Чаму ІНП апраўдвае дзеянні Рамуальда Райса «Бурага»?

Рамуальд Райс «Буры» невінаваты? У гэтым спрабуюць запэўніць у дакуменце, апублікаваным 11 сакавіка на сайце польскага Інстытута Нацыянальнай Памяці.

Фота з сёлетняга Маршу ў Гайнаўцы ў гонар выклятых жаўнераў

Фота з сёлетняга Маршу ў Гайнаўцы ў гонар выклятых жаўнераў



У тэксце, які не мае аўтара, вынікі следства ад 2005 году, згодна з якімі дзеянні “Бурага” носяць прыкметы генацыду, называюцца “не зусім адпаведнымі фактычнаму стану рэчаў”.

Прафесар Алег Латышонак, каментуючы гэты дакумент, адзначае, што невядомы аўтар (або аўтары) спасылаюцца на некалькі артыкулаў і кнігу:

– Цяжка зразумець, на падставе чаго створаны гэты дакумент. Ён супярэчыць вынікам следства, якое праводзіла Камісія па даследаванні злачынстваў супраць польскай нацыі. І калі нехта ў Інстытуце Нацыянальнай Памяці, прачытаўшы тры артыкулы і кніжку, прыйшоў да высновы, што раней нешта не так было, то следства павінна быць узноўленае. Таксама невядома, хто фактычна за гэтым дакументам стаіць, бо ніхто яго канкрэтна не падпісаў. Я лічу, што гэта абсалютнае непаразуменне. “Аспрэчыць вынікі ранейшага следства можа толькі і выключна новае следства”, – падкрэслівае Алег Латышонак.

У апублікаваным ІНП дакуменце сцвярджаецца, што адзінае законнае рашэнне ў справе Рамуальда Райса “Бурага” ёсць рашэнне Варшаўскага суда вайсковай акругі ад 1995 году, якое скасавала смяротны прысуд “Бураму” ды яго намесніку Казімежу Хмелёўскаму “Рэкіну” ад 1949 года. Апошні сказ апублікаванага 11 сакавіка на сайце ІНП дакумента сцвярджае, што ў святле закона Рамуальд Райс і Казімеж Хмелёўскі з’яўляюцца невінаватымі.

Алег Латышонак пракаментаваў сам факт з’яўлення гэтага дакумента на сайце Інстытута Нацыянальнай Памяці:

 – Здаўна бачым, што адбываецца ў ІНП, якія людзі туды трапляюць на працу, і можна было спадзявацца, што нешта такое адбудзецца. Гэта проста знак часу.

 РР: Ці гэта можа быць элементам запалохвання?

 – Можна фактычна ўспрыняць гэта і так, што гэта запалохванне тых, якія кажуць, што “Буры” быў злачынцам. Можна так зразумець, бо фактычна без ніякай законнай прычыны гаворыцца пра тое, што следства – не важнае, а рашэнне суда – важнае. А калі так, то з гэтага камунікату выходзіць, што той, хто назаве “Бурага” злачынцам – скажа няпраўду. Публічная дыскусія на тэму “Бурага” ды яго чынаў ідзе безупынна, і “нам давядзецца доўга змагацца за праўду”, – дадаў прафесар Алег Латышонак. На яго думку, трэба надалей спакойна і метадычна выконваць сваю працу, у тым ліку па ўвекавечванні памяці пра ахвяр Рамуальда Райса “Бурага”.

Рамуальд Райс “Буры” – адзін з кіраўнікоў антыкамуністычнага падполля, які адказны за забойства 79 мірных жыхароў беларускіх вёсак на Беласточчыне. Беларускае гістарычнае таварыства і фонд Камунікат.org падрыхтавалі выставу “Наша памяць”, прысвечаную злачынствам “Бурага”. Выстава стала вынікам навуковай экспедыцыі сябраў названых арганізацый, а таксама археолагаў, якія правялі рэгістрацыю помнікаў і пахаванняў ахвяраў рэйду “Бурага”.

Яна Запольская, racyja.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!