Чаму вучыць украінская школа?

У гэтай школе паважаюцца правы дзіцяці. Яе дзейнасць грунтуецца на выбарнасці дырэктара тэрмінам не больш за шэсць гадоў, а таксама на вучнёўскім самакіраванні «Вулік» і свабодзе выбару для вучняў.

Разам з беларускімі калегамі ўдзельнічаў у дыскусіі па выхаванню, што адбылася ў сярэдняй школе з эстэтычным ухілам сяла Залісы Ратнаўскага раёну Валынскай вобласці Украіны.


Дыскусія — працяг абмену вопытам у вясковых суполках Украіны і Беларусі праекту «Праз вывучэнне культуры суседняга народу — да ўстойлівага партнэрства і паразумення» ў рамках Еўразвязаўскай праграмы тэрытарыяльнай супрацы краінаў Усходняга партнёрства «Беларусь-Україна».
Гасцей вітала намесніца дырэктара Залісаўская сярэдняй школы па выхаваўчай рабоце  Вольга Карацінская

Гасцей вітала намесніца дырэктара Залісаўская сярэдняй школы па выхаваўчай рабоце Вольга Карацінская

Залісы — цэнтр сельскай рады на Валыні. Плошча сяла 779 га, а з угоддзямі — 3.843 га. У адным кіламетры на поўнач ад сяла — прасторы возера Тор. На захаде Залісаў — меліяраваныя землі на месцы раней непраходнай багны. З усходу і поўдня сяло атачаюць вялікія лясы, сярод якіх у чатырох кіламетрах ад Залісаў ляжыць возера Турэчна.

Першая пісьмовая згадка пра сяло адносіцца да 1499 году. Ужо праз два гады ў Залісах было 11 дворышчаў — вялікіх гаспадарак. Цяпер у сяле жывуць каля 1430 чалавек. У школе, заснаванай 14 лістапада 1874 году як царкоўнапрыхадская, навучаецца 141 дзіця.  
За кубачкам кавы з гісторыяй мясцовай школы пазнаёміла яе дырэктарка Валянціна Карпук

За кубачкам кавы з гісторыяй мясцовай школы пазнаёміла яе дырэктарка Валянціна Карпук

Навучэнцам вельмі ўтульна ў доўгім старым аднапавярховым зрубе, дзе месціцца школа. Камфорт стварае не толькі гэты хораша дагледжаны будынак з добрай натуральнай вентыляцыяй і мноствам хатніх раслінаў, але сама атмасфера вельмі цёплага, клапатлівага і прыязнага стаўлення да дзяўчынак і хлопчыкаў. Школа вучыць здароваму ладу жыцця, а таму дарыць радасць сваім выхаванцам.

Выкарыстоўваючы лепшыя ўзоры айчыннага і замежнага педагагічнага вопыту, у тым ліку Баўгарыі, ЗША,
Польшчы і Фінляндыі, школа ў Залісах узяла ад іх гуманістычныя, грамадзянскія і дэмакратычныя
каштоўнасці, нацыянальны, патрыятычны і эмацыйны складнікі, практыку і рэлаксацыю.

На гэтых падставовых фактарах выхоўваюцца розныя кампетэнцыі вучняў, у тым ліку грамадзянская.  
Намесніца дырэктара сярэдняй школы аграгарадку Дзівін  Кобрынскага раёну Аляксандра Данілюк падзялілася вопытам працы па эстэтычнаму выхаванню школьнікаў 

Намесніца дырэктара сярэдняй школы аграгарадку Дзівін Кобрынскага раёну Аляксандра Данілюк падзялілася вопытам працы па эстэтычнаму выхаванню школьнікаў 

Шанаванне правоў дзіцяці і ўвага да іх матывуюць настаўнікаў, ствараюць у школе дух шчырасці, даверу і цярпімасці. А каб школа была адкрытай, цікавай і сучаснай, дзейнасць вучэбнай установы грунтуецца на выбарнасці дырэктара школы на конкурснай аснове тэрмінам не больш за шэсць гадоў, а таксама на вучнёўскім самакіраванні «Вулік» і свабодзе выбару для вучняў.
Разам з вучнямі дарослыя ўдзельнічалі ў квесце “Праз гульню да пазнання асветы, культуры, спорту суседніх народаў”

Вось чаму школа дае сваім навучэнцам мажлівасць рэалізаваць сябе ў куточку музычнага выхавання, у гуртках спартыўных, спеўным, танцавальным, фальклёрным, дэкаратыўнага роспісу і ўкраінскай нацыянальнай вышыўкі, а таксама падчас падрыхтоўкі і адзначэння шматлікіх нацыянальных святаў і памятных датаў, такіх, да прыкладу, як Свята ўкраінскай песні і Дзень памяці ахвяраў таталітарызму.  
.
Вялікую ролю ў патрыятычным выхаванні вучняў мае такі кансалідуючы нацыю фактар, як адзіная дзяржаўная мова краіны — украінская, а таксама пастаянная прысутнасць у школе яе духоўніка — айца Валянціна, які разам з жонкай Таццянай вядзе нядзельную духоўную школу і дзіцячы духоўны хор «Передзвін».

Пра штодзённую працу з дзецьмі апавёў праваслаўны святар, настаяцель храму Параскевы Сербскай с. Залісы, арганізатар нядзельнай духоўнай школы айцец Валянцін (Касянчук)

Пра штодзённую працу з дзецьмі апавёў праваслаўны святар, настаяцель храму Параскевы Сербскай с. Залісы, арганізатар нядзельнай духоўнай школы айцец Валянцін (Касянчук)

І апошняе. У выніку працэсаў дэсаветызацыі і дэкамунізацыі грамадства, якія адбываюцца ва Украіне ў апошнія гады, у школьныя падручнікі прыйшла гістарычная праўда пра славутае мінулае ўкраінскага народу, пра ягоных сапраўдных, а не прыдуманых герояў, пра пакуты і страты нацыі, якая захавалася насуперак Галадамору, ГУЛАГу і шматлікім войнам з захопнікамі.

Вельмі важна, што пантэон будзіцеляў нацыі па праву ўзначальвае бацька ўкраінцаў, змагар, паэт і мастак Тарас Шаўчэнка, імя якога ва Украіне ўшанавана паўсюдна.

Вяртаўся ў Беларусь з надзеяй, што вопыт сучаснай вольнай і дэмакратычнай украінскай
школы некалі прыдасца і нам — беларусам у справе вызвалення айчыннай сістэмы адукацыі ад путаў русіфікацыі, фармалізму і прымусу.  

Фота аўтара                  .


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!