

Але ж саступіла. Масква цвёрда стаяла на сваім і дамаглася ўсяго, чаго хацела. Псіхалагічна перамога чыстая і бясспрэчная. Можна чакаць у Расеі новага пад’ёму нацыянальных пачуццяў, перамога можа натхніць Маскву на даволі рашучыя крокі ў іншых сферах міжнароднай палітыкі: перамаглі турак, пераможам і... ну каго-небудзь яшчэ.

А з Турцыяй, мяркую, адносіны адновяцца даволі хутка. Рэжымы ж падобныя, проста, як сказана ў Пісанні, «свая сваіх не познаша».

Што атрымаў Мінск ад сваёй нейтральнай пазіцыі ў канфлікце? Напэўна, не прайграў. Расія, праўда, гэтую дэманстрацыю саюзніцкай «вернасці» не забудзе, але пры іншай лініі Анкара мірылася б з Масквой, а не з Мінскам, і Мінск апынуўся б у крыху дурнаватай пазіцыі. А так... Лукашэнка ж казаў, што «братэрская Расія» і «сяброўская Турцыя» мусяць памірыцца і абавязкова памірацца. Яны і памірыліся. Капітуляцыя — таксама адзін з варыянтаў міру.

Карбалевіч: Я б асцярогся назваць гэта капітуляцыяй. Найперш, варта зьвярнуць увагу, што турэцкі бок разглядае сваё пасланне Маскве не як прабачэнне, якое прынесенае толькі сям’і загіблага афіцэра, а як спачуванне і шкадаванне за інцыдэнт з расійскім самалётам.

Думаю, галоўная прычына такога кроку Анкары — гэта эканамічныя страты. Забарона Пуціна на паездкі расійскіх турыстаў у Турцыю моцна ўдарыла па турэцкай турыстычнай сферы. Бо доля расійскіх грамадзянаў сярод тых, хто адпачываў у Турцыі, была вялікай. Таксама турэцкі капітал у Расіі меў добрыя пазіцыі, і канфлікт моцна ўдарыў па турэцкім бізнэсе.

Але, думаю, акрамя чыста эканамічных чыннікаў існуюць і іншыя, геапалітычныя прычыны. Нагадаю, што да гэтага інцыдэнту з самалётам дачыненні Расіі і Турцыі былі даволі добрыя.

Не выпадкова, адначасова прыйшло паведамленне, што нармалізуюцца дачыненні Турцыі з Ізраілем, якія былі сапсаваныя некалькі гадоў таму, калі ізраільскі спецназ захапіў турэцкае судна. На ўзаемнай аснове вяртаюцца амбасадары двух краін.

Справа ў тым, што апошнія падзеі, звязаныя з Ісламскай дзяржавай (ІД), моцна перакроілі ўсю геапалітычную сытуацыю на Блізкім Усходзе, зламалі старую канструкцыю, прывялі у рух шмат якія працэсы.

Вось, напрыклад, вайна з ІД вельмі ўзмацніла курдскі рух. Курды аказаліся аднымі з важных праціўнікаў ісламістаў, іх падтрымалі ЗША. Можа ўпершыню за многія дзесяцігоддзі курды атрымалі больш спрыяльныя ўмовы для стварэння сваёй дзяржавы. У Іраку курдскі рэгіён мае сваю вялікую аўтаномію. Дэ факта — курды там маюць ўсе атрыбуты незалежнай дзяржавы. Узмацніліся курды і ў Сырыі на тле вайны з ісламістамі. Лагічна, што і турэцкія курды актывізаваліся. Масква можа моцна нашкодзіць Турцыі, калі пачне падтрымліваць курдаў, даваць ім сучасную зброю.

Таму для Анкары ўсё гэта вельмі небяспечна. І яна палічыла за лепшае пайсьці на прымірэнне з Расіяй.

Цыганкоў: Турэцкае кіраўніцтва вырашыла, што немагчыма змагацца адразу на некалькі франтоў — і з Масквой, і з Брусэлем, і з Тэль-Авівам. Пасьля нейкага дастаткова эмацыйнага ўсплёску з-за збіцця расійскага самалёту ў лістападзе мінулага году, разлічыўшы ўсе за і супраць, Эрдаган і новы прэм’ер-міністар вырашылі, што замірэнне з Масквой будзе адпавядаць доўгатэрміновым палітычным мэтам.

Відавочна, што няма ніякай пэрспектывы ў далейшым процістаянні з Масквой. Магчыма, нейкія палітычныя бонусы, нават падвышэнне папулярнасці, былі атрыманыя. Многія аглядальнікі казалі, што гэтыя два лідэры, Эрдаган і Пуцін, падобныя паводле сваіх палітычных біяграфій і філасофіі — з прэтэнзіямі на імідж альфа-самца, крутога хлопца. На гэтым іміджы адыгралася ўся гэтая кампанія, якая была пасля збіцця расійскага самалёту. Цяпер, калі наладзяцца адносіны з Масквой, Турцыя можа палохаць той жа Еўразвяз сваімі патэнцыйна сяброўскімі адносінамі з РФ. Калі ўсё пакінуць так, як ёсць, краіна апынаецца ў стане, што ў яе зусім няма саюзьнікаў. Нават з ЗША — Анкара і Вашынгтон зараз не надта разумеюць адна аднаго. Турцыя вырашыла паставіць сябе на месца, на якім у яе больш козыраў.

Паводле Радыё Свабода

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: